Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Яго запрашалі як сьведку, а пасьля затрымалі». Жонка адміністратара чату «Браслаў для жыцьця» пра затрыманьне мужа


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Адміністратар чату «Браслаў для жыцьця» Канстанцін Далецкі застанецца пад вартай усе выходныя. У панядзелак, 29 чэрвеня, мужчыну будуць судзіць — яго абвінавачваюць у адміністрацыйным правапарушэньні. Пра гэта Свабодзе паведаміла жонка затрыманага браслаўчаніна Алёна Далецкая.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Паводле Алёны, мужа затрымалі не адразу. Каля дзевяці вечара 26 чэрвеня да іх дому ў Муражах у прыгарадзе Браслава пад’ехалі дзьве службовыя машыны. Міліцыянт сказаў, што Канстанціна выклікаюць ва ўчастак у якасьці сьведкі правапарушэньня.

«Косьця сказаў, што паедзе толькі са сьведкам», — кажа Алёна. У Браслаўскі РАУС ён паехаў разам з бацькам на ўласнай машыне.

«Усё было так падазрона, — працягвае жанчына. — Да іх у машыну адразу сеў міліцыянт. Каля апоўначы вярнуўся адзін сьвёкар. Сказаў, што яго літаральна выпхнулі з аддзяленьня, а на ўсе абурэньні зь яго боку адказвалі „так трэба“. У Косьці адразу забралі тэлефон і пачалі складаць пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні. Паказалі толькі здымкі з чату з заклікам аб зборы».

Алёна патлумачыла, што 21 чэрвеня каля «Эўраопту» ў Браславе прайшла акцыя салідарнасьці. Паводле жанчыны, у ёй удзельнічала каля трыццаці чалавек.

«Яны проста пастаялі. Не былі ні лёзунгаў, нічога», — кажа яна.

Канстанціна Далецкага пакінулі ў ізалятары часовага ўтрыманьня да панядзелка. Суд над ім пройдзе 29 чэрвеня. Дакладны час пакуль не вядомы.

«Начальнік РАУС нічога не камэнтуе, — працягвае Алёна. — Па законе яны мусілі сказаць, зь якой прычыны затрымліваецца муж. Яны яго завабілі, сказалі няпраўду. Вось гэта абурае. Яго запрашалі як сьведку, а пасьля затрымалі».

Алёна прызнаецца, што яна ў разгубленасьці.

«Я ня ведаю, як мне быць. Ці наймаць адвакатаў? Адныя кажуць, што гэта бессэнсоўна, іншыя — што варта. Але паслугі адваката платныя. У нас такіх сродкаў няма. Таму мы цяпер у развагах, што рабіць», — камэнтуе жанчына.

Сям’я Далецкіх жыве ў вёсцы Муражы пад Браславам. Алёна і Канстанцін — рамесьнікі. Гадуюць траіх дзяцей. З красавіка пара актыўна ўдзельнічала ў валянтэрскім руху дапамогі мэдыкам. Алёна шыла, Канстанцін адвозіў індывідуальныя сродкі аховы ў браслаўскі шпіталь.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG