Цэны на аўтамабільнае паліва ў Беларусі зьнізіліся на 1 капейку, паведамляе канцэрн «Белнафтахім».
«Ад 19 красавіка на аўтазаправачных станцыях цана на аўтабэнзін АІ-92 складае 1,71 рубля, АІ-95 — 1,81 рубля, АІ-98 — 2,03, рубля, дызэльнае паліва — Br1,81», — агучылі новыя тарыфы ў ведамстве.
Цяперашняя зьмена цэньнікаў — адзінаццатая ад пачатку году. 12 красавіка бэнзін і дызпаліва таксама патаньнелі на 1 капейку, упершыню такое здараецца два тыдні запар. Звычайна паліва толькі набірала ў цане.
Зьніжэньне коштаў адбываецца на фоне абвалу коштаў на нафту і зьніжэньня сусьветнага попыту. Нягледзячы на пагадненьне краін-экспартэраў, марка Brent таргуецца на міжнародных біржах ніжэй за 30 даляраў, а WTI зафіксавалася ў раёне 20 даляраў за барэль.