Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьпеў за 40 хвілін да закрыцьця мяжы. Беларус у апошні момант вярнуўся з Гішпаніі


Раман Шаўцоў
Раман Шаўцоў

Раман Шаўцоў скараціў свой адпачынак у Эўропе на тыдзень, страціў 400 эўра і ледзь не захрас паміж Польшчай і Гішпаніяй. Як уцякаў з ахопленай каранавірусам Гішпаніі і Польшчы, якая закрыла свае межы, ён расказаў Свабодзе.

У ноч з 15 на 16 сакавіка футбольны заўзятар Раман Шаўцоў прыехаў аўтобусам у Менск. Перад гэтым апошнія тры дні ён у літаральным сэнсе ўцякаў з Гішпаніі і Польшчы, якія праз каранавірус уводзілі ўсё больш строгія надзвычайныя меры. Маршрут ягонай эвакуацыі быў такі: Мадрыд — Сэвільля — Кракаў — Варшава — Менск.

«Беларускія памежнікі пыталі, ці быў хто ў Італіі, памералі тэмпэратуру і ўсіх адпусьцілі, — кажа Раман. — На пашпартным кантролі я сказаў, што я быў Гішпаніі. Памежніца не напружылася і спытала, як там абстаноўка».

З Раманам размаўляем праз тэлефон. Ён на два тыдні вырашыў самаізалявацца ў Менску.

Пустыя вуліцы ў Сэвільі пасьля таго. як гішпанскі ўрад абвесьціў надзвычайнае становішча ў краіне
Пустыя вуліцы ў Сэвільі пасьля таго. як гішпанскі ўрад абвесьціў надзвычайнае становішча ў краіне

Раман быў Гішпаніі ад 5 сакавіка. У сваім адпачынку ён плянаваў наведаць футбольныя матчы.

«Ужо ў мінулы аўторак, 10 сакавіка, зразумеў, што трэба згортваць адпачынак. У Гішпаніі станавілася ўсё горш і горш», — кажа Раман.

У сераду ён быў у Мадрыдзе і пачаў плянаваць, як яму выбрацца з Гішпаніі. Найбольш аптымальным рэйсам па цане і лягістыцы ён палічыў пералёт Сэвільля — Кракаў. Вылет — у суботу ў 15.40.

«На выпадак, калі б Гішпанія адмяніла авіязносіны, ад Сэвільлі недалёка да партугальскага гораду Фару, — разважаў Раман. — Можна было б туды зьехаць і спрабаваць вярнуцца ў Беларусь».

А Кракаў быў зручны тым, што адтуль ходзіць наўпроставы цягнік да Горадні. Прынамсі ў сераду яшчэ хадзіў.

Потым у пятніцу ва ўсёй Гішпаніі ўвялі надзвычайнае становішча. Зьявілася інфармацыя, што Польшча ўначы з суботы на нядзелю закрывае свае межы і не ўпускае ў краіну іншаземцаў. Адмянілі міжнародныя чыгуначныя зносіны. А таму замест цягніка з Кракава да Горадні Раман набыў квіток на аўтобус з Варшавы да Менску.

У суботу рэйс Рамана да Кракава перанесьлі на тры гадзіны. У выніку ён прыляцеў у Кракаў каля 23.00. У 23.19 ён выйшаў з самалёта.

«Калі б рэйс затрымалі яшчэ на паўгадзіны, я мог бы ня трапіць у Польшчу. Ня ведаю, што са мной было б. Лезьве праскочыў», — кажа Раман.

Аўтобус, на якім ехаў Раман з Варшавы ў Беларусь ужо пасьля таго, як Польшча зачыніла межы
Аўтобус, на якім ехаў Раман з Варшавы ў Беларусь ужо пасьля таго, як Польшча зачыніла межы

Сапраўды, ад поўначы Польшча цалкам закрыла межы. Іншаземцам забаранілі ўезд. А грамадзянаў Польшчы, якія прыбываюць, ад нядзелі зьмяшчаюць у карантын на 14 дзён. Раман пасьпеў трапіць у Польшчу за 40 хвілін да ўвядзеньня гэтых абмежаваньняў.

У нядзелю ўвечары ён трапіў на аўтобус з Варшавы да Менску.

Скасаваны адпачынак каштаваў Раману каля 400 эўра. Згарэлі квіткі на самалёты, аўтобусы і цягнікі і аплата за пражываньне ў гатэлях, куды ён ня трапіць. Плюс квіткі для ягонага вяртаньня ў Беларусь.

«Я больш шкада матчаў, на якія ня трапіў, — адзначае ён. — Ну і мне пагражалі большыя непрыемнасьці, калі б я даўжэй заставаўся ў Гішпаніі».

Беларускія памежнікі, паводле Рамана, пільна ставяцца найперш да тых, хто наведваў Італію.

«Напэўна, пасьля маіх інтэрвію па мяне прыедуць лекары і забяруць у інфэкцыйную лякарню», — жартуе Раман. Хлопец цяпер знаходзіцца дома, ён вырашыў два тыдні правесьці ў самаізаляцыі.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG