Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі праводзіць 22 ліпеня чарговае паседжаньне ў сувязі з прэзыдэнцкімі выбарамі. За прапанову Ярмошынай абмежаваць колькасьць назіральнікаў ЦВК прагаласавала аднагалосна.
Сьцісла
- Згодна з прапановай Ярмошынай, у асноўны дзень галасаваньня колькасьць назіральнікаў абмяжуюць да 5 адначасова і ня больш за 50% ад складу камісіі.
- Падчас датэрміновага галасаваньня на выбарчыя ўчасткі пусьцяць ня больш за 3 назіральнікаў адначасова.
- Прыярытэт будуць мець тыя назіральнікі, хто акрэдытаваўся раней.
- Ярмошына: пытаньне абмежаваньня колькасьці назіральнікаў зьвязанае і з «маральным і фізычным ціскам» на чальцоў выбарчай камісіі.
- Прапанову Беларускага Хэльсынскага камітэту уключаць у назіральнікі прадстаўнікоў мясцовых грамадзкіх аб’яднаньняў, а ня толькі агульнанацыянальных, адкінулі.
- Па стане на 20 ліпеня акрэдытавалі ў нацыянальныя назіральнікі 42 856 чалавек агулам. 31 186 (амаль 73%) — прадстаўнікі грамадзкіх аб’яднаньняў, зь якіх абсалютная большасьць — праўладныя.
- Кіраўнік БХК Алег Гулак: адсылка да каранавірусу маніпулятыўная і робіцца з адной мэтай — не дапусьціць незалежнага назіраньня за выбарамі.
- Каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Ўладзімер Лабковіч: выбары страцілі свае апошнія атрыбуты выбарчай кампаніі і перайшлі ў стадыю спэцапэрацыі дзеля захаваньня статус-кво ў краіне.
- Кампанія «Права выбару»: выбары ператвараюцца ў цалкам закрыты, негалосны працэс.
Ня больш за 5 назіральнікаў на выбарчым участку ў асноўны дзень
Падчас датэрміновага галасаваньня, адзначыла старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, чальцы выбаркамаў знаходзяцца ў цесных памяшканьнях, але цяпер працягваецца эпідэмія каранавірусу, а за імі назіраюць назіральнікі, якія «камандуюць, што ім рабіць». У Нямеччыне, расказала яна, прыгразілі забараніць праводзіць выбары, бо памяшканьне не адпавядае нормам сацыяльнага дыстанцыяваньня.
Ярмошына прапанавала ў асноўны дзень галасаваньня зьменшыць колькасьць назіральнікаў да пяці адначасова і ня больш за 50% ад складу камісіі, падчас датэрміновага галасаваньня — ня больш за тры адначасова. Прыярытэт будуць мець тыя назіральнікі, хто акрэдытаваўся раней.
У гэты лік не ўваходзяць міжнародныя назіральнікі, прадстаўнікі кандыдатаў, дэпутаты і супрацоўнікі СМІ — Ярмошына сказала, што гэта «ўжо многа, чаша будзе перапоўненая».
Ярмошына таксама згадала ліст ад Беларускага Хэльсынскага камітэту з прапановай уключаць у назіральнікі прадстаўнікоў мясцовых грамадзкіх аб’яднаньняў, а ня толькі агульнанацыянальных. Гэтую прапанову яна параіла не задавальняць у сувязі са скарачэньнем колькасьці назіральнікаў. Мясцовых аб’яднаньняў удвая больш за нацыянальныя, дадала Ярмошына. На яе думку, гэтую прапанову робяць наўмысна, каб павялічыць колькасьць назіральнікаў.
Што казалі прадстаўнікі альтэрнатыўных кандыдатаў
Павал Дзік, чалец ЦВК з правам дарадчага голасу ад кандыдаткі Сьвятланы Ціханоўскай, перапытаў, што было важней: абарона галасоў выбарнікаў ці эпідэмічная сытуацыя, бо праз выбарчыя камісіі за час галасаваньня праходзіць вялізная колькасьць выбарнікаў. Ярмошына адказала, што «праходнасьць» масы людзей і пастаяннае знаходжаньне — розныя рэчы, і абмежаваньне — гэта пытаньне бясьпекі і для назіральнікаў. Ярмошына адзначыла, што пытаньне абмежаваньня колькасьці назіральнікаў зьвязанае і з «маральным і фізычным ціскам» на чальцоў выбарчай камісіі.
Дзік таксама спытаў пра прынцып «хто раней акрэдытаваўся, таго і дапусьцяць» — маўляў, гэта можа абмежаваць назіральнікаў паводле палітычных поглядаў, калі выявіцца, што першымі зарэгістравалі прадстаўнікоў грамадзкіх аб’яднаньняў. Ярмошына адказала, што палітычныя погляды не ўплывалі на парадак акрэдытацыі.
Рахмэтала Байтасаў, чалец ЦВК з правам дарадчага голасу ад кандыдата Андрэя Дзьмітрыева, перапытаў, ці ня значаць заявы пра ціск на выбарчую камісію, што яна «не давярае беларускаму народу». Ярмошына назвала пытаньне «расісцкім».
Што яшчэ абмяркоўвалі на паседжаньні
Таксама на паседжаньні прапанавалі рэгістраваць іншагародніх студэнтаў па месцы іх пражываньня ў родным горадзе, выключыць іх са сьпісаў па месцы знаходжаньня інтэрнатаў, бо студэнты разьехаліся па хатах на лета. Працаўнікоў студэнцкіх атрадаў пакінуць у сьпісах па месцы інтэрнатаў, калі яны ў іх засталіся на час працы.
Каб прагаласаваць па-за месцам рэгістрацыі, трэба будзе прадставіць доказ (як то дамову на арэнду жытла) пражываньня па-за межамі месца рэгістрацыі. Ярмошына прывяла прыклад: «дзяўчыны, якія засталіся на ноч», ня змогуць прагаласаваць па-за месцам рэгістрацыі, каб пазьбегнуць «карусэляў».
Пастанову прынялі адзінагалосна. Таксама адзінагалосна прынялі пастанову пра сьпіс дакумэнтаў, па якіх можна прагаласаваць, калі выбарніка ўжо ўнесьлі ў сьпіс для галасаваньня.
Як адрэагавалі праваабаронцы
«Ён то ёсьць, то яго няма — залежна ад палітычнай ці эканамічнай сытуацыі, — кпіць старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак з заяваў кіраўніцы ЦВК Лідзіі Ярмошынай. — Відавочна, што адсылка да каранавірусу маніпулятыўная і робіцца з адной мэтай — не дапусьціць незалежнага назіраньня за выбарамі».
Як нагадвае кіраўнік БХК, агулам у Беларусі зарэгістравана больш за 30 тысяч назіральнікаў. У абсалютнай бальшыні гэта прадстаўнікі праўладных арганізацый і вылучэнцы дзяржаўных установаў.
У асобных камісіях пра жаданьне назіраць загадзя заявілі па 20 і нават больш чалавек — пры тым, што падчас папярэдніх кампаній праўладныя арганізацыі такога жаданьня не праяўлялі, кажа Гулак.
«Карціна выглядае так: спачатку зарэгістравалі сваіх, правераных назіральнікаў, а потым абмежавалі сумнеўных, непажаданых. Пры гэтым зручна прыкрыліся каранавірусам, „якога няма“, — працягвае Алег Гулак. — Мы прапаноўвалі яшчэ да пачатку выбараў: з улікам пандэміі захады сацыяльнага дыстанцыяваньня павінны быць зразумелыя для ўсіх, а ня толькі для ЦВК. Было дастаткова часу, каб арганізаваць працу камісій і функцыянаваньне памяшканьняў. У тым ліку забясьпечыць відэаназіраннье. Нічога ня зроблена, толькі прымітыўныя маніпуляцыі».
Каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Ўладзімер Лабковіч заявіў, што прэзыдэнцкія выбары страцілі апошнія намёкі на магчымасьць свабоднага волевыяўленьня.
«Рашэньне ЦВК — фактычна поўнае перакрэсліваньне апошніх выбарчых працэдураў у краіне. Гэта пярэчыць прынцыпу галоснасьці, які прадугледжаны арт. 13 Выбарчага кодэксу. Цяпер улады праводзяць выбары са сваімі выбарчымі камісіямі і сваімі назіральнікамі, а пры такой структуры немагчыма казаць ні пра якія стандарты свабодных, справядлівых і дэмакратычных выбараў», — адзначыў Лабковіч.
Фактычна выбары страцілі свае апошнія атрыбуты выбарчай кампаніі і перайшлі ў стадыю спэцапэрацыі дзеля захаваньня статус-кво ў краіне, падсумоўвае Ўладзімер Лабковіч.
«Цяжка фальсыфікаваць выбары, калі за табой сочаць столькі шмат людзей. Гэта адказ на тую актыўнасьць грамадзтва і жаданьне назіраць за выбарамі. Улады баяцца любой актыўнасьці, адказваючы на гэта сваімі звыклымі мэтадамі», — падкрэсьлівае праваабаронца.
Кампанія «Права выбару», якая аб’ядноўвае шэраг апазыцыйных партыяў і грамадзянскіх структураў, заявіла, што пастанова ЦВК «супярэчыць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і асноватворным прынцыпам правядзеньня свабодных і дэмакратычных выбараў».
«Сваім рашэньнем Цэнтральная камісія практычна пазбаўляе магчымасьці незалежных назіральнікаў, вылучаных грамадзянамі і дэмакратычнымі арганізацыямі, назіраць за правядзеньнем галасаваньня і падлікам галасоў, — гаворыцца ў заяве. — Улічваючы той факт, што прадстаўнікі дэмакратычных партыяў, грамадзкіх аб'яднаньняў, а таксама вылучаныя грамадзянамі не былі дапушчаныя ў склад участковых камісіяў, абмежаваньне колькасьці назіральнікаў азначае, што ў Беларусі выбары ператвараюцца ў цалкам закрыты, негалосны працэс».
Дзьмітрыеў заклікаў кандыдатаў аспрэчваць рашэньне ЦВК у судзе
Кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Андрэй Дзьмітрыеў заклікаў усіх альтэрнатыўных кандыдатаў аспрэчыць у судзе рашэньне ЦВК абмежаваць колькасьць назіральнікаў.
«Гэта рашэньне супярэчыць Выбарчаму кодэксу. Я заклікаю ўсіх альтэрнатыўных кандыдатаў аб’яднаць намаганьні ў барацьбе за наша права кантраляваць падлік галасоў. Трэба ісьці ў суд», — напісаў Дзьмітрыеў у «Фэйсбуку».
Ён таксама накіраваў у ЦВК прапанову аддаваць прыярытэт назіральнікам, якія прадстаўляюць кандыдатаў у прэзыдэнты — па адным на ўчастак, бо дазволеных назіральнікаў усяго 5 і кандыдатаў у прэзыдэнты таксама 5.
«І апошняе: давераныя асобы кандыдатаў могуць назіраць за хадой выбараў без акрэдытацыі. У кожнага кандыдата іх 30. Значыць, што ў нас ёсьць мінімум 120 чалавек, якіх трэба скаардынаваць у назіраньні на розных участках», — напісаў Дзьмітрыеў.
Колькі будзе назіральнікаў
Па стане на 20 ліпеня акрэдытавалі ў нацыянальныя назіральнікі 42 856 чалавек агулам, 3436 — за апошні тыдзень. 31 186 нацыянальных назіральнікаў, або амаль 73%, па-ранейшаму прыпадае на долю грамадзкіх аб’яднаньняў, зь абсалютная большасьць — праўладныя.
Ад апазыцыйных партыяў — 4 назіральнікі (ад партыі БНФ 2, па адным ад Беларускай партыі «Зялёныя» і Аб’яднанай грамадзянскай партыі), Беларускі Хэльсынскі камітэт выставіў 52 назіральнікаў, грамадзкае аб’яднаньне БНФ «Адраджэньне» — 2.
Замежныя назіральнікі будуць толькі ад СНД — назінальнікаў вырашылі не накіроўваць АБСЭ і ПАРЭ.
***
Мінулае паседжаньне ЦВК прайшло 14 ліпеня, на ім разглядалі рэгістрацыю кандыдатаў у прэзыдэнты. Зарэгістравалі Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Андрэя Дзьмітрыева, Ганну Канапацкую і Сяргея Чэрачня, адмовілі ў рэгістрацыі Віктару Бабарыку і Валеру Цапкалу. У адказ на гэта ў шэрагу гарадоў Беларусі людзі выйшлі на вуліцы, адбыліся масавыя затрыманьні. На наступны дзень пад ЦВК утварылася чарга з ахвочых падаць скаргі на гэтае рашэньне, некаторых з чаргі таксама затрымалі. ЦВК адказала на скаргі людзей з чаргі 15 ліпеня аб адмове ў рэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы праз сайт, пасьля вырашыла прымаць скаргі толькі праз пошту.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.