Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка трэці раз з пачатку лета згадаў пра Майдан. Кажа, «ня будзе»


Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка сабраў 10 чэрвеня нараду з удзелам кіраўніка сваёй адміністрацыі Ігара Сергеенкі, старшыні Савету Рэспублікі Натальлі Качанавай і кіраўніка спраў прэзыдэнта Віктара Шэймана. На нарадзе ён прасіў старшыню Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзію Ярмошыну даць справаздачу «аб тым, што адбываецца».

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

«Я ўсё бачу, — перадае БелТА словы Лукашэнкі, адрасаваныя Ярмошынай. — Галоўнае, вы не хвалюйцеся. У патрэбны час у патрэбным месцы мы прывядзем усіх у пачуцьці. Перавароту ў краіне ня будзе. Майдану — тым больш».

1 чэрвеня: «Майданаў у Беларусі ня будзе»

Падобную заяву Лукашэка рабіў 1 чэрвеня, калі прыняў з дакладам старшыню Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Валерыя Вакульчыка:

«Мы абсалютна ведаем мэты, якія перасьледуюць тут асобныя ветрагоны, — казаў тады Лукашэнка. — Гэтыя мэты нам зразумелыя: зладзіць нам майданчык напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў або ў дзень прэзыдэнцкіх выбараў. Так яны плянавалі. Хачу на гэтай сустрэчы вас папярэдзіць і ўсіх, хто нас пачуе, усіх гэтых „майданутых“ хачу папярэдзіць, што майданаў у Беларусі ня будзе».

4 чэрвеня: «Ну дык мы нагадаем» пра расстрэлы дэманстрантаў

Праз тры дні Лукашэнка згадаў падзеі ва Ўкраіне, не назваўшы наўпрост падзеі Рэвалюцыі годнасьці на кіеўскім Майдане Незалежнасьці:

«Некаторым беларусам здаецца, што гэта дзесьці далёка Ўкраіну разбурылі, ідзе вайна там, адхапілі частку тэрыторыі», — казаў ён.

У той прамове ён згадаў іншыя канфлікты на тэрыторыі былога СССР: у Малдове, Грузіі, Таджыкістане і Ўзбэкістане. Найбольшы розгалас атрымала згадка апошняга канфлікту:

«Забыліся, як былы прэзыдэнт Карымаў у Андыжане здушыў путч, расстраляўшы тысячы чалавек, — заявіў Лукашэнка. — Усе асуджалі яго, а калі памёр — на каленях стаялі, галасілі-плакалі. Мы гэтага не перажылі, таму мы гэтага разумець ня хочам — некаторыя. Ну дык мы нагадаем».

У Цэнтральную выбарчую камісію паступіла просьба не рэгістраваць Лукашэнку кандыдатам у прэзыдэнты ў сувязі з тым, што ён «наўпрост ці ўскосна гаварыў пра ўжываньне гвалту да іншадумцаў, прыводзячы прыклады Ўзбэкістану і Таджыкістану з масавымі расстрэламі». Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адказала на гэта адмовай: «здагадкі пра пагрозы суб’ектыўныя».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG