Санкцыі ўступаюць у дзеяньне неадкладна і будуць адпавядаць рашэньням Эўразьвязу ад 6 лістапада, гаворыцца ў паведамленьні швайцарскага ўраду.
Швайцарыя заклікала Беларусь «паважаць свае міжнародныя абавязаньні ў правах чалавека. Сярод іх павага да свабоды выказваньняў, сходаў і асацыяцый, вызваленьне тых, хто быў адвольна затрыманы, і расьсьледаваньне абвінавачаньняў у катаваньнях і жорсткім абыходжаньні з боку сілаў бясьпекі».
У паведамленьні таксама адзначаецца, што Швайцарыя ўводзіць асобнае эмбарга на пастаўкі ў Беларусь зброі і тавараў, якія могуць быць скарыстаня для ўнутраных рэпрэсій. Эўразьвяз увёў такое эмбарга ў 2011 годзе.
У дадатковым сьпісе Эўразьвязу, прынятым 6 лістапада, наступныя асобы:
- Аляксандар Лукашэнка
- Віктар Лукашэнка — памочнік прэзыдэнта па нацыянальнай бясьпецы
- Ігар Сергеенка — кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта
- Іван Тэртэль — старшыня КДБ
- Раман Мельнік — начальнік Галоўнай управы аховы правапарадку і прафіляктыкі МУС
- Іван Наскевіч — старшыня Сьледчага камітэту
- Аляксей Волкаў — былы першы намесьнік старшыні Сьледчага камітэту, цяпер старшыня Дзяржаўнага камітэту судовых экспэртызаў
- Сяргей Аземша — намесьнік старшыні Сьледчага камітэту
- Андрэй Смаль — намесьнік старшыні Сьледчага камітэту
- Андрэй Паўлючэнка — кіраўнік Апэратыўна-аналітычнага цэнтру пры прэзыдэнце
- Ігар Бузоўскі — намесьнік міністра інфармацыі
- Натальля Эйсмант — прэс-сакратарка прэзыдэнта
- Сяргей Зубкоў — камандзір групы «Альфа» (спэцназ)
- Андрэй Раўкоў — былы дзяржаўны сакратар Рады бясьпекі
- Пётра Міклашэвіч — старшыня Канстытуцыйнага суду
Прычынамі санкцыяў сталі рэпрэсіі і запалохваньне мірных дэманстрантаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, у прыватнасьці — адвольныя арышты і жорсткае абыходжаньне, у тым ліку катаваньне, а таксама запалохваньне журналістаў і гвалт над імі. Таксама — парушэньні правілаў прэзыдэнцкіх выбараў, невыкананьне асноўных міжнародных стандартаў справядлівасьці і празрыстасьці выбараў, фальсыфікацыя вынікаў выбараў, адхіленьне на ўяўных падставах ад выбарчай кампаніі апазыцыйных кандыдатаў, стварэньне абмежаваньняў для назіральнікаў на выбарчых участках, перадузятае фармаваньне выбарчых камісіяў.