На 6 жніўня ў парку Дружбы народаў плянаваўся мітынг-канцэрт Сьвятланы Ціханоўскай. Але Міністэрства абароны анансавала там канцэрт з нагоды Дня чыгуначных войскаў.
На сваім сайце Мінабароны паведаміла аб канцэрце з 17 да 21 гадзіны ў менскім парку Дружбы народаў 6 жніўня.
Плянуецца:
- канцэрт Акадэмічнага ансамбля песьні і танца Узброеных Сіл Беларусі і зорак беларускай эстрады;
- выступленьні вайскоўцаў роты ганаровай варты;
- выступленьні спэцыялістаў кіналягічнага цэнтру са службовымі сабакамі;
- паказ спэцтэхнікі;
- дэфіле аркестру 30-й асобнай чыгуначнай брыгады;
А таксама конкурсы, у якіх можна паўдзельнічаць усёй сям'ёй. Пераможцаў чакаюць спэцыяльныя прызы ад Міністэрства абароны.
Акрамя таго, у парку будзе выстава спэцыяльнай тэхнікі транспартных войскаў.
Міністэрства запрашае на сьвята вэтэранаў транспартных войскаў, а таксама жыхароў Менску і гасьцей сталіцы.
4 жніўня аб’яднаны штаб Сьвятланы Ціханоўскай падаў скаргу з нагоды спробы ўладаў сарваць мітынг 6 жніўня ў парку Дружбы народаў у Цэнтральную выбарчую камісію і ў Менгарвыканкам.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.