Дачка і ўнук былога прэзыдэнта Казахстану і пажыцьцёвага старшыні Рады бясьпекі Нурсултана Назарбаева выйгралі ў Лёндане суд па справе аб «неабгрунтаваным багацьці».
Высокі суд назваў памылковым цьверджаньне Нацыянальнага крымінальнага агенцтва Вялікай Брытаніі, што лёнданская нерухомасьць Дарыгі Назарбаевай і Нуралі Аліева была набытая на сродкі, атрыманыя несумленным шляхам. У пазове гаворка ішла пра два дамы і кватэру агульным коштам больш за 80 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў.
Назарбаева і яе сын пасьля абвяшчэньня вэрдыкту заявілі, што адчуваюць сябе рэабілітаванымі. У той жа час Нацыянальнае крымінальнае агенцтва, на запыт якога нерухомасьць адказчыкаў была арыштаваная ў траўні мінулага году, зьбіраецца абскарджваць рашэньне суду.
Агенцтва западозрыла, што ўсе тры дамы былі набытыя на сродкі цяпер нябожчыка Рахата Аліева – былога мужа Дарыгі Назарбаевай. Некалі Рахат Аліеў назваў сам сябе «хросным бацькам». На радзіме ён быў абвінавачаны ў розных злачынствах і быў вымушаны пакінуць Казахстан, пасяліўшыся ў Аўстрыі. Вена адмовілася ад яго экстрадыцыі, але ён быў арыштаваны. Пазьней Аліева, ужо калі ішоў суд, знайшлі павешаным у камэры.
Паводле інфармацыі з сумеснага расьсьледаваньня Бі-бі-сі, Finance Uncovered і Transparency International, гаворка ў справе ішла пра асабняк з падземным басэйнам і кінатэатрам на адной з самых дарагіх вуліц Лёндану — Бішапс-авэню, дом у прэстыжным раёне Хайгейт і велізарную кватэру ў Чэлсі.
Дарыга Назарбаева цяпер узначальвае верхнюю палату парлямэнту Казахстану. Яе сын Нуралі Аліеў называе сябе бізнэсоўцам і інвэстарам.
Нурсултан Назарбаеў, які займаў пасаду прэзыдэнта Казахстану на працягу 30 гадоў, нечакана сышоў у адстаўку год таму. Пры гэтым ён працягвае граць ключавую ролю ў палітычным жыцьці краіны як лідэр кіроўнай партыі «Нур-Атан» і пажыцьцёвы старшыня Рады бясьпекі. Апошнім часам ня раз паведамлялася пра жорсткія разгоны акцый прыхільнікаў апазыцыі, якая выступае за дэмакратычныя пераўтварэньні ў Казахстане.