Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як заходнія лідэры ўшанавалі памяць загінулых у Другой сусьветнай вайне


Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, старшыня бундэстагу Вольфганг Шойбле, прэзыдэнт Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер, прэм'ер-міністар зямлі Брандэнбург Дытмар Войдке і прэзыдэнт Канстытуцыйнага суда Нямеччыны Андрэас Воскюле ўшаноўваюць памяць загінулых у Другой сусьветнай вайне
Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, старшыня бундэстагу Вольфганг Шойбле, прэзыдэнт Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер, прэм'ер-міністар зямлі Брандэнбург Дытмар Войдке і прэзыдэнт Канстытуцыйнага суда Нямеччыны Андрэас Воскюле ўшаноўваюць памяць загінулых у Другой сусьветнай вайне

8 траўня заходнія лідэры ўшанавалі памяць загінулых у Другой сусьветнай вайне.

Нямеччына

8 мая прэзыдэнт ФРГ, канцлер, а таксама старшыні бундэстагу, бундэсрату і Канстытуцыйнага суду ўсклалі вянкі да мэмарыялу ахвярам войнаў і тыраніі Нойе Вахе.

У 2020 годзе эпідэмія каранавірусу вымусіла адмяніць усе прымеркаваныя да 75-годзьдзя заканчэньня Другой сусьветнай вайны ў Эўропе буйныя грамадзкія мерапрыемствы. Сярод іх — прызначаны прэзыдэнтам Нямеччыны галоўны дзяржаўны ўрачысты акт, які зьяўляецца вышэйшай формай палітычнага ўшанаваньня ў ФРГ, гаворыцца ў публікацыі Deutsche Welle.

З нагоды дня заканчэньня Другой сусьветнай вайны ў Эўропе такі акт праводзіўся ў Нямеччыне толькі адзін раз — 8 траўня 1995 году.

Гэтым разам урачыстасьці і ўскладаньне вянкоў праходзілі, хутчэй, у камэрнай абстаноўцы. Без публікі прайшло і экумэнічнае набажэнства ў бэрлінскім саборы. Другое галоўнае адрозьненьне гэтага дня ад усіх папярэдніх у тым, што ўпершыню 8 траўня абвясьцілі сьвяточным непрацоўным днём. Праўда, пакуль толькі ў Бэрліне і толькі ў гэтым годзе.

Кожны год 8 траўня ў Нямеччыне ўспамінаюць выступ у бундэстагу ў гэты дзень у 1985 годзе тагачаснага прэзыдэнта Рыхарда фон Вайцзэкера, які тады ўпершыню назваў дзень заканчэньня Другой сусьветнай вайны ў Эўропе днём вызваленьня і немцаў: «Гэты дзень вызваліў — вызваліў нас усіх — ад чалавеканенавісьніцкай сыстэмы нацыянал-сацыялісцкай дыктатуры», адзначаецца ў публікацыі.

Вялікая Брытанія

Каралева Вялікай Брытаніі Лізавета II зьвярнулася да суайчыньнікаў з нагоды 75 гадавіны заканчэньня Другой сусьветнай вайны ў Эўропе.

Каралева Вялікай Брытаніі Лізавета II
Каралева Вялікай Брытаніі Лізавета II

«Калі я гляджу на нашу краіну сёньня і бачу, наколькі мы імкнемся абараніць і падтрымаць адзін аднаго, я з гонарам кажу, што мы ўсё яшчэ тая краіна, гледзячы на якую адважныя салдаты, маракі і лётчыкі [Другой сусьветнай] пазналі б яе і захапіліся б ёю».

«Яны змагаліся, каб мы маглі жыць у міры — і дома, і за мяжой. Яны загінулі, каб мы маглі жыць як вольны народ у сьвеце свабодных нацый», — сказала Лізавета II, зьвяртаючыся да суайчыньнікаў 8 траўня.

Францыя

У Францыі сьвята Перамогі 8 траўня ў гэты раз адзначылі, захаваўшы асноўныя мерапрыемствы, якія ва ўмовах карантыну прайшлі без удзелу публікі, паведаміла «Міжнароднае францускае радыё». Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон удзельнічаў у памятных цырымоніях у Парыжы. У іншых гарадах Францыі прайшлі цырымоніі ўскладаньня вянкоў да помнікаў загінулым у Другой сусьветнай вайне.

Эманюэль Макрон падчас традыцыйнай цырымоніі ўшанаваньня ля Трыўмфальнай аркі
Эманюэль Макрон падчас традыцыйнай цырымоніі ўшанаваньня ля Трыўмфальнай аркі

Па традыцыі, прэзыдэнт Францыі раніцай 8 траўня пабываў на Елісейскіх палях, дзе ўсклаў вянок да помніка Шарлю дэ Голю, а потым удзельнічаў у традыцыйнай цырымоніі ля Трыюмфальнай аркі. Яна звычайна праводзіцца ля Вечнага агню і магілы Невядомага салдата пры вялікай колькасьці гараджан, у прысутнасьці вэтэранаў вайны і школьнікаў. На гэты раз, у сувязі з эпідэміяй каранавірусу, цырымонія прайшла без удзелу публікі.

ЗША

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп 8 траўня выпусьціў зварот з нагоды 75-годзьдзя перамогі над нацызмам у Эўропе. Пасланьне апублікаванае на сайце Белага дома.

«75 гадоў таму апошнія рэшткі нацысцкага рэжыму безагаворачна здаліся Саюзным Дзяржавам, што адзначыла заканчэньне Другой сусьветнай вайны ў Эўропе», — гаворыцца ў пасланьні.

Дональд Трамп адзначыў у пасланьні, што перамога над фашызмам у Эўропе далася дарагой цаной — загінулі больш за 30 мільёнаў чалавек, большасьць зь іх — мірныя жыхары, у тым ліку 6 мільёнаў габрэяў, якія жылі ў Польшчы і былым Савецкім Саюзе. ЗША таксама панесьлі значныя страты: з 2 мільёнаў амэрыканцаў, якія ваявалі на палях Эўропы, якія змагаліся ў Атлянтыцы і Міжземным моры, загінулі 186 тысяч чалавек.

Трамп назваў пакаленьне амэрыканцаў, якія ваявалі на франтах Другой сусьветнай вайны, «найвялікшым пакаленьнем, якое ніколі ня будзе забыта». «Мы заўсёды будзем удзячныя за іх непамерны ўнёсак у посьпех і росквіт нашай краіны». У Другой сусьветнай вайне прынялі ўдзел 16 мільёнаў амэрыканцаў, цяпер у жывых засталося менш за 400 тысяч зь іх.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG