Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Адмарозкі і майданутыя». Што Лукашэнка казаў пра апанэнтаў і пратэсты ў выбарчыя гады


Ілюстрацыйнае фота. Аляксандар Лукашэнка на выбарчым участку падчас парлямэнцкіх выбараў 2019 году
Ілюстрацыйнае фота. Аляксандар Лукашэнка на выбарчым участку падчас парлямэнцкіх выбараў 2019 году

Кожныя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі суправаджаліся эмацыйнымі заявамі Аляксандра Лукашэнкі на адрас сваіх апанэнтаў і тых, хто рызыкаваў выходзіць на вулічныя пратэсты. Свабода прыгадала, што Лукашэнка казаў аб пратэстах з 2006 году.

2006 год: Ніякага захопу ўлады ня будзе

Пратэст на Кастрычніцкай плошчы Менску 20 сакавіка 2006 году
Пратэст на Кастрычніцкай плошчы Менску 20 сакавіка 2006 году

Перад выбарамі 2006 году КДБ Беларусі нібыта раскрыў змову: апанэнты Лукашэнкі ўвечары пасьля выбараў рыхтуюць сілавы захоп улады.

«КДБ „накрыў“ 72 арганізацыі, забраў у іх мабільныя тэлефоны, падрыхтаваныя пратаколы фальсыфікацыі выбараў. 19 чысла яны хацелі выйсьці з гэтымі пратаколамі і абвясьціць пераможцам каго-небудзь з „адмарозкаў“ і сказаць, што ўлада фальсыфікавала выбары», — казаў Лукашэнка напярэдадні дня выбараў 19 сакавіка.

Апазыцыя, а гэта кандыдаты Аляксандар Мілінкевіч і Аляксандар Казулін, клікала сваіх прыхільнікаў на мірны пратэст увечары пасьля выбараў. Лукашэнка некалькі разоў паўтараў пра змову.

«Некаторыя кандыдаты настойліва заклікаюць людзей выйсьці на вуліцы, калі вынікі ня будуць на іх карысьць. Дык гэта разуменьне дэмакратыі?! Беспарадак, бунты, прымяненьне сілы. Я гарантую, што ніякага перавароту ў нашай краіне ня будзе. Ня будзе захопу будынкаў, блякаваньня вуліц і плошчаў», — а гэта ўжо заява ад 18 сакавіка, за дзень да выбараў.

Увечары 19 сакавіка людзі ўсё ж сабраліся на Кастрычніцкай плошчы ў Менску. Па падліках назіральнікаў і відавочцаў, выйшла некалькі дзясяткаў тысяч чалавек. У той вечар пратэстоўцаў не разганялі. На плошчы паставілі намёты, пратэст доўжыўся да ночы 24 сакавіка. Уначы намётавы гарадок разагналі, міліцыя затрымала каля 500 чалавек.

Разгон намётавага гарадку. 24 сакавіка 2006 году
Разгон намётавага гарадку. 24 сакавіка 2006 году

ЭЗ і ЗША пасьля выбараў увялі санкцыі, у чорны сьпіс трапілі сам Лукашэнка і шэраг чыноўнікаў. Ім забаранілі ўезд у ЭЗ. На інаўгурацыі Аляксандар Лукашэнка зноў казаў пра «каляровыя рэвалюцыі» і вінаваціў заходнія краіны ва ўмяшаньні ва ўнутраную палітыку Беларусі.

«Іх прынцып застаецца нязьменным: падзяляй і ўладар, зьмяняюцца толькі формы: для адных краін вайсковае ўварваньне, для іншых — вірус «каляровых рэвалюцый», — сказаў Лукашэнка.

2010 год: «Далі табе па галаве, дык ты ж прэзыдэнтам хацеў быць»

У 2010 годзе кандыдатамі ў прэзыдэнты зарэгістравалі 10 чалавек. На Ўсебеларускім народным сходзе Лукашэнка выказаўся адразу пра ўсіх.

«Чаму яны такія агрэсіўныя, як вы заўважылі, у апошніх дэбатах з экранаў? — задаўся пытаньнем Лукашэнка. — Яны хочуць паказаць сваім спонсарам — „глядзіце, якія мы, і што мы сумленна адпрацоўваем грошы“. Я вас нядаўна папярэджваў, што грошы дадуць толькі на экстрэмістаў. Усе хочуць разгайдаць нашу сытуацыю, і ня толькі таму, каб зьнішчыць нашу краіну, а зрабіць яе рабыняй».

Калі ў 2006 годзе Лукашэнка вінаваціў ва ўмяшаньні Захад, то ў 2010 — Усход, а дакладней — Расею. Кандыдатаў ён назваў «прарасейскімі, бо ім далі там грошы».

Разгон мінтынгоўцаў 19 сьнежня 2020 году
Разгон мінтынгоўцаў 19 сьнежня 2020 году

Ноч 19 сьнежня скончылася брутальным разгонам мітынгоўцаў каля Дому ўраду. Былі затрыманыя да тысячы чалавек, а КДБ распачаў крымінальную справу за арганізацыю масавых беспарадкаў. Затрымалі амаль усіх кандыдатаў у прэзыдэнты: Уладзімера Някляева, Андрэя Саньнікава, Яраслава Раманчука, Віталя Рымашэўскага, Міколу Статкевіча, а таксама кіраўнікоў іх штабоў.

20 сьнежня на прэсавай канфэрэнцыі Лукашэнка выказаўся і пра кандыдатаў, і пра пратэсты.

«Калі ты актыўны ўдзельнік масавых беспарадкаў — ёсьць сьледзтва, ёсьць суд, з табой разьбяруцца, — сказаў Лукашэнка. — А ўвогуле, лёс у іх руках: і экс-кандыдатаў, і затрыманых, і тых „баевікоў“, якія грамілі. Чалавек 20 ужо вызначылі: усе па два, па адным тэрміне ўжо адседзелі, то бок гэта людзі, якія мелі праблемы з законам».

Падчас разгону мітынгоўцаў ля Дому ўраду 19 сьнежня 2010 году
Падчас разгону мітынгоўцаў ля Дому ўраду 19 сьнежня 2010 году

Тады ж Лукашэнка зноў казаў пра «вялікія грошы і структуры», якія стаялі і за пратэстамі, і за кандыдатамі. І сьледзтва, і суд такіх фактаў не ўстанавілі.

20 сьнежня было незразумела, дзе знаходзіцца паранены Ўладзімер Някляеў, якога выкралі зь лякарні. Лукашэнка выказаўся і пра яго:

«І яны яшчэ хацелі быць прэзыдэнтамі. Табе па мордзе далі, а ты лямантуеш на ўвесь сьвет. Ты ж павінен трываць. Табе заўтра 70 гадоў, а ты яшчэ не навучыўся сваімі мазгамі варушыць», — сказаў ён.

Праз 10 гадоў пасьля тых выбараў так і не вядома, хто напаў на калёну Някляева, якая рухалася да Кастрычніцкай плошчы, і параніў кандыдата ў прэзыдэнты.

2015 год: «„Чалавек у спадніцы“ ня зможа выконваць абавязкі прэзыдэнта»

У 2015 годзе выбары ў Беларусі прайшлі бяз масавых пратэстаў. Асноўным апанэнтам называлі Тацяну Караткевіч. Пра яе Лукашэнка выказваўся ў звыклай манеры.

«У прэзыдэнта купа паўнамоцтваў, чалавек у спадніцы ня зможа іх, хутчэй за ўсё, выконваць», — сказаў ён.

Тацяна Караткевіч на выбарчым участку 11 кастрычніка 2015 году
Тацяна Караткевіч на выбарчым участку 11 кастрычніка 2015 году

Напярэдадні вечара ў дзень выбараў Аляксандар Лукашэнка папярэдзіў людзей пра акцыі пратэсту.

«Раю выконваць закон. Не таму, што мы баімся за гэтых 400 чалавек. Мы турбуемся аб тых разяваках, якія зьбіраюцца», — сказаў Лукашэнка.

Увечары 11 кастрычніка на Кастрычніцкай плошчы ў Менску сабраліся некалькі соцень чалавек, яны прайшлі да Плошчы Незалежнасьці. Міліцыя затрымала 17-гадовага юнака.

2020 год: «Мы ведаем, на чыіх машынах ён езьдзіць, хто яго фінансуе»

Сёлета Аляксандар Лукашэнка пачаў крытыкаваць апанэнтаў яшчэ на этапе збору подпісаў, а агітацыя ў гэты час за сябе ці супраць кагосьці забароненая законам.

«Мы абсалютна ведаем мэты, якія перасьледуюць тут асобныя ветрагоны. Гэтыя мэты нам зразумелыя: зладзіць нам „майданчык“ напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў або ў дзень прэзыдэнцкіх выбараў. Так яны плянавалі. Хачу на гэтай сустрэчы вас папярэдзіць і ўсіх, хто нас пачуе, усіх гэтых „майданутых“ хачу папярэдзіць, што „майданаў“ у Беларусі ня будзе», — сказаў Лукашэнка.

Як і ў 2010 годзе, Аляксандар Лукашэнка намякнуў на грошы з Расеі для прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта.

«Мы ведаем, адкуль вятры дзьмуць на нашу беларускую зямлю, — выказаўся Аляксандар Лукашэнка. — На жаль, не з таго боку, адкуль хацелася б. Але мы гатовыя да любых вятроў».

Да гэтага ён дадаў, што Канстытуцыя ў Беларусі «не пад жанчыну».

І ахарактарызаваў кожнага з прэтэндэнтаў. Сяргей Ціханоўскі аказаўся «шалудзівы», Валер Цапкала, паводле Лукашэнкі, «хітруе», а Віктару Бабарыку кіраўнік дзяржавы прапанаваў «падумаць, дзе ён будзе працаваць пасьля выбараў».

«Гэта як бы незалежная газэта ў Расеі. Але мы ведаем, хто яе фінансуе... Нібыта інтэрвію бярэ ў аднаго шалудзівага, інакш не назавеш, які тут ходзіць, крычыць па Менску больш, дый у іншых гарадах. Але мы ведаем, на чыіх машынах ён езьдзіць, хто яго фінансуе», — абмаляваў Лукашэнка кампанію Ціханоўскага.

29 траўня на перадвыбарчым пікеце Сьвятланы Ціханоўскай затрымалі блогера Сяргея Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося. Распачатая крымінальная справа за напад на міліцыянта.

Агулам подпісы за вылучэньне кандыдатам у прэзыдэнты сёлета зьбіраюць 15 чалавек.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG