У Пастаўскім раёне выяўлена 13 хворых на каранавірус. Яшчэ 8 красавіка паведамлялася пра 2 выпадкі. З чым зьвязаны такі рост?
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
«Гэта закон малых лічбаў. Было 4, стала 13. Гэта проста прыйшлі аналізы. Усюды расьце, і ў нас у раёне расьце», — сказала карэспандэнту Свабоды галоўны ўрач Пастаўскага раённага цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі Сьвятлана Расьсеева.
Яна паведаміла, што гэта завозныя выпадкі: «Яны ўсе пастаўчане, але прыехалі з-за межаў. Захворваньне праходзіць у лёгкай форме, толькі адна пацыентка знаходзілася на ШВЛ».
Зьвесткі пра тое, колькі жыхароў знаходзіцца на ізаляцыі, чыноўніца прадставіць адмовілася.
«Гэтыя лічбы мы не даём, — сказала яна. — Мы выяўляем кантактных, апрацоўваем ачагі, праводзім інфармацыйную працу. УП ЖКХ праводзіць дэзынфэкцыю, апрацоўвае пад’езды, дзіцячыя пляцоўкі і дарогі».
Ва Ўшацкім раёне на лячэньні ў інфэкцыйным аддзяленьні раённай бальніцы цяпер 7 чалавек з каранавірусам, адзін выпісаны.
«Іх стан здавальняючы, тэмпэратуры няма, людзі папраўляюцца. Сярод інфікаваных жыхары ня толькі Ўшачаў, але і раёну», — сказаў галоўны лекар Ушацкага раённага цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі Павал Саўчанка.
Зь якіх населеных пунктаў паходзяць захварэлыя, доктар Саўчанка сказаць адмовіўся.
«Гэтую інфармацыю я не магу вам даць, гэта ўрачэбная тайна», — сказаў Павал Саўчанка.
На ўчорашні дзень выяўлены 81 кантакт першага ўзроўню.
«Цяпер мы ўдакладняем шляхі заражэньня. Праводзім расьсьледаваньні, і лічбы могуць крыху мяняцца, — сказаў Саўчанка. — Пакуль новых выпадкаў няма. Чакаем вынікаў дасьледаваньняў. У нас пакуль усё спакойна».
У абодвух раёнах усе, хто захварэў, — дарослыя, мэдычных работнікаў сярод іх няма.
Агулам ва Ўшацкім раёне 53 пацыенты з пнэўманіямі.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ