Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супрацоўнік жодзінскай турмы адседзеў трое сутак па месцы службы за ўдзел у мітынгу 


Людзі шукаюць сваякоў каля турмы ў Жодзіне
Людзі шукаюць сваякоў каля турмы ў Жодзіне

Жодзінец Аляксандр Шабан, калі прыйшоў час ісьці ў войска, вырашыў адслужыць па кантракце ў мясцовай турме. 11 жніўня яго затрымалі ў Менску і адвезьлі па месцы працы.

EX-PRESS.BY запісаў уражаньні маладога чалавека, які адседзеў трое сутак там, дзе служыў.

Аляксандар скончыў Жодзінскі дзяржаўны палітэхнічны каледж, зарабляў графіці-афармленьнем. 10 жніўня паехаў зь сябрамі ў Менск.

«Натуральна, без усялякіх арганізатараў, самі. Я не задаволены тым, як прайшлі выбары. Этынгер правільна сказаў: «Нельга падманваць людзей, тым больш у ХХІ стагодзьдзі, калі ўсё можна адсачыць».

Затрымалі іх уначы 11 жніўня. Яны ехалі ў машыне, каля станцыі мэтро «Пушкінская» іх спынілі.

«Так разумею, усіх у тым раёне затрымлівалі. Усё адбылося за лічаныя сэкунды: не назваліся, не сказалі прычыны. З машыны даставаў наогул не зразумела хто — нейкія людзі ў вайсковай амуніцыі, са зброяй».

Доўгі час вазілі ў аўтазаку, потым даставілі ў Партызанскі РУУС, дзе пачалося «шоў».

«Там ужо АМАП зьдзекаваўся. Ляжалі на халоднай плітцы, пакуль складалі сьпіс затрыманых. Калі хтосьці задаваў пытаньні, білі. Чалавек 20 завялі ў падвал, прымушалі сядзець на каленях да раніцы. Проста гестапа, катавальня. Білі ўсіх, а больш за ўсё тых, хто супраціўляўся».

Раніцай іх павезьлі ў Жодзіна. У турме зноў сустракаў АМАП. Білі дубінкамі. Там жа адбыўся суд. Аляксандра абвінавацілі ў тым, што ўдзельнічаў у мітынгу.

«Далі 7 сутак, рашэньня да гэтага часу ня бачыў. Выпусьцілі 14 жніўня пад расьпіску. Калі выйшаў з турмы, было шмат валянтэраў. Гэта вельмі моцна падняло настрой. Тых, хто хацеў паесьці, накармілі і напаілі. Скарыстаўся дапамогай даехаць дадому. Жыву ж у гэтым горадзе».

На незаконнае затрыманьне Аляксандар напісаў скаргу ў суд. Яму дапамагла дзяўчына каля ізалятару на вуліцы Акрэсьціна ў Менску, куды ён езьдзіў шукаць свой тэлефон.

«Рэчы аддалі, але толькі тыя, што былі са мной. Жонка перадавала перадачу, яе так і не знайшлі. Гэтаксама як і тэлефон, які канфіскавалі пры затрыманьні».

З турмы Аляксандра Шабана звольнілі на наступны ж дзень пасьля суду.

«Шчыра кажучы, я ў турме затрымаўся, плянаваў 2 гады адслужыць. Цяпер усё будзе па-новаму. Ёсьць і прапановы па курсах, і шмат знаёмых, гатовых дапамагчы. Па ўсёй краіне людзі звальняюцца з органаў, бачачы падтрымку», — захоўвае аптымізм былы супрацоўнік турмы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG