Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У АБСЭ рыхтуецца маніторынгавая місія для расьсьледаваньня падзей у Беларусі


Штаб-кватэра АБСЭ у Вене
Штаб-кватэра АБСЭ у Вене

17 краін — чальцоў АБСЭ сёньня заявілі аб ініцыяваньні Маскоўскага мэханізму ў АБСЭ для расьсьледаваньня падзей у Беларусі. З заявай пра гэта ад імя 17 краін выступіў на пасяджэньні Рады АБСЭ прадстаўнік Вялікай Брытаніі Нэйл Буш.

Бэльгія, Канада, Чэхія, Данія, Фінляндыя, Францыя, Ісьляндыя, Латвія, Літва, Нарвэгія, Нідэрлянды, Польшча, Румынія, Славаччына, Вялікая Брытанія і ЗША ў сумеснай заяве падтрымалі ідэю спрыяньня нацыянальнаму дыялёгу ў Беларусі. Краіны — чальцы АБСЭ неаднаразова зьвярталіся да беларускага боку, але іх звароты засталіся без адказу.

Маскоўскі мэханізм АБСЭ дазваляе правесьці пад эгідай АБСЭ расьсьледаваньне падзей і прадставіць пра гэта справаздачу. Першы раз Маскоўскі мэханізм у дачыненьні да Беларусі быў ініцыяваны ў красавіку 2011 году, пасьля масавых рэпрэсіяў, якія адбыліся пасьля выбараў 2010 году.

Па правілах АБСЭ, мэханізм можа быць запушчаны 10-ю дзяржавамі-ўдзельніцамі без папярэдніх перамоваў зь дзяржавай, адносна якой прапануецца правесьці дасьледаваньне.

Прадстаўнік Вялікай Брытаніі адзначыў, што місія экспэртаў павінна сабраць інфармацыю па наступных праблемах:

  • парушэньні правоў чалавека, у тым ліку запалохваньне і перасьлед палітычных актывістаў, кандыдатаў, журналістаў, юрыстаў, прафсаюзных актывістаў і праваабаронцаў,
  • затрыманьні будучых кандыдатаў у прэзыдэнты,
  • фальсыфікацыя выбараў;
  • абмежаваньні доступу да інфармацыі, у тым ліку адключэньне інтэрнэту,
  • празьмернае ўжываньне сілы супраць мірных дэманстрантаў,
  • адвольныя альбо незаконныя арышты і затрыманьні,
  • пабоі,
  • сэксуальны і гендэрны гвалт,
  • выкраданьні людзей і гвалтоўныя зьнікненьні,
  • катаваньні і іншыя жорсткія, бесчалавечныя спосабы абыходжаньня альбо пакараньня, а таксама поўная беспакаранасьць за ўсе гэтыя дзеяньні.

Акрамя ўстанаўленьня фактаў і паведамленьня пра іх, мы заклікаем місію экспэртаў прапаноўваць рэкамэндацыі і даваць парады Беларусі, АБСЭ і міжнароднай супольнасьці адносна магчымых шляхоў вырашэньня праблемаў, — заявіў брытанскі прадстаўнік у АБСЭ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG