Беларусь будзе рабіць неабходныя захады, каб грамадзяне краіны пры жаданьні змаглі вярнуцца з Расеі пасьля закрыцьця мяжы. Пра гэта паведаміла агенцтву «Інтэрфакс-Захад» прэс-сакратарка прэм’ер-міністра Беларусі Аляксандра Ісаева.
«Беларусь будзе рабіць усё неабходнае, каб грамадзяне, якія хочуць вярнуцца ў краіну, у яе вярнуліся», — сказала Ісаева, камэнтуючы магчымыя меры ў сувязі з тым, што Расея 16 сакавіка закрыла мяжу зь Беларусьсю для перамяшчэньня людзей.
Яна таксама паведаміла, што «расейскі бок учора ў рабочым парадку праінфармаваў беларускі бок аб тым, што будуць прынятыя захады ў рамках барацьбы з каранавірусам» і што Беларусь і Расея «дамовіліся каардынаваць свае далейшыя дзеяньні».
Пра магчымасьць закрыцьця мяжы з Расеяй прэс-сакратарка прэмʼер-міністра не згадала. У Дзяржаўным памежным камітэце Свабодзе раней паведамілі, што пакуль ніякіх рашэньняў аб закрыцьці беларуска-расейскага ўчастку мяжы не прымалася.