Прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан у ноч на 6 красавіка быў шпіталізаваны для абсьледаваньня ў сувязі з каранавіруснай інфэкцыяй. У яго захоўвалася высокая тэмпэратура.
Як піша BBC, Джонсан шпіталізаваны для плянавых тэстаў і мае застацца ў лякарні Сэнт-Томас у Лёндане толькі на адну ноч.
55-гадовы Борыс Джонсан паведаміў, што заразіўся COVID-19, у відэазвароце 27 сакавіка. У мінулую пятніцу, 3 красавіка, ён расказваў, што сымптомы ў яго засталіся празь 10 дзён па выяўленьні вірусу, але ён працягвае працу ў самаізаляцыі — у «прэм’ерскім» будынку ў Лёндане, на Даўнінг-стрыт, 10.
Нявеста Джонсана Кэры Саймандз расказвала 4 красавіка, што застаецца дома, бо мае сымптомы каранавірусу, але пакуль ня бачыць патрэбы праходзіць тэст. Яна сама адзначала, што яе турбуе тое, што яна хварэе падчас цяжарнасьці.
Тым часам каралева Вялікай Брытаніі Лізавета ІІ чацьвёрты раз за час на пасадзе зачытала экстраны зварот да нацыі. 5 красавіка яна заклікала брытанцаў да самадысцыпліны і рашучасьці ў час пандэміі, а таксама паабяцала, што «лепшыя дні вернуцца».
Вялікая Брытанія цяпер на 8-м месцы ў сьвеце ў колькасьці выпадкаў COVID-19 (47,8 тысячы) і на 5-м у колькасьці сьмерцяў (4934), распаўсюд вірусу працягвае паскарацца. Але колькасьць выпадкаў на душу насельніцтва там цяпер утрая меншая за Італію і на траціну меншая за ЗША.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.