Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску ад каранавірусу памёр дыякан пратэстанцкай царквы


Ілюстрацыйнае фота. Віцебскі клінічны шпіталь
Ілюстрацыйнае фота. Віцебскі клінічны шпіталь

Анатолю Сакалову было 59 гадоў, паведамляе «Наша ніва», якая давелася пра сьмерць дыякана ад брата памерлага, пастара пяцідзясятніцкай царквы «Адраджэньне» ў Віцебску Міхаіла Сакалова.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Паводле Міхаіла Сакалова, ягонаму брату Анатолю стала кепска больш за тры тыдні таму, паднялася тэмпэратура.

«Участковая сказала, што гэта ангіна. Зьбівалі ўсё тэмпэратуру, як маглі. Калі ўжо стала зусім кепска, то выклікалі хуткую. Дактары хуткай адразу сказалі, што гэта ніякая не ангіна, а пнэўманія. Забралі Анатоля ў лякарню, спачатку ў адну, потым перавялі ў другую. 4 траўня было б два тыдні, як брата ўвялі ў мэдыкамэнтозную кому. Ён гіпэртонік, вялікі ціск», — кажа спадар Міхаіл.

Памёр Анатоль Сакалоў 3 траўня апоўдні. Паводле брата, тэст на каранавірус у яго бралі 22 красавіка, праз 2 дні быў станоўчы вынік. У лякарні знаходзілася і жонка дыякана, але яна ўжо паправілася. Тэст на каранавірус у яе быў адмоўным.

«Даведку аб сьмерці мы пакуль ня бачылі, нічога сказаць ня можам», — сказаў брат памерлага.

Пакуль невядома, калі сваякі змогуць разьвітацца з Анатолем. Ім рэкамэндавалі не здымаць залю для разьвітаньня, труна будзе закрытай.

Анатоль Сакалоў працаваў сантэхнікам на віцебскім прадпрыемстве другаснай чорнай мэталюргіі, дапамагаў брату ў царкве — быў за дыякана. Дыякан у пратэстантаў клапоціцца пра матэрыяльны стан царквы, зьбірае ахвяраваньні. Сям’я Сакаловых — пратэстанты ў трэцім пакаленьні, паходзяць зь Лёзьненскага раёну.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG