У Воршы затрымалі 28-гадовага мясцовага жыхара Аляксандра Андрэева.
Ягоная жонка Паліна высьветліла, што яму інкрымінуюць адміністрацыйнае правапарушэньне, але якое, пакуль невядома. Яна мяркуе, што гэта ўдзел 19 чэрвеня ў «ланцугу салідарнасьці». Паводле яе, судзіць Аляксандра будуць пасьля выхадных. Цяпер ён у мясцовым ізалятары часовага ўтрыманьня.
Паліна засталася адна з двума малымі дзецьмі. Кажа, што пакуль не асэнсавала таго, што адбылося з мужам. Разуменьне прыйдзе, як управіцца зь дзецьмі.
Па словах Паліны, у траўні Аляксандар адседзеў у ізалятары 10 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у сустрэчы з блогерам Сяргеем Ціханоўскім. У Аршанскім ізалятары ўжо адбывае 13-суткавае пакараньне актывіст АГП з суседняга райцэнтру Дуброўна Міхаіл Чамурака, таксама за «ланцуг салідарнасьці».
Аляксандар Андрэеў — стваральнік і адміністратар тэлеграм-каналу «Орша для жизни».
У Воршы а 21 гадзіне затрымалі чальца ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай — Паўла Парфяненку. Пра гэта паведаміла Свабодзе жонка затрыманага Юлія. Паводле яе па Паўла прыехалі дамоў і цяпер ён у мясцовым ізалятары. Там прабудзе прынамсі да панядзелка.
Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць
- Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
- У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
- Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
- Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».
- На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
- Ціханоўскага трымаюць за кратамі з 29 траўня 2020 году. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, да 15 гадоў зьняволеньня).
ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці);
ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК). Заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына;
ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
- Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным.
- ПА АБСЭ і Эўрапарлямэнт патрабавалі вызваленьня Ціханоўскага, Статкевіча і іх паплечнікаў.