Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ключавы сьведка ў справе MH17: Украіна затрымала расейскага куратара на Данбасе


Абвінавачаныя па справе падзеньня самалёта рэйсу MH17.
Абвінавачаныя па справе падзеньня самалёта рэйсу MH17.

Ва Ўкраіне затрымалі чалавека, які можа стаць адным з ключавых сьведак у справе MH17. Так лічаць у групе расьсьледаваньня Bellingcat, якая ўжо некалькі гадоў займаецца катастрофай над Данбасам, пішуць журналісты спэцыяльнага праекту Радыё Свабода «​Донбас Реалії»​.

Новага фігуранта справы МН17 затрымалі на днях. Украінскія сілавікі імя не раскрываюць. Застаюцца таямніцай нават месца і час выбраньня меры стрыманьня. Прычыны тлумачаць каротка — тайна сьледзтва.

У той жа час у СБУ заяўляюць, што апошнія шэсьць гадоў гэты чалавек быў адным з куратараў кіраўніцтва групоўкі «ДНР» і пазаштатным супрацоўнікам ГРУ Ўзброеных сіл Расеі.

«Гэтаму чалавеку паведамлена пра падазрэньне менавіта ў гэтай крымінальнай справе — расьсьледаваньні падзеньня самалёта MH17. Ён прымаў непасрэдны ўдзел у стварэньні і кіраўніцтве «выведвальнага ўпраўленьня» «Данецкай народнай рэспублікі», — кажа пракурор Офісу генэральнага пракурора Ўкраіны Аляксандр Баньнік.

СБУ апублікавала перахопленыя тэлефонныя размовы затрыманага. Сярод яго частых суразмоўцаў адразу два чалавекі, якім сьледзтва ў Нідэрляндах ўжо выставіла афіцыйныя абвінавачаньні ў справе MH17. Першы — грамадзянін Расейскай Фэдэрацыі Сяргей Дубінскі, вядомы таксама пад пазыўным «Хмуры». Другі — адзіны грамадзянін Украіны сярод чатырох абвінавачаных, Леанід Харчанка.

«Гэта будзе крыніца інфармацыі. Ён меў цесныя зносіны з ключавымі абвінавачанымі. І ён прынамсі ведаў, што адбываецца ў адносінах з элітай ў Маскве. Наколькі ён вырашаў і ўплываў на рашэньні, гэтага мы яшчэ ня можам сказаць. Магчыма, ён проста выкарыстоўваў свае кантакты. Але важны сам факт, што і Дубінскі, і Харчанка размаўляюць зь ім, як быццам ён нейкі ўплывовы чалавек. Таму, у любым выпадку, гэта ключавы сьведка, які дасьць інфармацыю аб тым, што называецца „ланцужком улады“. Гэта значыць ён павінен быць чалавекам, які ў курсе, як прымаліся рашэньні і на пэрсанальным, і на структурным узроўні», — камэнтуе затрыманьне журналіст-дасьледчык групы Bellingcat Хрыста Грозеў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG