Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сябра ініцыятыўнай групы Бабарыкі ладзіць перадвыбарчыя сходы і гатовы навучыць іншых, як гэта рабіць легальна


Сяргей Сьмірноў і экс-кандыдатка ў прэзыдэнты Тацяна Караткевіч падчас народнага сходу ў Калодзішчах
Сяргей Сьмірноў і экс-кандыдатка ў прэзыдэнты Тацяна Караткевіч падчас народнага сходу ў Калодзішчах

Сяргей Сьмірноў, прадпрымальнік з-пад Менску, ініцыяваў і правёў некалькі «народных сходаў».

Сяргей Сьмірноў жыве ў Сеньніцы Менскага раёну. Калі стартавала прэзыдэнцкая кампанія, увайшоў у ініцыятыўную групу прэтэндэнта на найвышэйшую пасаду Віктара Бабарыкі, правяраў дакладнасьць сабраных подпісаў.

Сяргей Сьмірноў з прэтэндэнтам у прэзыдэнты Віктарам Бабарыкам
Сяргей Сьмірноў з прэтэндэнтам у прэзыдэнты Віктарам Бабарыкам

Пасьля арышту экс-банкіра падаўся ў незалежныя назіральнікі. Але, як і тысячы іншых добраахвотнікаў, быў адхілены. Расчараваньне ад рэаліяў прымусіла актывізаваць высілкі ў іншых напрамках.

«Што рабіць у сытуацыі, калі дзяржава ня хоча з намі лічыцца? — задаецца рытарычным пытаньнем Сяргей Сьмірноў. — Я пачаў вывучаць Выбарчы кодэкс і наткнуўся на артыкул 45, які дае права кожнаму з нас зьбіраць сходы такіх ж выбарнікаў у месцах, вызначаных уладамі. Магу з упэўненасьцю канстатаваць: дагэтуль ніхто такой магчымасьцю не карыстаўся. У які выканкам я ні прыходзіў, усюды чыноўнікі зьдзіўляліся і літаральна на хаду вырашалі, як усё арганізаваць».

Першы сход з выбарнікамі Сяргей Сьмірноў зладзіў у роднай Сеньніцы. Пасьля былі Калодзішчы і Бараўляны. На сустрэчах прысутнічалі ня толькі мясцовыя жыхары, а і прадстаўнікі аб’яднанага штабу кандыдаткі Сьвятланы Ціханоўскай, назіральнай ініцыятывы «Честные люди», пра свой досьвед расказвала кандыдатка ў прэзыдэнты на выбарах 2015 году Тацяна Караткевіч.

«Адрозна ад мітынгу, дзе звычайным удзельнікам адведзеная роля масоўкі і яны ня маюць магчымасьці выказацца на надзённыя тэмы, на сходзе можна задаваць любыя пытаньні, абмяркоўваць перадвыбарны расклад і г.д. Галоўнае, сачыць за часам, бо некаторых, асабліва прадстаўнікоў „старой апазыцыі“, занадта заносіць, цяжка спыніць. Людзі хочуць удзельнічаць у грамадзкіх працэсах, але толкам ня ведаюць, што трэба дзеля гэтага рабіць», — гаворыць Сяргей Сьмірноў.

Па яго словах, ён гатовы дзяліцца сваёй «франшызай» — як і куды зьвяртацца, каб сход не палічылі несанкцыянаваным мерапрыемствам. Паводле суразмоўцы, прадстаўнікі выканкамаў нават самі выказвалі падзяку, што на іх тэрыторыі адбыліся «цывілізаваныя дэбаты».

Сяргея Сьмірноў дадае, што яму фактычна штодня тэлефануюць з рэгіёнаў з просьбай дапамагчы правесьці такі лякальны сход. 3 жніўня ён едзе ў Баранавічы, у графіку таксама Заслаўе, Плешчаніцы, Радашкавічы.

«Засталося некалькі дзён, каб пасьпець арганізаваць падобныя сходы, — кажа ён. — Насамрэч гэта вельмі цікавы фармат — сапраўдны народны рух без штабоў і кандыдатаў. Але гэта тое, што рэальна можа раскатурхаць людзей. Беларусы не інэртныя, проста няшмат хто сутыкаўся з адміністрацыйнымі працэдурамі, і гэта адпуджвае патэнцыйных арганізатараў. Насамрэч толькі так можна даведацца пра настроі ў грамадзтве і падштурхнуць людзей да палітычнай актыўнасьці».

Каб пазьбегнуць непажаданых эксцэсаў падчас гарачых дыскусій, Сяргей Сьмірноў запрашае прадстаўнікоў праваахоўных органаў.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG