У звароце на сайце savepandadoc.org прадстаўнікі кампаніі PandaDoc, якая трапіла пад перасьлед у сувязі з ініцыятывай працаўладкаваньня былых сілавікоў, якія звальняюцца на хвалі пратэстаў, запатрабавалі ад уладаў спыніць рэпрэсіі і вызваліць іхных калег.
Цяпер у зьняволеньні знаходзяцца 4 прадстаўнікі кампаніі:
- Юлія Шардыка, галоўны бухгальтар
- Дзьмітры Рабцэвіч, дырэктар
- Віктар Куўшынаў, дырэктар прадукту
- Уладзіслаў Міхалап, HR
«Мы будзем пераяжджаць»
«Мы будзем змагацца. Мы будзем ціснуць эканамічна, палітычна, інфармацыйна. Мы будзем пераязджаць, пазбаўляючы рэжым валютнай выручкі і падаткаў ",— заявіў заснавальнік кампаніі Мікіта Мікада ў апублікаваным відэазвароце:
-
2 верасьня ў менскім офісе кампаніі PandaDoc прайшлі ператрусы, падчас якіх былі заблякаваныя больш за 20 супрацоўнікаў, 7 зь якіх затрымалі для допыту. Да некаторых супрацоўнікаў зь ператрусамі прыйшлі дадому і забралі іх адтуль.
За 2 наступныя дні супрацоўнікі Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў (ДФР) апыталі больш за 100 працаўнікоў кампаніі. Увесь гэты час да затрыманых супрацоўнікаў не дапускалі адвакатаў і ніякіх дзеяньняў не вялося.
Праца офісу паралізаваная
Праца беларускага офісу практычна паралізаваная, заявілі ў кампаніі.
Як пішуць у звароце, 4 верасьня стала вядома, што задняй датай была заведзеная крымінальная справа паводле часткі 4 артыкулу 210 КК. Супрацоўнікаў кампаніі вінавацяць у тым, што яны як група асобаў, выкарыстоўваючы службовае становішча, завалодалі грашовымі сродкамі памерам каля 107 тысяч беларускіх рублёў зь бюджэту, спрычыніўшы тым самым шкоду дзяржаве. Да іх ужылі меру стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту на 2 месяцы.
«Мы заяўляем, што гэтае абвінавачаньне цалкам не адпавядае рэчаіснасьці і ня мае пад сабой ніякіх падставаў. Уся дзейнасьць кампаніі вялася цалкам адпаведна заканадаўству, што пацьвярджаецца неаднаразовымі вынікамі міжнароднага аўдыту і праверкамі.
У Рэспубліцы Беларусі практыкуюцца палітычныя замовы на апанэнтаў. Аднак у гэтым выпадку ўлады вырашылі ўзяць у закладнікі 4 невінаватых людзей, якія ніякім чынам ня маюць дачыненьня да ініцыятывы заснавальнікаў кампаніі PandaDoc.
Гэтыя рэпрэсіі праводзяцца, каб зрабіць ціск і спыніць ініцыятыву заснавальнікаў кампаніі. Так, у рамках гэтай асабістай ініцыятывы заснавальнікі кампаніі аказвалі дапамогу звольненым сілавікам, былыя калегі якіх пачалі супраць іх рэпрэсіі. Мэтаю гэтай ініцыятывы было спыніць гвалт, і яна ніякім чынам не была зьвязаная з кампаніяй»,— заяўляюць прадстаўнікі кампаніі.
«Дзеяньні ўладаў — генацыд і рэпрэсіі»
У кампаніі перакананыя, што ў краіне поўнае праўнае бясчынства:
«Дзеяньні ўладаў нічым, акрамя генацыду і рэпрэсіяў, назваць нельга. Чым далей гэта заходзіць, тым даўжэйшая дарога назад. А хутка будзе зрыў. Мы патрабуем неадкладна вызваліць нашых калегаў, закрыць крымінальную справу, даць кампаніі нармальна працаваць і прыносіць карысьць і прыбытак, у тым ліку дзяржаве.
У іншым выпадку нашыя крокі наступныя:
- Мы будзем вымушаныя закрыць кампанію ў Рэспубліцы Беларусі, што прывядзе да страты высокааплатных працоўных месцаў
- Паколькі ў такім рэжыме працаваць ня ўдасца, то мы пачнем шукаць альтэрнатыву Парку высокіх тэхналёгіяў па-за Рэспублікай Беларусьсю. Нас чакаюць.
- Мы максымальна яскрава асьвятлім гэты працэс ва ўсіх міжнародных мэдыя, палітычных і эканамічных колах Мы таксама пачынаем рух падтрымкі нашых калегаў, якіх трымаюць у закладніках — #SavePandaDoc»,— заявілі прадстаўнікі кампаніі.