З 7 траўня анархіста Мікіту Емяльянава, якога асудзілі на 7 гадоў турмы за кіданьне фарбы ў Менскі гарадзкі суд і бутэлькі гаручай вадкасьці ў дзьверы СІЗА на вуліцы Валадарскага, адправілі ў памяшканьне камэрнага тыпу, у якім асуджаных трымаюць у якасьці пакараньня за злосныя парушэньні.
Пра гэта паведаміла актывістка кампаніі дапамогі палітвязьням DissidentBY Марына Касінерава. Яна ўдакладніла Свабодзе, што Мікіта Емяльянаў напісаў пра гэта ў лісьце.
9 красавіка Емяльянава этапавалі ў Бабруйскую калёнію № 2. Паводле Касіренавай, за месяц ён правёў у атрадзе толькі тры дні, астатні час — у ізалятары.
Як адзначае Марына Касінерава, ёсьць верагоднасьць, што пасьля ПКТ Емяльянава могуць этапаваць у крытую турму ў Магілёве, бо лічыцца, што ў яго ўжо шмат парушэньняў.
У недзяржаўнай арганізацыі «Прававая ініцыятыва», якая займаецца абаронай правоў чалавека ў Беларусі, перакананыя ў тым, што на Емяльянава аказваюць ціск супрацоўнікі калёніі, ствараючы невыносныя ўмовы і шматразова караючы нібыта за парушэньне рэжыму.
«Такога кшалту ціск раней зазналі і іншыя палітвязьні, напрыклад, Зьміцер Дашкевіч і Мікалай Дзядок. Ня выключана, што па такім жа сцэнары будзе распачата крымінальная справа па арт. 411 КК РБ („Злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы“, караецца пазбаўленьнем волі да 1 году — РС)», — дапускаюць у «Прававой ініцыятыве».
12 лютага суд Савецкага раёну Менска асудзіў анархістаў Мікіту Емяльянава і Івана Комара на 7 гадоў пазбаўленьня волі кожнага за «псаваньне маёмасьці, учыненае агульнанебясьпечным спосабам (ч. 1 арт. 14 ч. 2 артыкулу 218 КК, ч. 2 артыкулу 218 КК)».
У віну актывістам ставілася закідваньне лямпачкамі з фарбай фасаду Менскага гарадзкога суду ў верасьні 2019 году і два эпізоды выкарыстаньня гаручай сумесі для падпалу дзьвярэй сьледчага ізалятару летась у кастрычніку ў Менску. Урон ад дзеяньняў быў ацэнены меней чым у 1,5 рубля.
Емяльянаў ня адмаўляў свайго ўдзелу ў акцыях, заявіўшы, што мэтай было прыцягненьне ўвагі да палітычных зьняволеных у Беларусі.
14 лютага праваабаронцы прызналі Мікіту Емяльянава і Івана Комара палітвязьнямі, бо судовае рашэньне «сьведчыць аб непрапарцыйным пакараньні ў сувязі з поглядамі і перакананьнямі».
Пазьней прысуд анархістам усё ж зьменшылі: Емяльянаву прысудзілі 4 гады, Комару — 3 гады 6 месяцаў калёніі ўзмоцненага рэжыму.