Кітай схаваў сапраўдны ўзровень эпідэміі COVID-19, паведамляючы заніжаныя лічбы інфікаваных і памерлых ад хваробы. Пра гэта гаворыцца ў сакрэтнай справаздачы амэрыканскай выведкі для Белага дому, якую цытуе агенцтва Bloomberg са спасылкай на трох амэрыканскіх афіцыйных асоб, якія пажадалі захаваць ананімнасьць.
Паводле адной з крыніцаў Bloomberg, дакумэнт быў перададзены амэрыканскай адміністрацыі на мінулым тыдні. Прэсавыя службы Белага дому і амбасады Кітаю з ЗША пакуль не адказалі просьбы Bloomberg аб камэнтары.
Эпідэмія пачалася ў кітайскай правінцыі Хубэй у канцы 2019 году. Кітай публічна паведаміў пра 82 тысячы інфікаваных і 3300 памерлых ад COVID-19. У саміх Злучаных Штатах на сёньня зарэгістравана больш за 189 тысяч інфікаваных і больш за 4 тысячы памерлых ад гэтай хваробы.
Нягледзячы на тое, што Кітай прыняў жорсткія меры супраць распаўсюду каранавіруснай інфэкцыі, шмат хто ў самой краіне і па-за яе межамі ставіў пад сумнеў афіцыйныя кітайскія лічбы.
Кітайскі ўрад некалькі разоў мяняў мэтодыку падлікаў – да прыкладу, доўга не ўлічваліся пацьверджаныя выпадкі інфэкцыі без сымптомаў, і толькі 31 сакавіка больш чым 1,500 такіх інфікаваных дадалі да статыстыкі. Тысячы урнаў ў каля пахавальных дамоў у правінцыі Хубэй таксама выклікалі сумневы ў афіцыйнай статыстыцы Пэкіну.
Дэбара Біркс, імуноляг Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША, кажа, што публічная інфармацыя кітайскіх уладаў паўплывала на чаканьні іншых краінаў у сувязі з эпідэміяй. На прэсавай канфэрэнцыі ў аўторак Біркс патлумачыла, што мэдычная супольнасьць інтэпрэтавала кітайскія зьвесткі такім чынам: «Гэта сур'ёзна, але менш маштабна, чым чакалася».
«Мне здаецца, магчыма таму, што значная частка інфармацыі адсутнічала, здарылася тое, што мы цяпер бачым у Італіі і Гішпаніі».
Кітай не адзіная краіна, чые афіцыйныя лічбы сумнеўныя, адзначае агенцтва. Афіцыйныя асобы ў краінах Захаду ставілі пад сумнеў лічбы з Ірану, Расеі, Інданэзіі і асабліва з Паўночнай Карэі, якая зусім не паведаміла пра выпадкі новай каранавіруснай інфэкцыі. Таксама імаверна, што лічбы заніжаюць Саудаўская Арабія і Эгіпет, піша Bloomberg.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ