Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хіжынкову запомніў, таму што прыгожая». «Міс Беларусь-2008» асудзілі на 12 сутак арышту


Вольга Хіжынкова
Вольга Хіжынкова

11 лістапада ў судзе Заводзкага раёну Менску асудзілі «Міс Беларусь — 2008», былую прэс-сакратарку берасьцейскага «Дынама» Вольгу Хіжынкову. За «ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве» Вользе прысудзілі 12 сутак арышту, паведамляе Tut.by.

Вольга Хіжынкова ў судзе віну не прызнала. Расказала, што 8 лістапада ішла з кветкамі віншаваць сяброўку. Першы раз яе тлумачэньне сілавікі прынялі і адпусьцілі, другі раз, у раёне Катэдральнага сабору — затрымалі. Паводле Вольгі, ніякага шэсьця людзей у месцы затрыманьня не было — усё як у звычайны дзень. Ніякіх лёзунгаў яна не выкрыквала. У аўтазаку, паводле Хіжынковай, распылілі газ, хоць ехалі толькі дзяўчаты і ніхто не супраціўляўся.

Сьведка абвінавачаньня на судзе быў у балаклаве, назваўся Вадалазавым. Паводле яго, Вольга прымала ўдзел у шэсьці, крычала лёзунгі супраць улады, яе папярэдзілі, што шэсьце незаконнае. Таксама Вадалазаў сьцьвярджаў, што Вольгу затрымалі на праспэкце Пераможцаў. Сказаў, што запомніў Хіжынкову, «таму што прыгожая дзяўчына».

Судзьдзя сышла на нараду, пасьля якой справу накіравалі на дапрацоўку. Праз 3 гадзіны суд аднавіўся. У пратаколе выправілі час затрыманьня, бо паказаньні Хіжынковай супярэчылі таму, што сказаў сьведка. Таксама сьведка не запомніў прозьвішча супрацоўніка РУУС, які яго апытваў, і паколькі той «быў у балаклаве», не запомніў і яго зьнешнасьць. Адвакат прасіў выклікаць у якасьці сьведак участковых, якія складалі пратаколы, але судзьдзя запыт адхіліла.

Выніковае рашэньне суду — 12 сутак арышту.

Пасьля выбараў Вольга Хіжынкова неаднаразова выказвала сваё меркаваньне пра сытуацыю ў Беларусі і выступала супраць гвалту. У верасьні яна страціла працу ў Нацыянальнай школе прыгажосьці з прычыны сваёй актыўнай грамадзянскай пазыцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG