Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінспорту патлумачыла, як можна адмовіцца ад турыстычнай пуцёўкі за мяжу і ня страціць грошай


Ілюстрацыйнае фота. У менскім нацыянальным аэрапорце
Ілюстрацыйнае фота. У менскім нацыянальным аэрапорце

Міністэрства спорту і турызму Беларусі патлумачыла, як можна адмовіцца ад турыстычных паездак з прычыны каранавірусу, калі ў турыстаў узьнікаюць асьцярогі, піша БелТА са спасылкай на прэс-службу міністэрства.

Беларускія турысты маюць права зьвярнуцца ў турыстычнае агенцтва, у якім раней набылі пуцёўку, і адмовіцца ад паездкі за мяжу або зьмяніць дату паездкі пры наступных абставінах:

  • у краіне, дзе плянаваў знаходзіцца турыст, дзяржаўныя органы прынялі рашэньне пра закрыцьцё або абмежаваньне наведваньня краіны замежнымі грамадзянамі з прычыны ўведзенага карантыну,
  • у краіне ўведзены рэжым надзвычайнага становішча і інш.,
  • праз адмену авіязносінаў або нейкіх авіярэйсаў у краіну, а таксама іншых прычын турыстычныя паслугі немагчымыя.

Пры ўзьнікненьні такіх абставінаў грошы павінны вяртацца ў поўным аб’ёме, падкрэсьлілі ў Мінспорту. Гэта права гарантаванае ч. 1 арт. 421 Грамадзянскага кодэксу Беларусі, «паколькі абставіны, зь якіх зыходзілі бакі пры заключэньні дамовы аб аказаньні турпаслуг, істотна зьмяніліся».

Такі ж мэханізм ужываецца да краінаў, наведваньне якіх дазваляецца, але маюцца забароны ці абмежаваньні на наведваньне месцаў, прадугледжаных праграмай турыстычнага падарожжа і аказаньне турпаслуг на іншых умовах немагчымае.

Што да паездак у краіны, дзе рэжым пагрозы бясьпекі турыстаў ня дзейнічае, турыст мае права адмовіцца ад пуцёўкі пры ўмове аплаты выканаўцу (турапэратару) фактычна панесеных і дакумэнтальна пацьверджаных выдаткаў, згодна з законам «Аб турызьме» і правіламі аказаньня турпаслуг. Пры адсутнасьці такіх выдаткаў або іх недаказанасьці грошы турыстам павінны вярнуць цалкам.

Калі дата пачатку турыстычнага падарожжа прыпадае на аддаленыя пэрыяды часу (пазьней за красавік 2020 году), Мінспорту рэкамэндуе пачакаць з адмовай ад такіх тураў, «паколькі сытуацыя з распаўсюдам каранавірусу імкліва мяняецца».

Мінспорту наўпрост не рэкамэндавала турыстам адмовіцца ад паездак за мяжу, хоць многія краіны Эўропы ўжо ўвялі забароны на наведваньне турыстамі, а таксама на падарожжы сваіх грамадзян за мяжу. Суседзі Беларусі — Літва, Латвія, Польшча, Украіна — прыпынілі міжнародныя пасажырскія чыгуначныя зносіны, а Расея закрыла мяжу зь Беларусьсю для перасоўваньня людзей.

Папулярны беларускі недзяржаўны турыстычны сайт 34travel 14 сакавіка рэкамэндаваў турыстам адмовіцца ад усіх паездак за мяжу, нават калі «ваш рэйс яшчэ не адменены, а краіна, у якую вы зьбіраецеся ехаць, яшчэ не закрытая для наведваньня».

Што трэба ведаць пра новы каранавірус COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG