Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сумленныя людзі» і «Права выбару» заклікалі запісвацца ў назіральнікі, нягледзячы на абмежаваньні ЦВК


Ілюстрацыйнае фота. Галасаваньне на парлямэнцкіх выбарах 2019 году ў Менску
Ілюстрацыйнае фота. Галасаваньне на парлямэнцкіх выбарах 2019 году ў Менску

Прадстаўнік ініцыятывы «Сумленныя людзі» Аляксандар Хоміч і нацыянальны каардынатар кампаніі па назіраньні «Права выбару» Віталь Рымашэўскі 27 ліпеня выступілі з сумесным відэазваротам, у якім заклікалі беларусаў запісвацца ў назіральнікі.

Аляксандар Хоміч падкрэсьліў, што абмежаваньні, якія ўвяла ЦВК, не перашкаджаюць патэнцыйным назіральнікам зьбіраць подпісы за сваё вылучэньне, праходзіць акрэдытацыю.

«У выпадку калі вы правільна аформілі заяву, ва ўчастковых камісій няма падставаў адмовіць вам у акрэдытацыі. У нас ёсьць шанцы трапіць на ўчасткі. Іх няшмат, але давайце іх не ўпускаць», — сказаў Хоміч у звароце.

Ён дадаў, што ЦВК абмежавала права знаходжаньня ўнутры ўчастка, «але назіраць за выбарамі нам забараніць ня могуць».

«Назіральнікі будуць лічыць рэальную яўку кожны дзень, у тым ліку і на датэрміновым галасаваньні. Назіральнікі будуць лічыць колькасьць людзей зь белымі стужкамі (прапанаваны аб’яднаным штабам адметны знак тых, што хоча перамен і выступае за сумленныя выбары— рэд.), і мы будзем ведаць, колькі людзей хочуць перамен», — сказаў Аляксандар Хоміч.

Паводле Віталя Рымашэўскага, рашэньне ЦВК «цалкам супярэчыць прынцыпу галоснасьці», зафіксаваным у арт.13 Выбарчага кодэксу.

Улады дамагаюцца, каб грамадзяне адмовіліся ад незалежнага назіраньня, лічыць Рымашэўскі, і калі незалежныя назіральнікі ня прыйдуць на ўчасткі, улады заявяць, што «ахвотных назіраць проста не было, што ўсё сумленна і справядліва». Таму варта зьбіраць подпісы і спрабаваць зарэгістравацца назіральнікамі, падкрэсьлівае Рымашэўскі. Калі камусьці адмовяць у рэгістрацыі, кампанія «Права выбару» плянуе абскарджваць кожную незаконную адмову.

22 ліпеня ЦВК абмежавала колькасьць назіральнікаў на ўчастках падчас галасаваньня. У асноўны дзень галасаваньня — да пяці адначасова і ня больш за 50% ад складу камісіі, падчас датэрміновага галасаваньня — ня больш за тры адначасова. Прыярытэт будуць мець тыя назіральнікі, каго акрэдытавалі раней.

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына патлумачыла абмежаваньне колькасьці назіральнікаў «фізычнай і эпідэмічнай бясьпекай».

Праваабаронцы і назіральнікі заявілі, што «мэта ўладаў — не дапусьціць незалежнага назіраньня за выбарамі», якія «перайшлі ў рэжым спэцапэрацыі», а «адсылка да каранавірусу маніпулятыўная і робіцца з адной мэтай — не дапусьціць незалежнага назіраньня за выбарамі».

Адзін з кандыдатаў Андрэй Дзьмітрыеў заклікаў іншых кандыдатаў аспрэчваць рашэньне ЦВК у судзе.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG