Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Увечары ў Менску затрымалі больш за 10 музыкаў

абноўлена

Ілюстрацыйнае фота. Канцэрт на «плошчы Пераменаў»
Ілюстрацыйнае фота. Канцэрт на «плошчы Пераменаў»

Увечары 4 лістапада ў Менску затрымалі больш за 10 музыкаў, піша праваабарончы цэнтар «Вясна». Сярод затрыманых калектыў барабаншчыкаў «Патрабуем разысьціся», які даваў дваровыя канцэрты ў розных раёнах Менску.​

Адначасова з гэтым у розных раёнах сталіцы затрымалі яшчэ некалькі музыкаў, якія давалі дваровыя канцэрты.

Вядома, што сярод затрыманых былі: Антон Карыцкі, Алена Панамарова, Максім Корзун, Аляксандар Гадоўнікаў, М.А.Галянтава, А.В. Бержнікаў, Ціматэ Суладзэ, Іван Мінчанка, Іван Кабашнікаў. Мікіту Камянецкага сілавікі выцягнулі з таксі, калі той зьяжджаў з двара ў Малінаўцы, дзе граў канцэрт. Музыку павезьлі ў Маскоўскі РУУС.

Масавыя затрыманьні музыкаў пачаліся на пачатку лістапада.

Вечарам 3 лістапада каля ГЦ «Рыга» пасьля вулічнага канцэрта затрымалі бас-гітарыста соўл-гурта Dee Tree Філіпа Петчанку, гітарыста фольк-гурта Vuraj Івана Арцімовіча, музыканта фольк-гурта Irdorath Андрэя Аляксеенку, а таксама літаратараў Сяргея Мядзьведзева і Аляксандра Беліка. Як стала вядома БелаПАН, разам зь імі затрымалі двух мясцовых жыхароў. Адміністрацыйныя справы паводле арт. 23.34 КоАП (парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў) у дачыненьні да чатырох з іх разглядаліся ў адным з мінскіх судоў 4 лістапада. Усе пратаколы накіравалі ў міліцыю на дапрацоўку, затрыманыя застаюцца пад вартай.

4 лістапада сілавікі на працоўным месцы затрымалі артыстаў Беларускай дзяржаўнай філярмоніі харавога сьпевака Дзяніса Іванова і віялянчэліста Аляксандра Сердзюкова.

2 лістапада позьнім вечарам невядомыя затрымалі выкладчыцу Менскага дзяржаўнага каледжу мастацтваў Тацяну Галузу. Дырыгентку Галіну Казіміроўскую схапілі 29 кастрычніка, пасьля трох дзён на Акрэсьціна аштрафавалі на 810 рублёў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG