Былы віцэ-прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн усё бліжэй падыходзіць да таго, каб гарантаваць сваё вылучэньне афіцыйным кандыдатам у прэзыдэнты ЗША ад Дэмакратычнай партыі, паведамляе «Голас Амэрыкі».
Джо Байдэн зь лёгкасьцю атрымаў перамогу ў Флорыдзе, Ілінойсе і Арызоне, што дазваляе яму ўзмацняць ціск на іншага кандыдата ад Дэмакратычнай партыі ЗША Бэрні Сандэрса, з тым каб той спыніў сваю кампанію.
У Флорыдзе Байдэн атрымаў каля 63% галасоў у параўнаньні з 23% у Сандэрса, у Арызоне Байдэна падтрымалі больш за 42% выбарнікаў, Сандэрса — 29%, у Ілінойсе лік быў 59:36 на карысьць Байдэна.
У штаце Агаё органы аховы здароўя 17 сакавіка з прычыны распаўсюду каранавірусу пайшлі на беспрэцэдэнтны крок і закрылі ўчасткі за некалькі гадзін да іх адкрыцьця, адклаўшы праймэрыз да чэрвеня.
Падобна на тое, што Байдэн даволі блізка падышоў да таго, каб забясьпечыць сабе вылучэньне ад Дэмакратычнай партыі. Яму трэба атрымаць у свой актыў менш за палову пакінутых дэлегатаў партыйнага зьезду, каб стаць афіцыйным кандыдатам.
Байдэн ня толькі захаваў сваю папулярнасьць сярод афраамэрыканцаў і пажылых выбарнікаў, якая была адметнай рысай ягонай кампаніі, але і скараціў адставаньне ад Сандэрса сярод гішпанамоўных выбарнікаў, якія раней дапамаглі сэнатару ад Вэрмонту перамагчы ў Нэвадзе і Каліфорніі.
Некаторыя дэмакраты цяпер заклікаюць Сандэрса выйсьці з гонкі дзеля адзінства партыі.
77-гадовы Джо Байдэн, які ўсё жыцьцё займаўся палітыкай, прадстаўляе прагматычны падыход да кіраваньня, у якім робіцца ўпор на сумесную працу дзьвюх партый і памяркоўныя перамены.
78-гадовы Бэрні Сандэрс — дэмакратычны сацыяліст, які на працягу дзесяцігодзьдзяў выступаў за агрэсіўныя лібэральныя зрухі, накіраваныя на трансфармацыю палітычнай і эканамічнай сыстэмаў краіны.