8 чэрвеня ў Нідэрляндах пасьля перапынку ў слуханьнях аднавіўся працэс над абвінавачанымі ў зьбіцьці малайзійскага лайнэра над усходняй Украінай і забойстве 298 чалавек у самалёце. Плянуецца, што гэты этап слуханьняў у комплексе Схіпхол працягнецца да канца тыдня, паведамляе «Голас Амэрыкі».
Міжнароднае расьсьледаваньне пад кіраўніцтвам Нідэрляндаў прыйшло да высновы, што 17 ліпеня 2014 году Boeing 777 малайзійскіх авіялініяў, які ляцеў з Амстэрдаму ў Куала-Лумпур, быў зьбіты расейскай ракетай з устаноўкі «Бук», завезенай на ўкраінскую тэрыторыю для падтрымкі ўзброеных фармаваньняў так званай «Данецкай народнай рэспублікі» і «Луганскай народнай рэспублікі».
Суд над чатырма асобамі, якія абвінавачваюцца пракуратурай Нідэрляндаў у арганізацыі транспартаваньня ракетнай устаноўкі, яе выкарыстаньні і вяртаньні назад у Расею, пачаўся 9 сакавіка 2020 году.
Ніводзін зь іх не зьявіўся на суд, але законы Нідэрляндаў прадугледжваюць магчымасьць судзіць падазраваных завочна.
Абвінавачаныя:
- Ігар Гіркін, грамадзянін Расеі і супрацоўнік Фэдэральнай службы бясьпекі Расеі, які назваў сябе «міністрам абароны ДНР».
- Сяргей Дубінскі, грамадзянін Расеі, адстаўны службовец галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Расеі.
- Алег Пулатаў, грамадзянін Расеі, афіцэр расейскай арміі ў адстаўцы.
- Леанід Харчанка, грамадзянін Украіны, камандзір выведнай часткі ДНР.
Толькі Алега Пулатава на судзе афіцыйна прадстаўляюць адвакаты.
Адно з ключавых пытаньняў суду — ці будзе раскрыты поўны ланцуг датычных і ці будуць вылучаныя абвінавачваньні іншым падазраваным.
У сакавіку прадстаўнікі пракуратуры заявілі, што ім удалося атрымаць паказаньні ад людзей, якія, верагодна, былі відавочцамі і, магчыма, удзельнікамі падзей, зьвязаных са зьбіцьцём MH17.
Пракуратура падкрэсьліла захаваньне ананімнасьці сьведак і іх абарону, падкрэсьліўшы, што Расея, і ў прыватнасьці расейскія спэцслужбы, уяўляюць пагрозу для гэтых людзей.
У інтэрвію, апублікаваным брытанскай газэтай The Times 20 траўня 2020 году, былы палкоўнік Фэдэральнай службы бясьпекі Расеі Ігар Гіркін заявіў, што ён як удзельнік вайны ў Данбасе «адчувае маральную адказнасьць» за гібель малайзійскага авіялайнэра.
Гіркін, таксама вядомы як Стралкоў, неаднаразова настойваў у шэрагу інтэрвію, што ён асабіста ня ўдзельнічаў у зьбіцьці MH17, але не пярэчыў закідам, што гэта зрабілі расейскія вайскоўцы.
Ён заявіў, што не прызнае міжнародных судоў, і нядаўна заявіў у інтэрвію ўкраінскаму журналісту Дзьмітрыю Гардону, што «не чакае шкадаваньня ад ворагаў».
Міжнароднае расьсьледаваньне з удзелам Нідэрляндаў, Малайзіі, Аўстраліі, Бэльгіі і Ўкраіны абвясьціла, што ракетная ўстаноўка «Бук» належала 53-й брыгадзе войскаў супрацьпаветранай абароны Расеі, што базуецца ў Курскай вобласьці.
Урад Нідэрляндаў заявіў, што лічыць Расею адказнай за зьбіцьцё самалёта, але Масква адпрэчвае абвінавачваньні і адмаўляецца супрацоўнічаць са сьледзтвам і судом, настойваючы на няўдзеле Расеі і вылучаючы свае патрабаваньні да сьледзтва.
Датычнасьць Расеі
Расея не хавае палітычнай падтрымкі самаабвешчаных так званых рэспублік ДНР і ЛНР у Данецкай і Луганскай абласьцях, а таксама пастаўляе ім тое, што Масква называе гуманітарнай дапамогай. Але ў Крамлі заўсёды адмаўлялі, што пастаўлялі зброю на ўсход Украіны.
Расея таксама не прызнае, што яе вайскоўцы ўдзельнічалі ў баях супраць украінскага войска на ўсходзе Ўкраіны. Расейскіх грамадзян, якіх неаднаразова захоплівалі ўкраінцы ў зоне баявых дзеяньняў, Масква называла добраахвотнікамі.
Сумесная сьледчая група заявіла, што мае інфармацыю пра «ўплыў Расейскай Фэдэрацыі на адміністрацыйныя, фінансавыя і вайсковыя справы ДНР».
Прэс-сакратар Крамля Дзьмітры Пяскоў казаў, што Масква будзе сачыць за гэтым працэсам, але заявіў, што ў Расеі заўсёды былі агаворкі і сумневы з нагоды расьсьледаваньня, якое праводзілі Нідэрлянды.
Справу MH17 называюць самым вялікім расьсьледаваньнем у гісторыі Нідэрляндаў, падчас якога былі абсьледаваныя рэшткі самалёта і іншыя прадметы, а таксама прааналізаваныя запісы тэлефонных размоваў, спадарожнікавыя фатаздымкі, відэа і інфармацыя зь іншых крыніц.
Набор фатаздымкаў і іншых матэрыялаў, сьцьвярджаюць сьледчыя, дазваляе прасачыць увесь шлях устаноўкі «Бук» ад распалажэньня 53-й расейскай паветранай брыгады ў Курску да месца запуску ракеты, якая зьбіла авіялайнэр над усходам Украіны, а потым транспартаваньня яго назад у Расею на наступны дзень.
Перахопленая інфармацыя, якая была апублікаваная сьледзтвам у лістападзе летась, сьведчыць, што двое абвінавачаных кантактавалі з тагачасным памочнікам прэзыдэнта Расеі Ўладзіславам Сурковым, а таксама з прызначаным Расеяй кіраўніком у акупаваным Крыме Сяргеем Аксёнавым.
«Прыкметы шчыльных сувязяў паміж кіраўнікамі ДНР і расейскімі ўрадавымі чыноўнікамі ставяць пытаньні аб іх магчымай датычнасьці да выкарыстаньня ўстаноўкі Бук, зь якой 17 ліпеня 2014 году быў зьбіты самалёт MH17», — сказана ў высновах Сумеснай сьледчай групы.