Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ксяндза з Ашмянаў выявілі каранавірус. Ува ўсім дэканаце скасавалі імшы


Ксёндз Ян Пузына падчас Вербнай нядзелі 5 красавіка 2020 году
Ксёндз Ян Пузына падчас Вербнай нядзелі 5 красавіка 2020 году

Пробашч ашмянскай каталіцкай парафіі на Горадзеншчыне ксёндз Ян Пузына трапіў у шпіталь з каранавірусам. Ва ўсім ашмянскім дэканаце не праводзяцца публічныя багаслужбы.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Заражэньне каранавірусам 47-гадовага ашмянскага дэкана (галоўнага сьвятара ў дэканаце) пацьвердзілі ў курыі Горадзенскай дыяцэзіі.

«Ксёндз-канонік Ян Пузына, пробашч парафіі Сьвятога Міхала Арханёла ў Ашмянах, цяпер знаходзіцца на лячэньні ў шпіталі. Праведзеныя тэсты на прысутнасьць каранавірусу ў арганізьме далі станоўчы вынік. Здароўе сьвятара паступова ідзе на папраўку», — гаворыцца ў паведамленьні курыі.

У касьцёлах Ашмянаў і навакольных вёсак уведзены карантын. Публічныя багаслужбы скасавалі. Аднак, як паведамляе курыя Горадзенскай дыяцэзіі, храмы застаюцца адкрытымі для наведваньня тых, хто хоча памаліцца індывідуальна.

Пра тое, што ксёндз Ян Пузына знаходзіцца ў шпіталі з каранавірусам, пачалі пісаць мэдыя і блогеры з пачатку траўня.

Напярэдадні ў ашмянскім касьцёле адправілі масавую імшу з прычашчэньнем вернікаў і бежмаваньнем (мірапамазаньнем) біскупам.

У камэнтары Deutsche Welle месяц таму Пузына зьдзіўляўся, што людзі ўспрымаюць рэкамэндацыі аб карантыне сур’ёзна.

Вербніцу ў Ашмянах сьвяткавалі на вуліцы. Праз агульную эпідэмічную сытуацыю сёлета адмянілі традыцыйную працэсію на славутую гару крыжоў.

Па словах мясцовых жыхароў, пасьля шпіталізацыі ксяндза Яна Пузыны ва ўдзельнікаў багаслужбы пачалі масава браць тэсты на каранавірус.

Да таго ж у сеціве зьявілася інфармацыя пра тое, што нібыта ў 60-гадовага пінскага біскупа Антонія Дзямянкі, які рабіў бежмаваньне ў Ашмянах, таксама можа быць каранавірус.

Канцлер курыі Пінскай дыяцэзіі ксёндз Андрэй Рылка ў камэнтары Свабодзе зьняпраўдзіў гэтую інфармацыю. Ён сказаў, што біскуп Антоні Дзямянка знаходзіцца ў шпіталі з кардыялягічнай хваробай. Праблемы з сэрцам ярарх меў і раней. Паводле ксяндза Рылкі, у біскупа няма пнэўманіі. Два тэсты на каранавірус, якія бралі ў Дзямянкі ў Пінску і Берасьці, далі адмоўны вынік.

«Ён ідзе на папраўку. Вельмі аптымістычныя прагнозы. Абсалютна ня зьвязана гэта з каранавірусам», — дадаў ксёндз Андрэй Рылка.

Паводле яго, у Пінскай дыяцэзіі няма вядомых выпадкаў, каб сьвятары мелі каранавірус.

Прадстаўнік Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі ксёндз Юры Санько паведаміў Свабодзе, што ў Менска-Магілёўскай дыяцэзіі таксама невядома пра выпадкі заражэньня каранавірусам сярод каталіцкіх сьвятароў.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG