Юрыдычны камітэт Сэнату ЗША ў бліжэйшы час вернецца да пытаньня пра расьсьледаваньне магчымых сувязяў людзей з акружэньня Дональда Трампа з Расеяй — на гэты раз з мэтай высьветліць, ці не было гэтае сьледзтва адкрытае апанэнтамі Трампа з парушэньнем закону.
Пра гэта паведаміў 14 траўня кіраўнік камітэту рэспубліканец Ліндсі Грэм, адзін з палітычных саюзьнікаў прэзыдэнта.
Паводле яго, камітэт праверыць дзеяньні Міністэрства юстыцыі і шэрагу чыноўнікаў адміністрацыі папярэдніка Трампа на пасадзе прэзыдэнта, Барака Абамы. Гаворка ідзе, у прыватнасьці, пра сачэньне за былым дарадцам Трампа Картэрам Пэйджам і пра раскрыцьцё асобы былога дарадцы Трампа генэрала Майкла Фліна ў сакрэтных справаздачах, у тым ліку аб яго тэлефоннай размове з расейскім амбасадарам.
Юрыдычны камітэт таксама разгледзіць пытаньне аб правамернасьці прызначэньня Робэрта Мюлера ў якасьці спэцпракурора, вядучага расейскае расьсьледаваньне, паведамляе Голас Амэрыкі.
Ліндсі Грэм адмовіўся выклікаць на слуханьні былога прэзыдэнта Барака Абаму, насуперак просьбе Трампа. Паводле Грэма, гэта стварыла б дрэнны прэцэдэнт.
Трамп з самага пачатку «расейскага расьсьледаваньня» абвінавачваў сваіх апанэнтаў-дэмакратаў і прадстаўнікоў былой адміністрацыі ў тым, што яны пачалі гэтае расьсьледаваньне з парушэннем закону і без дастатковых доказаў, толькі каб нанесьці Трампу палітычныя страты. «Расейскае расьсьледаваньне» Трамп назваў «Абамагейтам», па аналёгіі са справай «Ўотэргейт», якая ў 1970-я гады каштавала прэзыдэнцкага крэсла Рычарду Ніксану.
Трамп напісаў 14 траўня ў сваім твітэры, што Грэм павінен выклікаць Абаму для дачы паказаньняў у Сэнаце. «Калі б я быў сэнатарам ці кангрэсмэнам, то першым, каго я б выклікаў, каб даць сьведчаньні пра самае вялікае палітычнае злачынства і скандал у гісторыі ЗША… — гэта былога прэзыдэнта Абаму. Ён ведаў УСË… Зрабі гэта, Ліндсі Грэм, проста зрабі гэта», — запатрабаваў прэзыдэнт.
«Раней вы дасьледавалі мяне, цяпер мая чарга», — напісаў раней Трамп у твітэры.
Грэм адзначыў, што Абама, у сваю чаргу, абвінавачвае Трампа ў тым, што цяперашні прэзыдэнт падрывае вяршэнства закону.