Некалькі чалавек затрымалі ў Лідзе і Горадні 8 траўня. Усе яны бралі ўдзел у сустрэчах з блогерам Сяргеем Ціханоўскім, аўтарам Youtube-каналу «Страна для жизни».
Стала вядома пра затрыманьне яшчэ двух жыхароў Ліды, адзін зь іх — Максім Палонскі. У судзе Лідзкага раёну затрымалі жыхара Ліды Алега Краўцова. Ён разам з паплечнікамі прыйшоў падтрымаць на судзе фэльчара Паўла Палейчыка. Краўцоў таксама ўдзельнічаў у сустрэчы зь Ціханоўскім 22 красавіка ў Лідзе.
Як ён пасьпеў расказаць Свабодзе, яго выклікалі ў РАУС яшчэ 7 траўня, каб даць тлумачэньні ў адміністрацыйнай справе. Як паведаміў Свабодзе лідзкі актывіст Дзяніс, Краўцова затрымалі за ўдзел у «масавым несанкцыянаваным мерапрыемстве» (артыкул 23.34 КаАП Беларусі).
У Горадні міліцыя затрымала Алену Сахарчук, якая прыходзіла на сустрэчу зь Ціханоўскім 26 красавіка ў Горадні. Яна выказвалася падчас гэтай сустрэчы. Гэта стала вядома да горадзенскага актывіста Зьміцера Фурманава.
Паводле Hrodna.life, 8 траўня затрымалі таксама кіраўніка фрык-тэатра «Гексаген» рэжысэра Васіля Калача, каля ягонага дома на вуліцы Белыя Росы ў Гродне. Верагодна, таксама за ўдзел у стрыме «Страна для жизни». Цяпер Васіль Калач знаходзіцца ў РАУС Ленінскага раёна, гэта пацьвердзілі ў міліцыі.
Сябра Беларускага нацыянальнага кангрэсу з Горадні Мікалай Салянік сказаў Свабодзе, што да яго ў кватэру спрабуе ўвайсьці міліцыя. Салянік таксама ўдзельнічаў у сустрэчах зь Ціханоўскім.
8 траўня ў судзе Лідзкага раёну маюцца адбыцца суды над жыхарамі Ліды фэльчарам лідзкай станцыі хуткай Паўлам Палейчыкам і лідзянінам Андрэем Паляковічам, якіх затрымалі напярэдадні.
8 траўня ў Лідзе затрымалі таксама Паўла Анціпкіна.
На плятформе MolaMola пачалі збор сродкаў у дапамогу затрыманым лідзянам.
Блогера Сяргея Ціханоўскага затрымалі ў Магілёве 6 траўня. Увечары 7 траўня міліцыя затрымала таксама прыхільнікаў Ціханоўскага ў Гомлі і Магілёве, якія прыйшлі на акцыі падтрымкі блогера.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.