Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У жылах цячэ ня кроў, а свабода». Зяленскі сказаў, чым украінцы адрозьніваюцца ад беларусаў і расейцаў


Архіўнае фота. Уладзімір Зяленскі робіць сэлфі з украінцамі перад цырымоніяй інаўгурацыі прэзыдэнта Ўкраіны. 20 траўня 2019 году
Архіўнае фота. Уладзімір Зяленскі робіць сэлфі з украінцамі перад цырымоніяй інаўгурацыі прэзыдэнта Ўкраіны. 20 траўня 2019 году

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што для яго незалежнасьць краіны складаецца зь некалькіх аспэктаў — жоўта-блакітны сьцяг, дзяржаўны гімн і ўсьведамленьне прыналежнасьці да ўкраінцаў.

«Незалежнасьць — гэта разуменьне, што ты менавіта ўкраінец», — сказаў Уладзімір Зяленскі ў інтэрвію інтэрнэт-выданьню «Українська правда», журналісты якога правялі два дні з прэзыдэнтам у ягонай працоўнай паездцы па Хмяльніцкай вобласьці.

Калі журналіст папрасіў Зяленскага ўдакладніць, чым украінцы адрозьніваюцца, напрыклад, ад расейцаў і беларусаў, прэзыдэнт Украіны адказаў:

«Мы вельмі мэнтальна адрозьніваемся. Шчырыя, вельмі свабодныя. Рэальна — ве-е-е-льмі свабодныя! Вольная, стэпавая (краіна), ведаеш?»

На яшчэ адно, удакладняльнае пытаньне: «Дух казацкі?», Уладзімір Зяленскі дадаў:

«Так, яно ёсьць дакладна. У жылах цячэ гэта — нават ня кроў, а свабода».

Гэта нельга анэксаваць

Прэзыдэнт Украіны адзначыў, што ўсьвядоміў адметнасьць украінцаў і іхную любоў да свабоды яшчэ ў 2003–2004 гадах, калі ва Ўкраіне адбыўся першы Майдан — Аранжавая рэвалюцыя:

«Напэўна, на Майдане, яшчэ калі Юшчанка стаў прэзыдэнтам. Здаецца, тады ўсе зразумелі, мільёны людзей. Незалежнасьць украінцаў у мэнтальнасьці, у крыві, у мозгу. Гэта тое, што ёсьць і што будзе. Тое, што немагчыма забраць. І нават анэксаваць».

Адказваючы на пытаньне аб тым, якім прэзыдэнтам Зяленскі застанецца ў гісторыі, кіраўнік украінскай дзяржавы пасьля паўзы сказаў:

«Такім, які не ваюе за ўладу».

21 красавіка 2019 году, калі па выніках Нацыянальнага экзыт-полу стала зразумела, што Ўладзімір Зяленскі перамагае на прэзыдэнцкіх выбарах, у сваім выбарчым штабе ён заявіў: «Я зараз хачу зьвярнуцца да ўсіх постсавецкіх краін. Паглядзіце на нас — усё магчыма».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG