Эпідэмія COVID-19 у Вялікай Брытаніі можа патрываць да вясны 2021 году. Пры найгоршым варыянце разьвіцьця сытуацыі могуць заразіцца да 80% насельнікаў краіны, і 15% зь іх (7,9 мільёна чалавек) можа спатрэбіцца шпіталізацыя.
Пра гэта паведамляе The Guardian, спасылаючыся на сакрэтны ўрадавы даклад, падрыхтаваны экспэртамі Нацыянальнай службы аховы здароўя Вялікай Брытаніі. Даклад быў разасланы дырэктарам усіх шпіталяў у краіне і вышэйшаму кіраўніцтву службы.
Паводле Пола Гантэра, прафэсара мэдыцыны з Унівэрсытэту Ўсходняй Англіі, якога цытуе The Guardian, год трываньня эпідэміі каранавірусу «цалкам праўдападобны». Гантэр удакладняе:
«Я думаю, што [вірус] пойдзе на спад летам, пад канец чэрвеня, і вернецца ў лістападзе, як гэта адбываецца са звычайным сэзонным грыпам. Я думаю, што гэта ўжо назаўжды, але зь цягам часу ён будзе станавіцца менш жорсткім, па меры таго, як будзе выбудоўвацца імунітэт».
Станам на 16 сакавіка ў Вялікай Брытаніі зарэгістравалі амаль 1400 выпадкаў заражэньня каранавірусам і 35 сьмерцяў ад яго.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ