Расейскі бізнэсовец і зацяты крытык пуцінскага рэжыму Яўгені Чычваркін наведаў пікет каля беларускай амбасады ў Лёндане. Раней ён зьмясьціў у сваім Інстаграме пост салідарнасьці зь беларусамі. Свабода распытала Чычваркіна, чаму ён заўзее за Беларусь і пра якія адносіны паміж беларусамі і расейцамі марыць.
Ужо 12 гадоў Чычваркін жыве ў брытанскай сталіцы. У Расеі ён быў пасьпяховым бізнэсоўцам, саўладальнікам салёнаў сотавай сувязі «Евросеть», удзельнічаў у дзейнасьці партыі «Саюз правых сілаў». Але ў 2008 годзе ён пакінуў Расею з прычыны крымінальнага перасьледу. Цяпер у Лёндане Чычваркін займаецца вінным і рэстаранным бізнэсам.
20 чэрвеня бізнэсовец зьмясьціў у сваім Інстаграме бел-чырвоны-белы сьцяг і напісаў:
«Сёньня я беларус! Шчыра жадаю нашым суседзям і братам пазбавіцца ад дыктатуры і вярнуць палітычны працэс у грамадзтва зь мінімальнымі па магчымасьці ахвярамі. Спадзяюся, расейскія танкі застануцца дома, спаскуджанай Цьвярской дастаткова».
«Пуцін можа адначасова накачваць камуністаў, сэпаратыстаў і нацыяналістаў»
— Вельмі рэдка публічныя асобы ў Расеі выказваюць салідарнасьць зь беларусамі, якія хочуць пераменаў. А яшчэ менш тых, хто здольны выставіць у сваім профілі бел-чырвона-белы сьцяг і выказацца супраць верагоднай расейскай агрэсіі. Што падштурхнула да гэтага вас?
— Я ўбачыў, што адбылося такое масавае волевыяўленьне, і мне вельмі спадабаліся твары людзей. Адукаваныя, сьветлыя, спакойныя. І таму я вырашыў іх падтрымаць. Я салідарны зь любым рухам у бок свабоды.
Вялікая колькасьць людзей у Расеі, як калісьці Ўкраіну, так і Беларусь, ня лічаць асобнымі незалежнымі дзяржавамі. Працуе таксама прапаганда. Ня тое, каб расейцы спалі і бачылі, як бы гэта захапіць Беларусь, але яны лічаць, што славянскія постсавецкія рэспублікі — нашы. Ды нават паўночны Казахстан яны лічаць сваім. Яны думаюць так: «Мы ж пабудавалі Байканур, значыць усё гэта наша». Калі б было незалежнае тэлебачаньне і калі б прапаганда не была настолькі агрэсіўнай, усё было б інакш.
— Ці ёсьць для вас, расейца, інфармацыйная плынь, зь якой вы даведваецеся пра Беларусь? І што людзі з такой плыні могуць ведаць пра Беларусь, акрамя бульбы і Лукашэнкі?
— Калі шчыра, то ня шмат. Да гэтых штампаў я б яшчэ дадаў стойкіх партызанаў, жахлівыя страты падчас вайны, магутнае цярпеньне. Але цяпер мы бачым, што ў беларусаў цярпеньня менш, чым у расейцаў. Тут мы, нарэшце, перагналі беларусаў. Для шмат каго гэта і першая друкаваная славянская кніга, не захопленая ігам зямля. Але пра гісторыю і нейкіх ключавых людзей ведаюць мала. Францішак Скарына і Алесь Мухін — два яскравыя прадстаўнікі мінуласьці, сучаснасьці і будучыні. А яшчэ цікавы факт пра Беларусь. Усе дзяўчаты-міленалкі проста шалеюць ад сына Лукашэнкі.
— Дарэчы, Пуцін на парадзе ў Маскве не падаў яму рукі. Як думаеце, чаму?
— Бо ў Пуціна маленькі сын, а тут зразумелы наступнік, ён проста ах...на яму зайздросьціць. Ня варта ў гэтым шукаць высокіх матэрыяў. Гэта ўсё інстынкты. Усё, што кажа і робіць Пуцін, можна прачытаць у кнізе аб жывёлагадоўлі, якую можна купіць на ВДНГ.
— Аляксандар Лукашэнка ня раз за апошнія тыдні казаў, што Расея спрабуе ўплываць на сытуацыю ў Беларусі праз выбары. Вы лічыце такое рэальным?
— Я не сумняваюся, што Расея можа трошкі пераплаціць і разгойдваць сытуацыю, менавіта там, дзе трэба разгойдваць. Выклікаць нейкі канфлікт і справакаваць — гэта тое, што адміністрацыя Пуціна цалкам можа. Яны звычайна так і дзейнічаюць, калі трэба кагосьці падтрымаць або стварыць шум, тарпэдаваць папулярнага кандыдата. Як было з Ксеніяй Сабчак? Яны не далі ёй грошы наўпрост, але папрасілі бізнэсоўца Сяргея Адоньнева. І ён даў грошы. Але ці працуе гэтая схема ў Беларусі, паклаўшы руку на сэрца, ня ведаю.
Яны могуць адначасова накачваць і нейкіх камуністаў, нейкіх сэпаратыстаў і нацыяналістаў. Унесьці хаос, стварыць праблему, а потым прапанаваць яе вырашаць. Гэта нармальная чэкісцкая практыка.
— Яшчэ ўзімку казалі, што Пуцін хоча далучыць Беларусь, каб балятавацца чарговы раз. Але ўжо другі дзень у Расеі адбываецца галасаваньне наконт паправак у Канстытуцыю. Ці азначае гэта, што Беларусь Пуціну больш не патрэбная?
— Чаму не патрэбная? Гэты плян далучэньня абмяркоўваўся яшчэ ў 2007 годзе. Гэта факт. Яшчэ тады адміністрацыя Пуціна лічыла гэта опцыяй B або C. Незалежнасьць Беларусі не прызнавалася ўжо тады.
Любыя зьнешнепалітычныя перамогі, нават пры пагаршэньні ўзроўню жыцьця, канвэртуюцца ў рэйтынг. Любыя зьнешнепалітычныя паразы зьмяншаюць рэйтынг. Раздалі рэспублікі? Рэйтынг у Ельцына ўпаў. Прадалі Аляску ці Крым? Рэйтынг упаў. Далучылі Крым, рэйтынг вырас у тры разы. Таму калі б адбыўся марш-кідок і яны б далучылі Беларусь або паўночны Казахстан, то вялікая колькасьць мужыкастых ватнагаловых расейцаў сказалі б: «О, Пуцін — мужык, малайчына, усё ў хату». Homo sovieticus! Гэта ня лечыцца.
«Расеі Беларусь не патрэбная. Яна патрэбная Пуціну»
— Вы эканаміст і былы сябра палітычнай партыі. Якая эканамічная і палітычная матывацыя ў Расеі, каб далучыць Беларусь?
— Крым — стратны. Ён смактаў і з Украіны. Калі б я быў прэзыдэнтам або прэм’ерам Украіны, то Крым стаў бы прыбытковым калі не праз год, дык праз два. Калі б я быў Пуціным і акупаваў бы Крым, я б зрабіў там самую вялікую афшорку ў сьвеце. Ён бы таксама ўжо прыносіў грошы. А так гэта цалкам стратны актыў, бо яны ня ўмеюць ім карыстацца. Брудныя, нямытыя, без вады, з платамі, зь вельмі дзіўнымі мясцовымі жыхарамі, дзьве траціны зь якіх маюць біпалярку. Яны там не разумеюць, што ўплывае на іх лад жыцьця, і з радасьцю памянялі ўкраінскіх рабаўнікоў на расейскіх бандытаў. І правапрымяненьне там дагэтуль не працуе, як у Расеі. Людзі не разумеюць, што ўсё будзе значна горш і што правоў у іх будзе значна менш. Яны прызвычаіліся, што ўкраінская ўлада была лянівая і млявая.
2007 год, мы едзем па Крыме і ня можам знайсьці патрэбны паварот. Спыняемся каля мянтоў. У ценю ляжаць два аграменныя мянты, у белых кароткіх кашулях, з жыватамі памерам зь мяне і з жоўтымі падводкамі пад пахамі. І яны ляжаць азызлыя, растаюць, як марозіва. Я ім кажу: «Сябры, а дзе тут паварот на, умоўна кажучы, Партэніт?» — «А едзьце вунь туды». — «А чаму вы за хуткасьць не штрафуеце?» — «Ай, — кажуць. — сьпякотна. Калі вечарам паедуць п’яныя, тады мы выпаўзем». Гэта сутнасьць украінскай улады ў Крыме. Яна не перашкаджала людзям, яны там рабілі практычна ўсё. Нельга было рабіць толькі нешта зусім кепскае. Гэта было безуладзьдзе. І вось гэта яны памянялі на тое, што прывяло да Керчанскай трагедыі, калі падлетак расстраляў сваіх, па-сутнасьці, саслужыўцаў. А ўсё таму, што іх напампавалі ваеншчынай. Незразумела, навошта гэта людзям.
У Беларусі ўсё яшчэ шмат людзей народжаных у СССР, якія там мэнтальна сфармаваліся. Толькі цяпер ён яшчэ можа сустрэць у Беларусі хоць нейкую падтрымку. Верагодна, усе гэтыя людзі яго падтрымалі б. Але Беларусь для Пуціна — гэта цягнік, які сыходзіць.
— Дык калі Крым стратны, то навошта Расеі Беларусь?
— Не Расеі. Гэта трэба Пуціну, бо любое далучэньне земляў павышае ягоны рэйтынг. Там няма ніякай іншай праблемы, акрамя рэйтынгу. На эканоміку і свабоды яму нас..ць. Яму нас..ць на ўсё, апрача свайго рэйтынгу, які дазволіць яму красьці далей. Бо красьці можна тады, калі ёсьць рэйтынг.
— Гэта вы кажаце пра ўладу. А што наконт настрояў звычайных расейцаў? Наколькі перабольшаны вобраз людзей, якія штовечар глядзяць Салаўёва і мараць на танку заехаць у Менск ці іншую сталіцу суседняй дзяржавы?
— Такіх шмат. Ім жа з раніцы да вечара прамываюць мазгі. А вы ведаеце, колькі людзей у Латвіі выйдзе сустракаць пуцінскія танкі з кветкамі? Ёсьць такое расейскае радыё Balt.com. Я там неяк выступаў і потым паглядзеў камэнтары. Мама дарагая. Яны пойдуць з кветкамі сустракаць расейскія танкі.
«Лукашэнка пратрымаецца ва ўладзе даўжэй за Пуціна»
— Ці ёсьць у вас беларускія сябры? Што яны вам расказваюць пра сытуацыю ў Беларусі і якую займаюць пазыцыю?
— Яны шчыра ненавідзяць Лукашэнку. У лепшым выпадку яны ставяцца іранічна, сьмяюцца, высылаюць мэмасікі, а ў горшым — шчыра ненавідзяць. Некаторыя зь іх не вяртаюцца ў Беларусь і пакуль не паедуць.
— Што іх не задавальняе найперш?
— Адсутнасьць свабоды, што няма пэрспэктывы, няма будучыні.
— Можна быць супраць Лукашэнкі, але за Пуціна. Гэта ня той выпадак?
— Не. Але гэта патэнцыйна магчыма зь іншымі. Чаму менавіта ў Адэсе адбыўся захоп Дому прафсаюзаў? Вы ня думалі чаму? Адэса — такі свабодны горад, кантрабандна-гандлёвы. А я скажу чаму. Бо там за Пуціна быў кожны чацьвёрты. Яны лаялі ўкраінскую ўладу, а Пуціна называлі нармальным мужыком: «Расейцы, вы не разумееце, вам жа так пашанцавала, у вас нармальны, бл...ць мужык усім кіруе». А я аднаму такому кажу: «Вось ты тут таксуеш. Колькі ты аддаеш аднаму?» «Нічога я нікому не аддаю». «А будзеш аддаваць палову. А празь некаторы час замест цябе будзе ехаць выхадзец з Таджыкістану і будзе гэта рабіць таньней, чым ты. І ты нічога ня зможаш зрабіць».
— Наколькі вобраз Пуціна як супэрхітрага, магутнага палітыка, які заўсёды ідзе на крок наперадзе ад рэшты і ўсіх абыгрывае, блізкі да праўды?
— Гэта паранаідальны стары, «Царь Кощей над златом чахнет». Параноік, які баіцца свайго ценю і адлюстраваньня, які запалохвае іншых, абяцае і падкупляе. Каб усё заблытаць, каб гуляць на розных узроўнях. Тут дамовіцца, там падмануць, тут на...ць, там адтэрмінаваць, там паныць, тут падтасаваць, разбадзяжыць, размуціць, падарваць. Ён муціць і муціць наўкола. Пры гэтым мэта ў яго адна — пажыцьцёвая ўлада і як мага больш актываў каля сябе, і дажыць да таго часу, калі ўладу можна будзе перадаць у спадчыну.
— Хто зь іх, на вашу думку, больш эфэктыўны — Лукашэнка або Пуцін — у пытаньні захаваньня ўлады?
— Тут яны маглі б паспаборнічаць, яны абодва эфэктыўныя. Больш сумленны хіба што Лукашэнка. Лукашэнка напэўна скраў менш, бо ў яго проста было менш магчымасьцяў. Прапарцыйна нават да колькасьці жыхароў у Лукашэнкі менш крыві на руках. Я ведаю пра зьнікненьні ў Беларусі і што ўсё сыходзіцца на ім. Але ў Беларусі можна было весьці сумленны бізнэс, хоць і з вар’яцкімі абсурднымі падаткамі. Можна было мець 3 капейкі, а 15 аддаваць дзяржаве. Ты плаціш усё і ўсім, але пры гэтым ты можаш хоць неяк існаваць. Калі б да бізнэсоўцаў прыехалі расейскія мянты, то яны б усіх абкэшылі, а беларускія прыехалі б і ўсіх запакавалі і адправілі ў турму. Вось такая розьніца.
— А хто зь іх, на вашу думку, даўжэй пратрымаецца ва ўладзе?
— Лукашэнка. Па-першае, ён чыста фізычна мацнейшы, здаравейшы. Хоць некаторыя і пішуць, што ўлада Лукашэнкі скончыцца 9 жніўня, я не магу так сьцьвярджаць. Ёсьць такія расейскія экспэрты, якія раней былі ковідэкспэртамі, а да гэтага экспэртамі па нафце, і яны перакананыя, што 9 жніўня Лукашэнку будзе канец. У Расеі складана ўявіць, што Пуцін пратрымаецца яшчэ 6 гадоў, бо эканоміка рэальна схлопваецца к херам.
Трэба аддаць належнае Беларусі, што яна плюс-мінус навучылася нажывацца ў эканоміцы на расейскіх глупствах. Ці то гаворка пра казыно, ці забарону нейкіх прадуктаў, транзыт людзей і тавараў. Увогуле я лічу, што калі б Беларусь правяла рэформы і трошкі больш адкрылася, каб менш было падаткаў і фактару нявызначанасьці, постсавецкага нявер’я ў прыватную ініцыятыву, то агулам, пры ўмове, што няма нават ані нафты ані газу, нічога не перашкаджае, каб за вельмі кароткія тэрміны ваша краіна дасягнула больш за 20 тысяч даляраў ВУП на чалавека. Гэта абсалютна выканальна проста паводле мэнтальнага коду.
— А чым мэнтальны код беларусаў так моцна адрозьніваецца ад расейскага?
— Беларусы менш агрэсіўныя, больш працаздольныя, менш п’юць, у краіне роўны нацыянальны склад. Няма праблемаў з радыкальнымі перасяленцамі-мусульманамі. Вельмі добрае і камфортнае разьмяшчэньне ў Эўропе. Акрамя ўлады нічога не перашкаджае правесьці рэформы і быць на ўзроўні былых рэспублік Югаславіі, Польшчы. Дасягнуць такога ўзроўню жыцьця і свабодаў — гэта ня нешта невыканальнае. Але два гэтыя чалавекі, Пуцін і Лукашэнка, крадуць у нас будучыню, крадуць наш камфорт, нашыя грошы і магчымыя заробкі. Яны проста крадуць нашыя жыцьці.
«Калі беларусы хочуць разбагацець, яны павінны быць гатовымі, што шмат чаго давядзецца прадаць»
— А вы былі калі-небудзь у Беларусі?
— Быў у 2006 і 2007 гадах. Ціха і спакойна, людзі езьдзяць паволі. Змрочныя казыно. Нерэальна прыгожыя жанчыны, але бледныя і сумныя, у ня вельмі моднай на той час вопратцы. Жудасны будынак бібліятэкі, проста страшны. Парадак, чысьціня. Ветлівыя, але суворыя міліцыянты. Вялізны аэрапорт, які напалову не выкарыстоўваецца. Гэта проста шакавала. У Эрмітажы вісіць карціна Мікалая Ге. На ёй вялікі палац, рымскія руіны пасьля падзеньня імпэрыі. У адным кавалку жыве нейкая сялянская сям’я, а рэшта разваленая. Так гэта і выглядае.
— Ці можа такая краіна паўтарыць посьпех Эстоніі абоі Польшчы?
— У любую сэкунду. Гэта пытаньне волі. Давайце ўзгадаем узровень карупцыі ў Грузіі ў 2003 годзе, узровень жыцьця, тысяча даляраў на чалавека ў год. Людзі палілі на вуліцы мэблю. То вады няма, то электрычнасьці. Здавалася, што грузінскую карупцыю перамагчы немагчыма, што гэта кумаўство на ўсё жыцьцё, што нічога іншага не атрымаецца. Нам даказвалі, што гэта нацыянальны код. І што? Выпалілі ўсё нахер напалмам. Потым часткова нешта вярнулася назад, бо чалавек з воляй прайграў выбары.
— У Беларусі ёсьць меркаваньне, што сапраўды незалежнай краінай, якая здольная правесьці рэформы, яна можа стаць толькі тады, калі Расея будзе слабая. Ці згодныя вы з гэтым?
— Або калі новыя ўлады Беларусі дамовяцца з ЗША і тыя гарантуюць магчымасьць лібэральных рэформаў.
— Лукашэнка на такое здольны?
— Не.
— Што яму замінае, калі рэформы, як вы гэта апісалі, могуць гарантаваць доўгае і бясьпечнае кіраваньне?
— Бо ён савецкі. Каб забясьпечыць 20 тысячаў даляраў ВУП, трэба спачатку зрабіць незалежным суд. Для гэтага ты ня можаш праехаць каля рынку і сказаць: «А чаму тут такі бруд?» А яму скажуць: «А гэта прыватныя ўладальнікі рынку, яны ня сочаць за ім». «Якія, на х.., прыватныя ўладальнікі, вярнуць яго дзяржаве!» Такога быць не павінна. І калі гэта стане немагчымым, і будуць нізкія падаткі, і суды, якія судзяць справядліва, як у Лёндане або Таронта, тады ўсё гэта будзе. Калі можна будзе ўвозіць і вывозіць ежу без паперак і тлумачэньняў. Калі можна будзе атрымаць дазвол на будаўніцтва за 28 дзён і адчыніць за суткі кампанію разам з рахункам, без дурных праверак, онлайн. Гэта ўжо правераныя рэцэпты.
— І дзе гэта ўдалося, акрамя краінаў Балтыі, у якіх зусім іншая гісторыя і мэнтальны код, як вы кажаце?
— Частка спраўджаная на Грузіі. Нешта атрымалася ідэальна, нешта не. Але што тычыцца эканомікі, то трэба аддаць належнае, што ў Кахі Бэндукідзэ і Саакашвілі па факце ў асноўным атрымалася. Там няма нічога звышнатуральнага, што людзі ня могуць зрабіць. Наадварот, яны зрабілі натуральныя рэчы. Яны прыбралі, адкуль ня трэба, дзяржаўныя рукі, лішняе рэгуляваньне і падаткі.
Мы ўсё яшчэ жывем савецкімі схемамі, на вялікі жаль. А вось прылятаеш у Дубай, у аэрапорт, пабудаваны ангельскімі архітэктарамі, едзеш потым на ангельскай машыне ў гатэль, які належыць саўдытам, дзе працуюць індусы. У гатэлі няма аніводнага араба, а багатыя індусы, ангельцы, амэрыканцы. Цябе абслугоўваюць людзі з Узбэкістану, Пакістану і М’янмы. Ежа з усяго сьвету. І што тут арабскага? Нічога. І я казаў знаёмым кіяўлянам: «А вы гатовыя да таго, што ваш аэрапорт будзе належаць лібанскаму мільярдэру, гатэлі належаць амэрыканцам, а прыбіраюць выхадцы зь Сярэдняй Азіі. І ты ўвогуле ня чуеш украінскай гаворкі, усе, хто жыве там — не ўкраінцы, а людзі, якія прыехалі весьці туды бізнэс або займацца сэксам за грошы. Ты гатовы, што Кіеў будзе такім?» А ён кажа: — «Не». І яму адказаў: «Вы ніколі ня будзеце багатымі, калі ўсе будуць так думаць».
— А што павінна адбыцца, каб гэта зьмянілася?
— Сілавік, эканаміст і папуліст, як у Грузіі, якія нічога не баяцца і шчыра вераць у тое, што яны робяць, у нейкі момант, на хвалі пратэставых настрояў павінны як мага хутчэй пасячы на салат усе савецкія наслаеньні і зрабіць рэформы, пакуль ніхто не апамятаваўся.
Ня трэба паўсюль тыкаць сьцяг і ўсё гэта выпячваць, бо гэта і так усё тваё. І зямля твая, і законы твае. Але трэба мець вялікую сілу волі, каб вось так усім і ўсё раздаць. Калі вы да гэтага гатовыя, то вы будзеце багатымі, а калі не, то багатымі вы ня станеце. Па-іншаму яго не працуе. Тое самае можа быць і ў Менску. Беларускі бізнэс, праз тое, што яго я..лі, плюшчылі, рабавалі, ён ня быў у канкурэнтнай атмасфэры. І таму ён прайграе амэрыканскаму, эўрапейскаму і нават расейскаму. І таму ясна, што ўсе дамы, кампаніі, гатэлі ня будуць беларускімі. Хто да гэтага гатовы? Людзі? Не. Магчыма, да гэтага гатовыя самыя маладыя і адукаваныя, а рэшта да гэтага не гатовая.
Да адкрытасьці ніхто не гатовы. Чакаць тры пакаленьні, пакуль выкрышталізуецца нейкая сьвядомая нацыя? Можна, але гэта доўгі шлях. Хуткі шлях — гэта шлях Нью-Ёрку, Дубаю, часткова Грузіі, урад Мэйдзі ў Японіі. Хуткі шлях — гэта калі Пётра І будаваў флёт і паклікаў людзей, дзе ніхто не размаўляў па-расейску. З 15 адміралаў 14 размаўлялі па-нямецку. Але флёт жа быў расейскі, і перамогі былі расейскія. Гатовыя да такога? Не. А ў гэтым і ўвесь цымус. А Лукашэнка адпавядае старому і закасьцянеламу саўку, які не гатовы. Гэта праблема і ва Ўкраіне, і ў Расеі. Праблема Беларусі, як і ўсяго постсаўка, што яны трымаюцца за сваю беднасьць, каб яна была гарантаваная.
— У Беларусі частка людзей баіцца рэформаў, што адкрытая эканоміка прывядзе да таго, што прыйдуць расейскія бізнэсоўцы і што Беларусь усё страціць.
— Вы ня страціце, а прадасьце. У гэтым і ўся прыгажосьць. Верагодныя расейскія бізнэсоўцы павінны жыць паводле беларускіх законаў і плаціць падаткі Беларусі. І тое, яны набудуць там нешта толькі тады, калі зразумеюць, што гэта іхнае надоўга і што яны на гэтым будуць зарабляць. У адваротным выпадку яны нічога ня купяць. У нас і так бізнэсы «временщиков». Цяпер зьмяшалі з га...ом Патаніна за тое, што разьлілося паліва ў «Норнікелі». Зразумела, што калі б Патанін ведаў, што гэта дастанецца ягоным унукам, то нічога б падобнага не адбылося. Як кажа Дзерыпаска? Я проста часовы наглядчык за актывам. І ў любую хвіліну, калі дзяржава скажа яму аддаць, ён аддасьць. А павінна быць сваё назаўсёды. Як у Ангельшчыне.
Тут, дапусьцім, зносяць увесь квартал, а камусьці належыць дом. Ён там не жыве, унукі жывуць у Аўстраліі, а дзеці кажуць: «А мы супраць зносу і ня хочам прадаваць». І ён так стаіць, адключаны ад усяго, нават ад падатку на нерухомасьць. І ніхто ня можа нічога зрабіць. Калі ў вас будзе так, то ўсе будуць укладаць у нерухомасьць, тады ўсе будуць усё набываць.
«Акрамя межаў з Паўночнай Карэяй і Кітаем, межаў у Расеі быць не павінна»
— Ці трэба баяцца Расеі?
— Пуціна і яго ваеншчыну баяцца ўсе і я. Расея як дзяржава на гэты момант злая і вельмі непрадказальная. Яны нават наўмысна зрабілі так, каб распаліць русафобію ва Ўкраіне, каб даказаць, што навокал усе ворагі.
— А хто павінен кіраваць Расеяй, каб суседзі яе не баяліся?
— Чалавек, які сканцэнтраваны не на заваёвах, а на грашах, на гандлі, які думае катэгорыямі інвэстыцыяў, а не гарматаў, калашоў, танчыкаў.
— Ёсьць такія?
— Іх поўна. У параўнаньні зь сёньняшнім Пуціным, лепшы кожны другі. Нават палова ватнікаў у душы нашмат больш справядлівыя людзі, чым гэты. Я заўсёды зь недаверам гляджу на левы крэн Навальнага, але нават ён будзе лепшы. Гэта ў 500 000 разоў лепш, чым Пуцін, хоць гэта ня блізка мне.
— А якімі павінны быць ідэальныя адносіны паміж Беларусьсю і Расеяй? Томас Ільвэс лічыць, што каля межаў Расеі можа быць або вораг, або васал.
— У мяне іншая думка, і калі б я прымаў рашэньні, то рабіў бы ўсё інакш. Я за прастору бяз мытні і памежнікаў. Ты праяжджаеш мяжу, і мяняюцца толькі сьцягі. Наўрад ці адзін эмісійны цэнтар, але ня трэба быць звышэканамістам, каб зразумець, што ад адкрытай эканамічнай прасторы ўсе выйграюць. Але дзеля гэтага ня трэба пасылаць танкі, трэба проста быць выгадным партнэрам. Тымі сувязямі, мэнтальнымі кодамі, якія былі створаныя ў пэрыяд «турмы народаў», трэба прагматычна карыстацца для заробку, супольна.
Незалежнасьць і ізаляцыянізм — гэта дзьве вялікія розьніцы. Я абсалютна супраць таго, каб Расея ізалявалася. Акрамя межаў з Паўночнай Карэяй і Кітаем, межаў у Расеі быць не павінна.