Прэзыдэнт Бразыліі Жаір Балсанару ў аўторак паведаміў у тэлеінтэрвію, што ён інфікаваны каранавірусам.
Днём раней Балсанару прайшоў чацьвёрты тэст — у сувязі з сымптомамі хваробы, у прыватнасьці, высокай тэмпэратурай.
Як адзначае BBC, Балсанару ня раз публічна заяўляў, што засьцярогі наконт каранавірусу перабольшаныя. Ён называў COVID-19 «нязначнай прастудай» і заклікаў губэрнатараў у рэгіёнах зьмякчыць абмежавальныя захады, якія, паводле яго, наносяць шкоду эканоміцы. У панядзелак Балсанару абвясьціў пра паслабленьне строгіх патрабаваньняў наконт нашэньня масак.
Раней, у красавіку, бразыльскі прэзыдэнт казаў, што нават калі ён заразіцца каранавірусам, дык ня стане турбавацца. Калі прэзыдэнт Бразыліі рабіў гэтыя заявы, у краіне ад гэтай хваробы памерлі каля 3 тысяч чалавек, а інфікаваных было прыкладна 40 тысяч.
Але неўзабаве паказчыкі эпідэміі рэзка вырасьлі. На 6 ліпеня сьмяротных выпадкаў ад COVID-19 ужо больш за 65 000, а тых, хто заразіўся, — больш за 1 600 000.
Нягледзячы на рост колькасьці ахвяр і інфікаваных, Балсанару казаў, што рэгіянальныя карантынныя захады прыводзяць да цяжэйшых наступстваў, чым уласна вірус. Ён абвінавачваў прэсу ў распаўсюджваньні панічных настрояў і параноі.