Сэйм Польшчы ў ноч на 28 сакавіка ўнёс папраўкі ў выбарчы кодэкс і прыняў антыкрызісны плян, каб зьмякчыць наступствы пандэміі, паведамляюць польскі тэлеканал tvn24.pl і беластоцкае радыё.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Зьмены перад выбарамі
Папраўкі, прынятыя Сэймам Польшчы да адмысловага закону аб каранавірусе, дазваляюць галасаваць дыстанцыйна людзям, старэйшым за 60 гадоў, і тым, хто знаходзіцца на карантыне. 222 дэпутаты прагаласавалі «за» гэтыя папраўкі, 214 — «супраць», трое ўстрымаліся.
Да таго ж, згодна са зьменамі, якія прыняла партыя «Закон і справядлівасьць» (PiS) у другім чытаньні, нельга будзе дыстанцыйна галасаваць палякам за мяжой і на марскіх судах.
Антыкрызісны плян
Да таго ж, 28 сакавіка польскі сэйм прыняў закон, які мае падтрымаць кампаніі ў сувязі з эпідэміяй каранавірусу. Ён павінен абараніць людзей ад страты працоўных месцаў, падтрымаць сыстэму аховы здароўя, забясьпечыць фінансавую сыстэму, падтрымаць прадпрымальнікаў і дзяржаўныя інвэстыцыі. Вядзецца пра сотні мільярдаў злотых (або сотні мільёнаў даляраў) на праграму падтрымкі.
Гэты закон:
- вызваляе мікрапрадпрыемствы, якія былі зарэгістраваныя да 1 лютага 2020 году і ў якіх працуе да 9 чалавек, а таксама самазанятае насельніцтва ад страхавых выплатаў (ZUS) цягам 3 месяцаў;
- прадугледжвае выплату дапамогі за прастой прадпрыемстваў у памеры да 2 тысяч злотых (каля 490 даляраў) для падрадчыкаў і самазанятых;
- прадугледжвае выплату грошаў у памеры да 40% сярэдняга месячнага заробку супрацоўнікам тых фірм, што сутыкнуліся зь цяжкасьцямі;
- абяцае зрабіць супрацоўнікам з папярэдняга пункту больш гнуткі рэжым працы; прапануе зьнізіць арэндную плату да 90% у гандлёвых цэнтрах, пакуль гэтыя аб’екты ня могуць нармальна функцыянаваць;
- дазваляе крамам па нядзелях, якія забароненыя для гандлю, прымаць, выгружаць і выкладаць на паліцы тавары.
«Колькі прадпрыемстваў зможа захаваць свае дасягненьні, залежыць ад хуткасьці прыняцьця ўрадавай праграмы падтрымкі», — заявіў прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі.
Поўны сьпіс зьменаў можна паглядзець па спасылцы.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ