Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сілавікі жорстка разагналі «Марш народаўладзьдзя» ў Менску. Больш за 1000 затрыманых

абноўлена

Падчас нядзельнага маршу ў Менску
Падчас нядзельнага маршу ў Менску

Сотні мірных дэманстрантаў затрымалі ў Менску і іншых гарадах Беларусі падчас традыцыйнага нядзельнага маршу прыхільнікаў пераменаў. Праваабаронцы паведамляюць пра больш чым 1000 затрыманых.

Сьцісла

  • Сілавікі зноў ня далі правесьці паўнавартасны марш у Менску.
  • Другую нядзелю запар людзей на нядзельныя маршы выходзіць меней, чым раней.
  • Нідзе ў рэгіёнах масавых вулічных акцыяў зноў не было.
  • Людзей у цэнтры гораду жорстка затрымлівалі, блякавалі, акружалі групы дэманстрантаў, каб ня даць ім аб’яднацца ў большыя калёны.
  • Нягледзячы на гэта, дэманстрантам удалося прынамсі двойчы сфармаваць калёны па некалькі тысяч чалавек і выйсьці на праезную частку — каля стэлы «Менск — горад-герой» і на вуліцы Багдановіча.​
  • Шматлікія відэа засьведчылі беспадстаўны гвалт сілавікоў над мірнымі пратэстоўцамі. Сілу ўжывалі і да старых людзей, і да жанчын.

Чарговая акцыя пратэсту называлася «Марш народаўладзьдзя». У Менску яе ўдзельнікі спрабавалі сабрацца каля гарадзкой ратушы, але ім гэта не ўдалося.

Канцэнтрацыя сілавікоў сёньня была асабліва высокай — ёсьць інфармацыя, што іх зьвезьлі ў сталіцу зь іншых гарадоў.

На мікрааўтобусах сілавікоў нумары розных рэгіёнаў Беларусі
На мікрааўтобусах сілавікоў нумары розных рэгіёнаў Беларусі

Любыя спробы пратэстоўцаў сабрацца ў розных пунктах гораду сутыкаліся з жорсткімі затрыманьнямі.

Тым ня менш дэманстрантам удалося прынамсі двойчы сфармаваць калёны па некалькі тысяч чалавек і выйсьці на праезную частку — каля стэлы «Менск — горад-герой» і на вуліцы Багдановіча. Аднак у абодвух выпадках пратэстоўцаў разагналі. Праспэкты і вуліцы, якімі ішлі дэманстранты, а таксама бліжэйшыя двары ачапілі сілавікі, затрыманьні адбываліся ў розных месцах.

Жорсткае затрыманьне на праспэкце Пераможцаў у Менску
Жорсткае затрыманьне на праспэкце Пераможцаў у Менску

Паасобныя адвольныя затрыманьні ішлі ў Менску і пасьля таго, як сілавікі ачысьцілі цэнтар гораду ад дэманстрантаў. Супрацоўнікі АМАП, ГУБАЗіК, ДАІ і іншых сілавых службаў ганяліся за людзьмі ня толькі па вуліцах, але і ў гандлёвых цэнтрах — у наведнікаў правяралі рэчы на наяўнасьць бел-чырвона-белых сьцягоў.

На вуліцы Мельнікайце адбылося надзвычайнае здарэньне, падрабязнасьці якога пакуль невядомыя. У тэлеграм-каналах зьявіліся фота і відэа, як непрытомны мужчына ляжыць на зямлі ў акружэньні сілавікоў. Мужчыну паклалі на насілкі і павезьлі на машыне хуткай дапамогі.

Праваабаронцы паведамляюць пра больш чым 900 затрыманых (на 23.40) у Менску, Бабруйску, Віцебску, Гомлі, Ляхавічах.

Сярод затрыманых у сталіцы — дзесяціборац і срэбны мэдаліст Алімпіяды-2008 Андрэй Краўчанка, шматразовы чэмпіён Беларусі ў тайскім боксе і кікбоксінгу Іван Ганін, фотамадэль і «Міс Беларусь» 2008 году Вольга Хіжынкова, актор Аляксандар Ждановіч, які грае Маляваныча ў «Калыханцы», гісторык і мовазнаўца з Акадэміі навук Алесь Жлутка, актор і рэжысэр Беларускага свабоднага тэатру Юра Дзівакоў-Душэўскі. Таксама быў затрыманы сябра Каардынацыйнай рады палітоляг Андрэй Ягораў.

У ліку затрыманых былі і журналісты: карэспандэнт БелаПАН Ян Аўсеюшкін, Арцём Лява, Яўген Шапчыц, фотажурналісты Сьвятаслаў Зоркі (пазьней адпусьцілі) і Віктар Талочка, Алена Шабуня (у Віцебску).

Сёньняшняя нядзельная акцыя стала трынаццатай пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня. Прыхільнікі пераменаў ува ўсёй Беларусі надалей патрабуюць адстаўкі Лукашэнкі, новых сумленных выбараў, вызваленьня палітвязьняў, а таксама адказнасьці за пабіцьцё і катаваньні мірных дэманстрантаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG