Міністэрства аховы здароўя Беларусі апублікавала ў сваім Telegram-канале статыстыку выпадкаў COVID-19 у Беларусі на 6 красавіка. Як раней тлумачыла міністэрства, гэтыя лічбы актуальныя на 8 гадзін раніцы.
Паводле міністэрства, цяпер:
- 634 чалавекі з каранавіруснай інфэкцыяй «на стацыянарным лячэньні»;
- асноўная частка зь іх — «кантакты першага ўзроўню», якія на момант выяўленьня вірусу ўжо былі ў стацыянарах;
- у большасьці хвароба працякае ў лёгкай або сярэдняй форме;
- 53 чалавекі выпісаныя здаровымі;
- 13 чалавек памерлі, яны мелі «шматлікія хранічныя захворваньні, абцяжараныя каранвіруснай інфэкцыяй»;
- міністэрства не публікуе агульнай колькасьці зафіксаваных выпадкаў COVID-19, але калі скласьці 634 на лячэньні + 53 выпісаныя + 13 памерлых, выходзіць роўна 700 выпадкаў — 138 новых за дзень;
- «звыш 40 тысяч» тэстаў на каранавірусную інфэкцыю правялі ад пачатку эпідэміі;
- агулам за апошнія два дні выпісалі 355 пацыентаў, якія былі на розных формах кантролю і лячэньня ў сувязі ў каранавірусам.
Днём раней Мінздароўя паведамляла пра 562 выпадкі: 502 чалавекі пад назіраньнем мэдыкаў, 52 выпісаныя пасьля лячэньня, 8 памерлі. Два дні таму было 440 выпадкаў і 5 сьмерцяў, тры дні таму — 351 выпадак і 4 сьмерці.
Вядомыя на гэты час ахвяры:
- У Віцебску яшчэ 28 сакавіка памерла работніца фабрыкі «Чырвоны Кастрычнік» Галіна Шастоўская. Ёй было 54 гады. Дачка жанчыны распавяла Tut.by, што яе мама «літаральна за пяць дзён згарэла ад пнэўманіі», у яе «быў пацьверджаны каранавірус».
- 73-гадовая пэнсыянэрка Аляксандра Чэпік, памерла ўвечары 30 сакавіка ў Віцебскім абласным клінічным спэцыялізаваным цэнтры (ВАКСЦ, былы чыгуначны шпіталь).
- 75-гадовы актор Драматычнага тэатра імя Якуба Коласа Віктар Дашкевіч, памёр у ноч з 30 на 31 сакавіка ў ВАКСЦ.
- 70-гадовая настаўніца зь вёскі Новыя Доктаравічы (Менская вобласьць) Натальля А., памерла 1 красавіка ў Капыльскай цэнтральнай раённай бальніцы.
- 70-гадовы вайсковы пэнсіянэр Уладзімер Сідараў, памёр 2 красавіка ў ВАКСЦ.
- 67-гадовая Вольга Дзеравянка, памерла 1 красавіка ў 2-й гарадзкой клінічнай лякарні Менску.
- 60-гадовы мянчук памёр у сталічным інфэкцыйным шпіталі 3 красавіка.
- 4 красавіка o менскай інфэкцыйнай бальніцы памёр 69-гадовы былы супрацоўнік Нацыянальнага банку Юры Осіпаў. У яго была пнэўманія, выкліканая вірусам COVID-19.
Міністэрства аховы здароўя раней сьцьвярджала, што захады супраць распаўсюду COVID-19 нібыта дазволілі прадухіліць «840 выпадкаў на дзень», а агулам за тры месяцы 2020 году ўсіх выпадкаў пнэўманіяў стала менш: летась за гэты пэрыяд было 20 250 пнэўманіяў, пралечаных у стацыянарах, ад якіх памерлі 153 чалавекі, а сёлета — 18 032 пралячылі, 128 памерлі.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.