Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі палітоляг: Наўрад ці Крэмль стане спакойна глядзець, калі натоўп прыйдзе ў Дразды выганяць Лукашэнку


Як могуць разьвівацца пратэсты ў Беларусі? Як будзе рэагаваць Расея на той ці іншы сцэнар беларускага палітычнага крызісу? На гэтыя пытаньні мы папрасілі адказаць расейскага палітоляга, намесьніка рэдактара сайта Carnegie.ru Максіма Самарукава.

Сьцісла

  • Палітычнае поле Беларусі аказалася настолькі зачышчаным, што гэты велізарны пратэставы патэнцыял, які там назапасіўся, няма каму арганізаваць і кудысьці накіраваць, каб у нешта канвэртаваць
  • Пакуль на Захадзе не праглядаецца воля пакараць беларускі рэжым
  • Даволі грубыя трукі Лукашэнкі з «вагнэраўцамі», размовы пра «правакатараў з ГРУ» на пратэстах знаходзяць свой водгук на Захадзе
  • У Крамлі аддаюць перавагу таму, каб дамаўляцца з Лукашэнкам
  • Галоўная мэта Расеі на беларускім кірунку — гэта не дапусьціць інтэграцыі Беларусі з заходнімі структурамі
  • Ідэальны варыянт для Крамля — каб у Аляксандра Рыгоравіча ўзьнікла адчуваньне, што ягоныя дні зьлічаныя
  • Калі, скажам, Бабарыка стане прэзыдэнтам — дзе гарантыі, што ён застанецца такім жа прарасейскім, якім быў падчас кампаніі?
  • Для Захаду ў Беларусі няма партнэра, горшага за Лукашэнку
Максім Самарукаў
Максім Самарукаў

— Як вы ацэньваеце тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі? Гэта пратэсты, гэта ўжо рэвалюцыя ці нешта іншае?

— Мне здаецца, каб стаць рэвалюцыяй, гэта павінна перамагчы. Ці прынамсі мець уцямную пэрспэктыву і магчымасьць зьмяніць уладу. А я ня бачу такой пэрспэктывы. Незразумела, як фізычна можа адбыцца гэтая зьмена ўлады. Пратэстоўцы возьмуць Дразды і выганяць Лукашэнку? Палітычнае поле Беларусі аказалася настолькі зачышчаным, што гэты велізарны пратэставы патэнцыял, які там назапасіўся, няма каму арганізаваць і кудысьці накіраваць, каб у нешта канвэртаваць.

Відавочна, што велізарная колькасьць людзей гатовая рызыкаваць многім, выходзіць на вуліцу, змагацца з АМАПам. Але незразумела, як гэтае незадавальненьне канвэртаваць у нейкі палітычны вынік. Уявім сябе немагчымае — што Лукашэнка паставіць пад сумнеў свае дзеяньні, вырашыць весьці зь некім перамовы. З кім яму весьці перамовы? Гэта ж асобныя групы людзей, якія выказваюць сваё незадавальненьне праз бойкі з АМАПам. Яму няма з кім сесьці за стол перамоваў, каб абмяркоўваць палітычныя рэформы і саступкі. Таму я не ўяўляю, як гэтыя хаатычныя, стыхійныя пратэсты могуць перарасьці ў рэальныя палітычныя зьмены ў краіне.

— Калі казаць пра прэцэдэнты, то ў эгіпецкай рэвалюцыі 2011 году таксама не было выразных лідэраў, за стыхійным пратэстам не стаяла артыкуляваная палітычная сіла. Тым ня менш рэвалюцыя ў Эгіпце тады перамагла.

— У Эгіпце была крыху іншая сытуацыя. Там было тэлефанаваньне прэзыдэнта ЗША Абамы, які сказаў, што нельга страляць па натоўпе. І там было разуменьне велізарнай вайсковай машыны, якая і ёсьць кіроўным рэжымам Эгіпту, што Мубарак стаў хутчэй праблемай, чым актывам. І яго зьмянілі. А рэжым застаўся, І сёньня ў Эгіпце той самы рэжым. А ў выпадку Беларусі — хто будзе тэлефанаваць замест Абамы?

— Добрае пытаньне. А, дарэчы, хто можа патэлефанаваць?

— А вось мы пакуль ня бачым, каб нехта выказваў жаданьне патэлефанаваць. З Крамля ўжо павіншавалі, з Крамля тэлефанаваць ня будуць. У Эўрапарлямэнце цэлых 23 дэпутаты падпісалі зварот з асуджэньнем рэпрэсіяў у Беларусі. 23 зь некалькіх сотняў, і гэта пераважна з Польшчы і краінаў Балтыі. Мы ня бачым сур’ёзных заяваў ад Эўразьвязу.

— Заявы ёсьць, і на вышэйшым узроўні. І ад ЗША ёсьць, Майк Пампэо выступіў з адмысловай заявай.

— Так, але гаворыцца толькі, што мы гатовыя разгледзець магчымасьць увядзеньня санкцыяў. Але такія заявы робяцца, каб утрымаць чалавека ад далейшых рэпрэсіяў, а не каб пакараць за тое, што ён ужо зрабіў. Пакуль на Захадзе не праглядаецца воля пакараць беларускі рэжым.

Мне здаецца, што гэтыя даволі грубыя трукі Лукашэнкі з «вагнэраўцамі», размовы пра «правакатараў з ГРУ» на пратэстах знаходзяць свой водгук на Захадзе. Ёсьць там і пэўны скепсіс, ніхто там на 100% гэтыя заявы беларускіх уладаў не ўспрымае. Але тут не зразумееш. Могуць жа быць правакатары ГРУ? Могуць. Могуць жа «вагнэраўцы» нешта там рыхтаваць? Могуць.

Так што тут яшчэ незразумела, каго падтрымліваць. Калі падтрымаць пратэстоўцаў, як бы ня выйшла горш, чым калі падтрымаць Лукашэнку.

— Вы ўжо прыгадалі, што Пуцін павіншаваў Лукашэнку. А калі шалі будуць вагацца? Нерэальна, што Расея пакладзе сваю «гіру» на іншы бок?

— Мне здаецца, што ў Крамлі аддаюць перавагу таму, каб дамаўляцца з Лукашэнкам. І чым даўжэй ён сядзіць у гэтым крызісе, тым лягчэй зь ім будзе потым дамаўляцца. Навошта зараз умешвацца, пакуль ён сам сябе закопвае? Лепш пачакаць некалькі месяцаў, калі з Захадам непазьбежна ўзьнікнуць праблемы, калі ня санкцыі.

Ідэальны варыянт для Крамля — каб у Аляксандра Рыгоравіча ўзьнікла адчуваньне, што ягоныя дні зьлічаныя.Таму трэба атрымаць ад Крамля гарантыі ўласнай бясьпекі і здаць па інтэграцыі ўсё, чаго б Крэмль ні запатрабаваў. Можа, усё так ідэальна для Крамля і не складзецца.

Калі гэтыя пратэсты завершацца, а Лукашэнка ўтрымаецца (а выглядае, што яно так і будзе), то размовы з Лукашэнкам аб інтэграцыі актывізуюцца. Прапануюць разьмен — Беларусь атрымлівае нейкія даброты, Лукашэнка ідзе на сурʼёзныя саступкі ў пытаньні інтэграцыі.

— З улікам палітычных установак цяперашніх апанэнтаў Лукашэнкі ці ёсьць сытуацыя, у якой Расея магла б умяшацца ў беларускі ўнутраны канфлікт узброенай сілай?

— Я думаю, што пагроза зрынаньня Лукашэнкі напружыць многіх у Крамлі. І наўрад ці Крэмль стане спакойна глядзець, калі натоўп прыйдзе ў Дразды выганяць Лукашэнку. Калі дойдзе да гэтага, то я не выключаю даволі эмацыйнай рэакцыі Расеі. Бо гэта будзе ўспрынята як апэрацыя NATO. І тут можа быць і збройнае ўмяшаньне.

— Калі б Лукашэнку супрацьстаяў аналяг Юшчанкі, тады ваш адказ быў бы зразумелы. А хіба прэзыдэнт Ціханоўская ці Бабарыка — гэта такая бяда для Расеі?

— Так, гэта была б бяда для Расеі. Галоўная мэта Расеі на беларускім кірунку — гэта не дапусьціць інтэграцыі Беларусі з заходнімі структурамі. Зь любымі — ЭЗ, NATO.

Хто можа гэтага не дапусьціць лепш за Лукашэнку? Любы іншы лідэр горшы ў гэтым сэнсе. Бабарыка мог казаць падчас выбарчай кампаніі што заўгодна — і які ён прарасейскі і прагматычны, і як ён гатовы разьвіваць супрацу з Расеяй. Потым ён прыйдзе да ўлады, яго пачнуць запрашаць на ўсялякія «Ўсходнія партнэрствы», на саміты, на абдымкі і пацалункі — і дзе гарантыі, што ён застанецца такім жа прарасейскім, якім быў падчас кампаніі? Ён будзе ачараваны гэтым цудоўным заходнім сьветам. І пачне рух у той бок.

Аляксандар Рыгоравіч — чалавек правераны і абсалютна непрымальны для Захаду. Таму яго ня трэба ні на кога мяняць. Любы іншы на яго месцы будзе значна менш зручны для Расеі ў сэнсе разьвіцьця кантактаў з заходнім сьветам.

— Гэта вы так думаеце ці ў Крамлі так думаюць? Ці наагул у Расеі ўсе так думаюць?

— Што думае Ўладзімір Уладзіміравіч, мы ня ведаем. Ён сваімі меркаваньнямі ня дзеліцца ні з кім. Але мне здаецца, што гэта даволі відавочная рэч. Горшага за Лукашэнку для Захаду ў Беларусі партнэра няма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG