Ключавая задача для органаў улады, каб бягучыя складанасьці, выкліканыя «рознымі абставінамі», не пераносіліся на людзей. Пра гэта Аляксандар Лукашэнка заявіў падчас нарады з кіраўніцтвам эканамічнага блёку ўраду.
«Выбарчая кампанія пройдзе, градус палітычных працэсаў зьнізіцца, і эканоміка апынецца ў цэнтры грамадзкай увагі, — спасылаецца БелТА на Лукашэнку. — Ніводнае пытаньне, шрубка ў гэтай машыне не павінна дапусьціць збою. У пачатку году, падчас выпрабаваньня нас „нафтавай пандэміяй“, нам гэта ўдалося. Затым была вірусная, „інфармацыйная“ пандэмія. Цяпер пачалася палітычная».
Паводле падлікаў Аляксандра Лукашэнкі, барацьба з каранавірусам абышлася бюджэту амаль у паўмільярда рублёў, але «чалавек важнейшы за грошы», адзначыў ён.
Лукашэнка дадаў, што ўважліва вывучыў статыстычныя і апэратыўныя дадзеныя, думкі і настроі людзей. І панаракаў, што «незвычайных вынікаў і посьпехаў» у гэтай працы пакуль не пабачыў.
Паводле Лукашэнкі, у краіне агулам «дасягнулі той мінімум, які быў абяцаны з боку кіраўніцтва»: у траўні «ўсе вобласьці і Менск у сярэднім атрымалі заробак у тысячу і больш рублёў, толькі Магілёўская не дацягнула 7 рублёў да тысячы», перадае БелТА.
Сапраўды, у траўні сярэдні налічаны заробак да вынятку падаткаў і збораў складаў 1227,9 рубля — 505,91 даляра паводле сярэднямесячнага курсу Нацбанку. Аляксандар Лукашэнка абяцае заробкі «па пяцьсот» даляраў прынамсі з 2005 году, але большую частку часу ў апошнія 15 гадоў сярэдні заробак быў меншым за 500 даляраў.
«Аднак, па маіх дадзеных, даход значнай часткі насельніцтва пакуль яшчэ ніжэй за гэты ўзровень, і не ад усіх людзей мы атрымліваем станоўчую ацэнку сваёй працы», — дадаў Лукашэнка.
Адносна сытуацыі з занятасьцю Лукашэнка заявіў: «агулам трагізму няма», «нам удалося не дапусьціць катастрофы, скатываньня ў яму беспрацоўя, як гэта адбылося ў нашых суседзяў».
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.