Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Шараговыя байцы ідэалягічнага фронту сталі больш агрэсіўныя, чым улада»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Ці стала беларуская ўлада слабейшай падчас пандэміі і эканамічнага крызісу? Ці назіраецца раскол уладнага маналіту? У якія формы ўвасабляецца і можа ўвасобіцца абвастрэньне грамадзка-палітычнай сытуацыі? Абмяркоўваюць аглядальнікі Свабоды Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў і Юры Дракахруст.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Сьцісла

Карбалевіч

  • За большую частку часу існаваньня рэжыму Лукашэнкі недавер да існага рэжыму не трансфармаваўся ў падтрымку апазыцыі
  • У момант такога прыроднага крызісу, як цяперашняя пандэмія, адзіны інстытут, які можа ратаваць, — гэта дзяржава
  • Я ня бачу нейкай рэальнай пагрозы для рэжыму. Узровень падтрымкі апазыцыі, як мы бачым, невялікі. Няма альтэрнатывы
  • Пандэмія ніяк не паспрыяла кансалідацыі беларускага грамадзтва перад абліччам небясьпекі, а толькі абвастрыла антаганізм паміж прыхільнікамі і праціўнікамі існага палітычнага рэжыму
  • Маштаб рэпрэсій будзе прапарцыйны маштабу небясьпекі, як яе бачаць улады

Цыганкоў

  • На фоне каранавірусу ўсе астатнія праблем і тэмы — справядліва ці не — пачалі падавацца нейкімі несапраўднымі, няважнымі
  • Улада адчувае, што яе электаральныя пазыцыі зусім не такія прывабныя, як раней
  • Адчуваньне несправядлівасьці будзе нарастаць, калі ўлада ня будзе дапамагаць людзям, што пацярпелі ад каранакрызісу
  • Лукашэнка даказвае, што ўсё добра, аптымістычна, ня трэба панікі. А іншыя інстытуты ладзяць захады дзеля нэўтралізацыі пандэміі. І гэта задавальняе Лукашэнку
  • Пакуль вялікай пагрозы для сябе, вялікага выкліку з боку палітычнай апазыцыі ўлада не адчувае — таму і хоча абысьціся без рэпрэсій

Што засьведчылі праймэрыз апазыцыі?

Дракахруст: Учора скончыліся апазыцыйныя праймэрыз. Ужо больш як месяц галасаваньне за кандыдатаў адбывалася онлайн. У ім узялі ўдзел да 5 тысячаў чалавек. Няшмат на 7 мільёнаў выбаршчыкаў. Гэты вынік і гэты рубеж — нагода паразважаць над бягучай грамадзка-палітычнай сытуацыяй.

Тое, што яна абвастраецца, відавочна. Пандэмія пашыраецца, многія абураныя палітыкай уладаў у барацьбе зь ёй, многія рэзка зьбяднелі.

І ўва што ў грамадзка-палітычным сэнсе гэта ўвасабляецца? Пад пэтыцыямі за карантын падпісваюцца дзясяткі тысячаў чалавек за некалькі дзён, за апазыцыйных кандыдатаў — некалькі тысячаў за некалькі месяцаў. Чаму?

Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Карбалевіч: Тут нічога новага. За большую частку часу існаваньня рэжыму Лукашэнкі недавер да існага рэжыму, масавая незадаволенасьць уладамі (якая, як можна меркаваць, моцна павялічылася з прычыны палітыкі кіраўніцтва дзяржавы падчас пандэміі) не трансфармуецца ў падтрымку апазыцыі. Грамадзтва ня бачыць у дзейнай апазыцыі рэальнай альтэрнатывы Лукашэнку. І сытуацыя не дайшла да пункту, калі народ быў бы гатовы падтрымаць хоць ліхтарны слуп, абы ня дзейнага кіраўніка.

Па-другое, у момант такога прыроднага крызісу, як цяперашняя пандэмія, адзіны інстытут, які можа ратаваць, — гэта дзяржава. Так адбываецца ва ўсім сьвеце. І тым больш у Беларусі, дзе не існуе паўнавартаснай грамадзянскай супольнасьці, грамадзтва расколатае, і адзіная «скрэпа», якая аб'ядноўвае соцыюм, — гэта дзяржава. Гэтым тлумачыцца такая дзіўная сытуацыя, калі насельніцтва абвінавачвае ўладу ў тым, што тая ня ўводзіць карантын, і адначасова да гэтай жа ўлады апэлюе ў тых жа пэтыцыях. І бізнэс па дапамогу зьвяртаецца да той жа ўлады.

Цыганкоў: Я думаю, што працэс праймэрыз «падсеклі» тры прычыны.

  • Першае — сыход Паўла Севярынца ў той момант, калі працэс праймэрыз набіраў сілу і папулярнасьць. Сышоў самы папулярны на той момант кандыдат, які адназначна выйграваў на ўсіх першых этапах, набіраючы больш за 50% амаль ва ўсіх гарадах.
  • Другое — тое, што апазыцыйная грамадзкасьць палітычна была даволі моцна падзеленая на прыхільнікаў удзелу і няўдзелу. І радыкальныя прыхільнікі няўдзелу паводзілі сябе ў сацыяльных сетках даволі актыўна, называючы іншы бок здраднікамі. Думаю, гэта паўплывала на пэўную частку апазыцыйнага электарату і частка людзей пагадзілася з аргумэнтамі «няўдзельнікаў»
  • Але самая галоўная прычына, вядома, каранавіруc. На ягоным фоне ўсе астатнія праблем і тэмы — справядліва ці не — пачалі падавацца нейкімі несапраўднымі, няважнымі. Калі яшчэ такое было, што за 4 месяцы да даты прэзыдэнцкіх выбараў пра іх фактычна мала хто ўзгадвае.

На гэтым фоне і ўдзел у кампаніі праймэрыз пачаў успрымацца многімі як нешта нязначнае. А некаторымі — нават даволі агрэсіўна. Маўляў, пакуль трэба ратаваць жыцьці, вы абы-чым займаецеся, гэта нейкая валтузьня, нейкая дзейнасьць, патрэбная толькі яе ўдзельнікам.

Ці стала ўлада слабейшай?

Дракахруст: Публіцыст Алесь Чайчыц напісаў, пярэчачы Яўгену Прэйгерману і мне, грэшнаму: «Трэба найбольш гучна патрабаваць ад улады правоў і дэмакратыі. Улада адчувае няпэўнасьць. Улада адчувае сваю слабасьць. Гэта бачна». Яму бачна. А вам?

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Мне таксама відаць, што ўлада адчувае, што яе электаральныя пазыцыі зусім не такія прывабныя, як раней. Эканамічныя праблемы нарасталі і да каранавірусу, нарасталі і праблемы ў адносінах з Расеяй, адсутнасьць нейкай ідэі на выбары. А тут пандэмія нараджае новы эканамічны крызіс, людзі звальняюцца, губляюць даходы.

Зь іншага боку, улада пакуль ня бачыць у гэтых працэсах канкрэтнай небясьпекі для сваёй стабільнасьці. Пакуль няма нейкіх прыкметаў сацыяльнага выбуху, улада ня бачыць для сябе пагрозы, якая можа прыйсьці падчас выбараў. Няма моцнага і папулярнага апазыцыйнага лідэра, які на выбарах можа ўзначаліць нейкі масавы супраціў.

Дракахруст: У Чайчыца была імплікацыя: улада стала слабай, значыць, трэба патрабаваць ад яе больш правоў і дэмакратыі. З гэтай высновай вы згодны?

Цыганкоў: Больш правоў і дэмакратыі варта патрабаваць заўсёды. Гэта патрэбна ня толькі палітычным актывістам і праваабаронцам. Іншая справа — ці тая гэта тэма, якая прымушае ўладу саступіць? Мне падаецца, не. На сёньня беларусы выяўляюць незадаволенасьць уладай з прычын, па-першае, эканамічных, па-другое — ад няправільнага стаўленьня ўлады да праблемы каранавірусу, і па-трэцяе — ад адчуваньня сацыяльнай несправядлівасьці. Адчуваньне несправядлівасьці будзе нарастаць, калі ўлада ня будзе дапамагаць людзям, пацярпелым ад каранакрызісу. Я думаю, гэтая тэма цяпер самая гарачая для беларускага грамадзтва, а не абстрактныя правы і свабоды.

Карбалевіч: Правы чалавека і дэмакратыя і ў звычайнай сытуацыі былі далёка не прыярытэтнымі для большасьці беларусаў. А тым больш у пэрыяд пандэміі, калі на коне здароўе і жыцьцё людзей.

Што тычыцца слабасьці ўладаў. Нейкая няпэўнасьць уладаў бачная. Лукашэнка ўвесь час вымушаны апраўдвацца. Бо ідзе насуперак грамадзкай думцы. Для яго сытуацыя ня вельмі камфортная. Асабліва з сацыяльна-эканамічнага гледзішча. Але я ня бачу нейкай рэальнай пагрозы для рэжыму. Узровень падтрымкі апазыцыі, як мы бачым, невялікі. Няма альтэрнатывы.

Больш за тое, Лукашэнка спрабуе скарыстацца сытуацыяй з пандэміяй на сваю карысьць. Ён імкнецца ператварыць мінус (адсутнасьць карантыну) у плюс. Маўляў, я не спыніў эканоміку, і цяпер эўрапейскія краіны адмяняюць карантын, тым самым прызнаюць маю рацыю. Да таго ж усясьветная пандэмія — выдатная «адмазка» ад усіх прэтэнзій наконт зьніжэньня дабрабыту насельніцтва. А сьмяротнасьць ад каранавірусу можна схаваць, зьмікшаваць.

Раскол ва ўладзе ці разьмеркаваньне функцыяў?

Дракахруст: Мы ў нашых перадачах ужо абмяркоўвалі фэномэн паўзучага карантыну. Вось днямі ў Баранавічах улады явачным парадкам скасавалі сьвяткаваньне 1 траўня і 9 траўня, у Берасьці пачатковыя клясы школаў перавялі на хатняе навучаньне. Ці зьяўляецца гэта праявай расколу ўладнага маналіту?

Карбалевіч: Не. Думаю, мясцовым уладам дадзена пэўная аўтаномія ў барацьбе з каранавірусам. І ў Віцебску робяцца больш жорсткія захады. І паміж Пінскам і Лунінцам выстаўляліся міліцэйскія пасты. Дый Міністэрства аховы здароўя гаворыць трохі інакш, чым Лукашэнка. Думаю, адбываецца пэўны падзел працы. Лукашэнка даказвае, што ўсё добра, аптымістычна, ня трэба панікі. А іншыя інстытуты ладзяць захады дзеля нэўтралізацыі пандэміі. І гэта задавальняе Лукашэнку.

Цыганкоў: Не, як і Валер, ніякага «расколу» ў гэтым я ня бачу. Усё гэта дазволена і ўхвалена зьверху. Лукашэнка, выкарыстоўваючы сваю даўнюю фразу, што ў гэтай краіне толькі адзін палітык — ён сам, так і дзейнічае. Бярэ на сябе ўсю «палітыку», а іншыя органы ўлады могуць дазволіць сабе дзейнічаць больш-менш прагматычна і адэкватна.

І гэта не адкрыцьцё. Колькі разоў і раней бывала, што Лукашэнка рабіў нейкія рэзкія заявы, а потым МЗС іх мікшавала ці ўвогуле дэ-факта рабіла нешта адваротнае. Альбо з эканомікай, Лукашэнка выступаў рэзка супраць усялякіх рэформаў, а ўрад праводзіў крокі, якія ўсё ж можна было назваць рынкавымі і нават умоўна рэфарматарскімі.

Сваімі заявамі Лукашэнка вырашае свае палітычныя ці ідэалягічныя задачы — і часам гэта не замінае іншым структурам улады прымаць адэкватныя рашэньні. Калі б хоць раз такое рашэньне нейкага міністэрства альбо мясцовых уладаў хоць у нечым кардынальна пярэчыла пазыцыі Лукашэнкі — ён бы адразу яго спыніў, тут ня варта мець ніякіх ілюзіяў.

Фронт ідэалягічнай вайны

Дракахруст: «Наша Ніва» апублікавала перапіску ў Фэйсбуку двух журналістаў СБ — Дзьмітрыя Крата і Рамана Рудзя. Адносна незалежных журналістаў і грамадзкіх дзеячоў Крат і Рудзь выразаў не выбіраюць — «гніды», «бруд пад пазногцямі», выгнаць з краіны, страляць, паліць агнямётам. Іх старэйшыя калегі ў «Клюбе рэдактараў» на БТ крыху больш карэктныя, але таксама вядуць вайну зь «нячэснымі» журналістамі. Гэтае азлабленьне нарастае з двух бакоў ці толькі з аднаго, афіцыйнага?

Цыганкоў: Абвастрэньне можна назіраць з двух бакоў. У незалежнай прэсе апошнія тыдні вельмі распаўсюджаны жанр — «глядзіце, што пішуць у дзяржаўнай прэсе, як яны асьвятляюць гэтую тэму». Калі казаць пра тую канкрэтную перадачу «Клюбу рэдактараў», якую я таксама глядзеў, то ў мяне засталося ўражаньне, што самым памяркоўным удзельнікам гэтай размовы быў міністар інфармацыі Алесь Карлюкевіч. А іншыя ўдзельнікі, рэдактары дзяржаўных выданьняў выглядалі значна больш агрэсіўнымі і радыкальнымі ў сваім супрацьстаяньні незалежнай прэсе. Гэта нейкі новы фэномэн, калі шараговыя байцы ідэалягічнага фронту на сёньня нават больш агрэсіўныя і зацятыя, чым улада. Пра што кажуць і тыя скандальныя выказваньні Рудзя і Крата.

Карбалевіч: Ужо даводзілася пісаць, што ў Беларусі раскол грамадзтва настолькі глыбокі і непрымірымы, што любы крызіс, нават стыхійнае бедзтва, вядзе толькі да паглыбленьня антаганізму. Напрыклад, тэхнагенная катастрофа — Чарнобыльская аварыя — ня толькі ня стала фактарам кансалідацыі соцыюму, а наадварот, ператварылася ў дадатковы чыньнік расколу. Таму і пандэмія ніяк не паспрыяла кансалідацыі беларускага грамадзтва перад абліччам небясьпекі, а толькі абвастрыла антаганізм паміж прыхільнікамі і праціўнікамі існага палітычнага рэжыму.

Так, дзяржаўная прапаганда становіцца больш агрэсіўнай. Бо, здаецца, прайграе канкурэнцыю ў інтэрнэце. Яе апанэнты таксама выступаюць больш рэзка. То бок крызіс абвастрае супрацьстаяньне. Нічога новага. Асабліва з улікам набліжэньня прэзыдэнцкіх выбараў.

«Жэнэўская канвэнцыя» ідэалягічнай вайны

Дракахруст: Не хацелася б сурочыць, але пакуль гэтае супрацьстаяньне абмяжоўваецца ідэалягічнымі «перастрэлкамі». Ні папярэджаньняў СМІ, ні блякаваньня інтэрнэт-рэсурсаў пакуль не назіраецца. Раней было блякаваньне «Хартыі» і «Партызану», «справа БЕЛТА». Пры тым, што тады сытуацыя не была такая вострая, як цяпер. А цяпер што — развучыліся? Ці свабоду слова палюбілі?

Цыганкоў: Мне падаецца, тут галоўнае — гэта працэс «нармалізацыі» адносін з Захадам, што не дазваляе беларускай уладзе «разгарнуцца» так, як ёй, можа, і хацелася б. Памятаем «справу патрыётаў» у сакавіку 2017 году і тое, як улада вымушана была яе згарнуць, нават не давёўшы да суду. Бо з боку заходніх партнэраў Менску было даведзена, якія наступствы для адносінаў з Захадам могуць быць, калі ў Беларусі зьявяцца новыя палітзьняволеныя.

Да таго ж улада хоча даволі спакойна, бяз моцных эксцэсаў, прыблізна як у 2015 годзе, правесьці прэзыдэнцкія выбары. Пакуль вялікай пагрозы для сябе, вялікага выкліку з боку палітычнай апазыцыі ўлада не адчувае — таму і хоча абысьціся без рэпрэсій. Тым больш што рэпрэсіі адносна прэсы заўсёды і адразу выклікаюць даволі нэгатыўны водгук на міжнародным узроўні.

Карбалевіч: Папярэджаньні былі — той жа «Нашай Ніве». Ня скончаная гісторыя зь Сяргеем Сацуком. Вось сёньня абмяркоўваецца праект дэкрэту аб гуманітарнай дапамозе. Думаю, там будуць новыя абмежаваньні адносна атрыманьня гуманітарнай дапамогі. Але што тычыцца СМІ, то, можа, улады нарэшце зразумелі, што змагацца з інтэрнэтам бессэнсоўна. Мяркую, маштаб рэпрэсій будзе прапарцыйны маштабу небясьпекі, як яе бачаць улады.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG