Мініcтэрства аховы здароўя Беларусі паведаміла, што 20 красавіка прадстаўнікі беларускіх IT-кампаніяў EPAM і Wargaming перадалі каля 700 тысяч фільnравальных масак клясы абароны FFP2 вытворчасьці кампаніі 3M.
Гэта менавіта такія рэсьпіратары, якія Сусьветная арганізацыя здароўя раіць выкарыстоўваць мэдыкам падчас працэдураў з пацыентамі, хворымі на COVID-19.
Такая колькасьць рэсьпіратараў даволі значная. 10 красавіка ў Міністэрстве ахове здароўя казалі, што на той момант «ў мэдычнай сетцы» Беларусі было 176 тысяч рэсьпіратараў.
Зь дзяржаўнага дабрачыннага фонду лякарням купілі 1 тысячу падобных рэсьпіратараў клясы N95. Ад кампаніі «Сервалюкс агра» Мінздароўя перадала ў лякарні 50 тысяч рэсьпіратараў аналягічнай клясы KN95.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.