Кіраўнік беларускага Цэнтру стратэгічных і зьнешнепалітычных дасьледаваньняў Арсень Сівіцкі заяўляе, што цяпер стварыліся спрыяльныя геапалітычныя ўмовы для ўмяшаньня Расеі ў беларускія выбары, адказвае на пытаньне, ці не зьяўляецца «пагроза Расеі» страшылкай улады, і заяўляе, што калі гэтая прэзыдэнцкая кампанія пойдзе паводле жорсткага сцэнару, то гэта будзе азначаць крызіс вонкавай легітымнасьці Аляксандра Лукашэнкі.
Сьцісла
- Зараз стварыліся ўсе ўмовы — унутрыпалітычныя, замежнапалітычныя, якія спрыяюць умяшаньню з боку Расеі.
- Аляксандар Лукашэнка сваёй пазыцыяй стрымлівае стратэгічныя намеры Масквы у заходнім кірунку.
- У Менску нарэшце зразумелі, што Расея зь сяброўскай і партнэрскай краіны ператвараецца ў пагрозу незалежнасьці.
- Любы кандыдат, які будзе ўсур’ёз аспрэчваць манаполію на ўладу Лукашэнкі, будзе дамагацца падтрымкі з боку Расеі.
- Калі гэтая кампанія пойдзе паводле жорсткага сцэнару, то гэта будзе азначаць крызіс вонкавай легітымнасьці Аляксандра Лукашэнкі.
— Апошнія дні вы зноў даволі актыўна сталі пісаць тэксты пра магчымасьць і небясьпеку «прамога ўмяшаньня Расеі» ў прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі. З другога боку, многія аналітыкі заяўляюць, што Крэмль ня мае намеру і жаданьня актыўна ўмешвацца ў гэтыя выбары. Якія ў вас доказы вашай вэрсіі?
— Пра такі сцэнар мы разважаем і папярэджваем ад 2015 году, калі стала зразумела, што Беларусь можа стаць новым «геапалітычным посьпехам» для Крамля. Бо менавіта ад 2015 году ідзе плянамерная і мэтанакіраваная падрыхтоўка да ўмяшаньня ў палітычныя працэсы ў Беларусі. І гэтае ўмяшаньне не выключае выкарыстаньня ваенных сродкаў, ня кажучы пра такія інструмэнты, як інфармацыйны, палітычны і эканамічны ціск. Мы назіраем павялічэньне гэтага комплекснага ціску на беларускі бок.
Цяпер стварыліся ўсе ўмовы — унутрыпалітычныя, замежнапалітычныя, якія спрыяюць гэтаму ўмяшаньню з боку Расеі.
— Якія гэта ўмовы?
— Перш за ўсё, мы бачым, што пратэставыя настроі ў беларускім грамадзтве даволі істотна ўзмацніліся ў выніку эпідэміялягічнага і эканамічнага крызісаў. Сукупнасьць гэтых двух чыньнікаў стварае вельмі сур’ёзныя падставы для дэстабілізацыі сытуацыі ў Беларусі. З другога боку, калі казаць пра геапалітычны ляндшафт, то мы бачым, што адным з вынікаў каранавірусу стала ўзмацненьне нацыянальнага эгаізму. ЗША і Эўразьвяз цяпер сфакусаваныя на ўнутраных праблемах, Кітай найперш заклапочаны стасункамі з ЗША.
Таму Расея, па сутнасьці, мае карт-блянш, каб прасунуць свае геапалітычныя інтарэсы ў Беларусі і Ўкраіне.
— У якой форме Расея захоча «прасоўваць свае інтарэсы»? Кожныя выбары ў Беларусі ўзьнікаюць размовы, што Крэмль будзе імкнуцца адсунуць Лукашэнку ад улады, і кожны раз у выніку аказваецца, што Масква альбо яго падтрымлівала, альбо захоўвала нэўтральнасьць. Любы іншы чалавек на пасадзе кіраўніка Беларусі азначае няпэўнасць і магчымы хаос для Крамля. Чаму ж Масква павінна імкнуцца замяніць Лукашэнку?
— Аляксандар Лукашэнка сваёй пазыцыяй у кантэксьце супрацьстаяньні Расеі і Захаду, па сутнасьці, стрымлівае стратэгічныя намеры Масквы ў заходнім кірунку. Менск адмовіўся далучыццца да мілітарысцкіх плянаў Крамля ў дачыненьні Ўкраіны, дзяржаваў Балтыі і Польшчы. Больш за тое, Аляксандар Лукашэнка адмовіўся ад так званага «інтэграцыйнага ўльтыматуму». У 2010 годзе за тыдзень да галасаваньня Лукашэнка ўсё ж такі падпісаў пакет дакумэнтаў аб стварэньні мытнага саюзу.
Але сёньня сытуацыя радыкальна адрозьніваецца. Бо калі Беларусь далучалася да мытнага саюзу, яна захоўвала сувэрэнітэт, стратэгічную аўтаномію ў адносінах з Расеяй, і цяпер мае магчымасьць блякаваць рашэньні Расеі ў інтэграцыйных утварэньнях.
Але той інтэграцыйны ўльтыматум, які зараз навязвае Расея Аляксандру Лукашэнку, відавочна прывядзе да страты стратэгічнай аўтаноміі Беларусі, якая дазваляе блякаваць нявыгадныя для Беларусі рашэньні. А таксама прывядзе да падрыву манапольнай улады Аляксандра Лукашэнкі. І гэта тая чырвоная лінія, празь якую ён не зьбіраецца і ня можа пераходзіць.
З улікам таго, што Крэмль не зьбіраецца адмаўляцца ад свайго інтэграцыйнага ўльтыматуму, відавочна, што нарастаньне супярэчнасьцяў так ці іначай прывядзе да канфлікту і крызісу ў адносінах.
— На выбарах 2015 году галоўнай «страшылкай» была тэма Майдана: «Вы хочаце, каб было як ва Ўкраіне?» Маўляў, «калі мы выйдзем на Плошчу, то прыйдзе Пуцін і тут будзе Расея». Але ў цяперашняй кампаніі гэта, здаецца, ужо не працуе. Цяпер тэзіс пра «пагрозу Расеі» ўспрымаецца многімі як хітрыкі ўладаў. Многія людзі, здаецца, нават гатовыя сказаць: «Ну няхай хоць Расея дапаможа яго скінуць». Бо галоўнае пытаньне для большасьці — як адхіліць ад улады Лукашэнку, а ня што будзе потым.
— Трэба ўдакладніць, чым адрозьніваецца сытуацыя ў 2015-м і чаму жорсткі сцэнар тады быў менш верагодны, чым сёньня. У 2015 годзе ў Расеі зьявілася сырыйская кампанія. Для Расеі тады важна было прадэманстраваць, што яна зьяўляецца ня толькі рэгіянальнай дзяржавай, але і глабальным гульцом, зь якім трэба лічыцца.
У 2015 годзе ў Крамлі на стале ляжала два партфоліё — беларускае і сырыйскае. Тады было вырашана спачатку адпрацаваць сырыйскую тэму, а ўжо потым вяртацца да Беларусі. Тады Менск толькі пачынаў выходзіць з ізаляцыі, нармалізоўваць адносіны з Захадам, паглыбляць стратэгічныя стасункі з Кітаем. Усе гэтыя тэндэнцыі і працэсы маглі ствараць пагрозу для інтарэсаў Расеі толькі ў сярэднетэрміновай пэрспэктыве — 5-10 гадоў.
Цяпер гэтыя 5 гадоў прайшлі. Беларусь дабілася пэўных поспехаў у гэтых кірунках, і гэта ня можа не хваляваць расейскі бок. Таму цяпер рызыка ўмяшаньня Расеі ў беларускія справы вельмі вялікая.
Можна зразумець тых, хто лічыць, што «пагроза з боку Расеі» выкарыстоўваецца беларускімі ўладамі для таго, каб мабілізаваць электарат на падтрымку Лукашэнку. Але такі акцэнт зьвязаны з тым, што ў Менску нарэшце зразумелі, што Расея зь сяброўскай і партнэрскай краіны ператвараецца ў пагрозу незалежнасьці.
Аднак я пагаджуся і з тымі, хто лічыць, што гэты лёзунг не зьяўляецца вельмі эфэктыўным для мэтаў мабілізацыі электарату ва ўмовах, калі сацыяльна-эканамічнае становішча пагаршаецца. І гэтыя пытаньні — мовы, гісторыі, нават незалежнасьці — адыходзяць на другі плян для большасьці беларусаў.
— Калі Расея мае нейкія такія падступныя пляны, то яны павінны абапірацца на кагосьці. Ці бачыце вы адпаведныя структуры, арганізацыі, якія маглі б спрыяць ажыцьцяўленьню ў Беларусі плянаў Масквы? Ці бачыце вы сярод прэтэндэнтаў у прэзыдэнты людзей, якія маглі б стаць рычагамі для ажыцьцяўленьня гэтых плянаў Расеі?
— Расея мае вельмі шырокі інструмэнтар уплыву на ўнутрыпалітычную сытуацыю, як прама, так і ўскосна. Апошнім часам, цягам 3-4 гадоў, Расея разгортвала інфраструктуру ўплыву. Найперш уплыву на грамадзкія настроі. Стварэньне розных інфармацыйных сетак, нетрадыцыйных мэдыя, выкарыстоўваньне інфармацыйных тэхналёгіяў — тролі, боты, гэтак далей.
У прэзыдэнцкай кампаніі так ці інакш любы кандыдат, які будзе ўсур’ёз спрабаваць аспрэчыць манаполію на ўладу Аляксандра Лукашэнкі, будзе дамагацца падтрымкі з боку Расеі. Гэта цалкам натуральна з дзьвюх прычынаў. Першая — большасьць беларусаў геапалітычна арыентуюцца на саюз ці моцныя партнэрскія стасункі з Расеяй. Другая — усе разумеюць, што якія б не былі вынікі кампаніі, легітымнасьць гэтых вынікаў залежыць ад пазыцыі Расеі. Ці прымае яна іх, ці зьбіраецца яна працаваць з выбраным прэзыдэнтам або не.
На прыкладзе Ўкраіны мы можам казаць, што калі ў лютым 2014-га адбыўся канстытуцыйны пераход улады, Расея гэтага працэсу не прызнала і выкарыстала ў якасьці нагоды для ваеннага ўмяшаньня. Я думаю, усе беларускія асноўныя кандыдаты гэта разумеюць. І калі яны і да сёньня не наладзілі адносіны з Крамлём, яны будуць шукаць гэтыя стасункі.
Моцная пагроза палягае ў тым, што калі гэтая кампанія пойдзе паводле жорсткага сцэнару, то гэта будзе азначаць у тым ліку крызіс вонкавай легітымнасьці Аляксандра Лукашэнкі. Гэтым абавязкова скарыстаецца Масква, мы гэты ўжо бачылі ў 2011–2014 гадах. Гэта мінімум. А максымум — пераканаць міжнародных партнэраў, што ўмяшаньне Расеі ў беларускі крызіс будзе спрыяць ягонаму хутчэйшаму вырашэньню. І тады яно адбудзецца пад спрыяльнымі ўмовамі для Расеі і ня выкліча нэгатыўнай рэакцыі Захаду.
— У выніку — што беларускія ўлады могуць і павінны рабіць, калі яны ведаюць і разумеюць пагрозу з боку Расеі? Як сабе паводзіць, каб пагасіць гэтую небясьпеку?
— Першае — адмовіцца ад жорсткіх рэпрэсійных практык, якія прыводзяць да ўзмацненьня пратэставых настрояў. Другое — крызіс легітымнасьці часам зьвязаны з тым, што асноўныя палітычныя гульцы, у нашым выпадку гэта Лукашэнка, ня хочуць дзяліцца ўладай. Таму відавочна неабходна стварэньне такіх пляцовак, дзе прадстаўнікі розных групаў могуць сесьці за адзін стол і разважаць пра далейшы лёс краіны. Мне здаецца, што два такія крокі маглі б паспрыяць таму, што градус напружанасьці ў беларускім грамадзтве пачаў бы зьніжацца.
І самы галоўны рэцэпт — эфэктыўнае і апэратыўнае вырашэньне тых праблем, зь якімі сутыкаецца грамадзтва. У замежнай палітыцы трэба адпавядаць чаканьням нашых асноўных партнэраў, найперш Захаду і Кітаю. На сёньня мы ім адпавядаем па мінімуме, таму яны ўсё менш зьвяртаюць увагу на Беларусь.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.