Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Раней палявалі на раварыстаў, цяпер на музыкаў», — як затрымліваюць музыкаў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Вечарам 4 кастрычніка ў менскую музычную студыю ўварваліся людзі ў чорным і жорстка затрымалі больш за 10 музыкаў.

У сераду з прычыны дажджу дваровыя канцэрты амаль паўсюль былі адмененыя. Барабаншчыкі з гурту «Патрабуем разысьціся» разам зь іншымі музыкамі ўвечары праводзілі рэпэтыцыю ў адной з гуказапісвальных студый.

«Музыкі павінны былі да 21-й гадзіны рэпэтаваць, і хвілін 15 яны не дайгралі. Такое ўражаньне, што прыйшлі мэтанакіравана па іх. Там былі ня толькі барабаншчыкі, была такая „зборная салянка“. У студыю ўварваліся людзі і ў АМАПаўскай форме, у шлемах, і проста ў цывільным. Забралі блізу дзясятка чалавек.

Пару чалавек позна ўвечары адпусьцілі, бо адзін хлопец вярнуўся „прабіць“ пропуск на машыну. Падзяліўся, што ў музыкаў такое адчуваньне, што хтосьці канкрэтна здаў, паведаміў, дзе будзе рэпэтыцыя», — сказаў Свабодзе на ўмовах ананімнасьці адміністратар адной з музычных студый.

«Паклалі «мордай у падлогу»

Музыка Павал Трыпуць раніцай вярнуўся з Масквы з канцэртаў гурту «Трубяцкі», Пра масавае затрыманьне музыкаў даведаўся ад калег. Напісаў эмацыйны пост у фэйсбуку.

Павал кажа, што размаўляў зь відавочцам: затрыманьне было жорсткае.

Павел Трыпуць
Павел Трыпуць

«Учора на трох студыях быў „хапун“. Паклалі „мордай у падлогу“. Прабілі чарговае дно, хаця здавалася, што ўжо 26 гадоў прабіваем.

Я таксама займаюся дваровымі канцэртамі: гралі і зь Лявонам Вольскім у маім двары, зьбіраліся заўтра зайграць зь Ігарам Варашкевічам. Цяпер ня ведаю, што рабіць — ня хочацца падстаўляць музыкаў.

Мне падаецца, што баяцца ўжо музыкаў, запалохваюць. Прычым пакуль бяруць маладых, менш раскручаных музыкаў, каб запалохаць больш папулярных і вядомых», — мяркуе Павал Трыпуць.

«Аштрафавалі дырыжораў. Затрымалі бубначоў, віялянчэліста. Цяпер шукаюць «блукаючы хор»

Музыка Аляксандар Памідораў сам пацярпеў — яго затрымалі адным зь першых сярод музыкаў. Гэта здарылася 19 верасьня, пасьля імправізаванага канцэрту на менскай вуліцы Ангарскай. Адседзеў 8 сутак на Акрэсьціна. Памідораў мяркуе, што паўтараецца 1937 год, а змаганьне з музыкамі вядзецца сталінскімі мэтадамі.

Аляксандар Памідораў
Аляксандар Памідораў

«Пазаўчора ў сквэры за „Рыгай“ арыштавалі музыкаў з праекту „Радыё Карантын“. Прычым так подла: пасьля канцэрту людзі, якія прыкінуліся прыхільнікамі, прапанавалі „падвезьці музыкаў“. Пару чалавек згадзіліся — іх даставілі проста ў Савецкае РУУС.

Учора ў філярмоніі віялянчэліста і харавіка з рэпэтыцый выклікалі ў аддзел кадраў, а там іх ужо чакалі. Ясная справа, „здалі“ свае ж, стукачы, людзі бесталентныя, якія папросту зводзяць рахункі зь нязгоднымі. З опэрнага тэатру звольнілі скрыпачоў і альтыстаў.

Арыштавалі і аштрафавалі дырыжораў. Затрымалі бубначоў, якія ўдзельнічаюць у Маршах. Цяпер шукаюць „блукаючы хор“, які раптоўна зьяўляецца ў гандлёвых цэнтрах ці ў мэтро і сьпявае.

Раней ворагамі былі раварысты, а цяпер музыкі», — заўважае Аляксандар Памідораў.

«Цяпер „наедуць“ на музычныя студыі»

Што да жорсткага затрыманьня музыкаў ужо не пасьля канцэртаў, а амаль на працоўным месцы — у рэпэтыцыйнай студыі, спадар Памідораў мяркуе, што такім чынам улада спрабуе змагацца з дваровымі канцэртамі.

«Гэта рэпэтыцыйнае памяшканьне, дзе ёсьць камплект апаратуры, якую здаюць у арэнду музыкам. Гаспадары студый — як правіла, самі былыя музыкі, адміністратары вядомых клюбаў. Яны па-суседзку, па-сяброўску прапануюць дапамогу музыкам, даюць магчымасьць рэпэтаваць, таксама прапануюць дапамогу з гукаўзмацненьнем дваровых канцэртаў. Цяпер „наедуць“ на гэтыя музычныя студыі.

Па ўзроўні ідыятызму дзеяньняў улады я магу спрагназаваць, што нас чакае пераліцэнзаваньне гэтых студый, татальная інвэнтарызацыя апаратуры — як гэта было ў савецкія часы з друкаркамі», — разважае Аляксандар Памідораў.

Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», сярод затрыманых у сераду былі Антон Карыцкі, Алена Панамарова, Максім Корзун, Аляксандар Гадоўнікаў, М.А.Галянтава, А.В. Бержнікаў, Ціматэ Суладзэ, Іван Мінчанка, Іван Кабашнікаў. Мікіту Камянецкага сілавікі выцягнулі з таксі, калі ён зьяжджаў з двара ў Малінаўцы, дзе граў канцэрт, і павезьлі ў Маскоўскае РУУС, а Ціматэ Суладзэ затрымалі ў Сухараве.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG