Беларускі поп-сьпявак Дзьмітры Калдун паказаў у Instagram 7 ліпеня, што ходзіць у масцы і халаце ля цэнтру траўматалёгіі 6-й менскай лякарні. Прадстаўніца ягонай прэс-службы растлумачыла расейскаму сайту Teleprogramma.pro, што ў сьпевака выявілі COVID-19.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Паводле прадстаўніцы сьпевака, ён спачатку не надаваў сымптомам значэньня, пасьля нейкі час лячыўся дома, але вырашыў урэшце здаць тэст на каранавірус і быў шпіталізаваны. Ягоная жонка хварэе на COVID-19 бессымптомна, яе выслалі дамоў.
У які менавіта час Калдун захварэў і калі быў шпіталізаваны, ён ня ведае, сказаў ён «Камсамольскай праўдзе».
Але самы масавы ягоны выступ за апошні час — на адкрыцьці фантана ў Менску 3 ліпеня, на якім прысутнічалі ў тым ліку Аляксандар Лукашэнка і кіраўнік расейскага «Сбербанку» Герман Грэф. Калдун перажывае, што мог там кагосьці заразіць.
Дзьмітры Калдун — 35-гадовы сьпявак зь Менску, пераможца расейскага тэлепраекту «Фабрика звёзд – 6» (пасьля перамогі кароткі час сьпяваў у гурце «К.Г.Б.»), прадстаўляў Беларусь на «Эўравізіі» ў 2007 годзе і заняў 6-е месца. Выдаў чатыры студыйныя альбомы і 11 самотнікаў, 14 кліпаў. Выступаў у Беларусі, Расеі, Украіне (у тым ліку на тэрыторыі, падкантрольнай групоўцы «ДНР»).
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.