Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З гомельскага сухотнага шпіталю звольнілі лекара, які трапіў на «суткі»


Мікалай Козіч на судзе
Мікалай Козіч на судзе

11 лістапада з Гомельскага абласнога шпіталю звольнілі лекара-фтызіятра Мікалая Козіча. 26 кастрычніка ён выйшаў да шпіталю з плякатам «Жыве Беларусь» і атрымаў 15 дзён арышту.​

«Сёньня першы дзень на працы пасьля „сутак“. Выклікалі ў аддзел кадраў і ўручылі працоўную кніжку», — паведаміў Мікалай Козіч.

Ён малады спэцыяліст, адпрацоўваў бясплатную адукацыю ў сухотным шпіталі. Апроч працы па спэцыяльнасьці — фтызіятрыя — браў дзяжурства ў пульманалёгіі. У жніўні ў Мікалая пачаўся другі год адпрацоўкі. У верасьні ён быў у гасьцях у бацькоў у Жлобіне і трапіў пад затрыманьне пасьля акцыі пратэсту. Тады Мікалай адсядзеў восем дзён у жлобінскім ІЧУ. Разам зь ім затрымалі ягоных маці, жонку, сястру і мужа сястры. Жанчыны атрымалі штрафы, мужчыны — па восем сутак.

«Цяпер я разважаю, куды мне падацца, дзе знайсьці працу. У аддзеле кадраў мне паказалі дзьве вымовы, якія я „атрымаў“, пакуль сядзеў на „сутках“, і загад на звальненьне. Вымовы — мэтадычна шукалі, да чаго прычапіцца, пакуль я сядзеў. І знайшлі — аналіз крыві, напрыклад, прызначыў ня я, а загадчыца аддзяленьня, і так далей. У загадзе на звальненьне пазначылі, што за невыкананьне працоўных абавязкаў. Яшчэ да звальненьня і „сутак“ да мяне была пільная ўвага за маю грамадзянскую пазыцыю. Начальства перад выходнымі цікавілася, што я зьбіраюся рабіць у нядзелю (маюцца на ўвазе акцыі пратэсту). Пасьля пыталіся, як прайшлі мае выходныя», — зазначыў лекар.

Сухотны шпіталь — адзіны ў Гомлі, як не вяртаўся пасьля першай хвалі COVID-19 да «нармальнага жыцьця». Тут працягвалі ўвесь час лячыць людзей з каранавірусам. «Цяпер таксама пацыентаў з COVID-19 у шпіталі дастаткова», — дадаў Мікалай Козіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG