Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь як Эсўатыні, паміж двума Конга. Дзе ў сьвеце свабодна паводле Freedom House


Выява з дакладу Freedom House «Freedom in the World 2020: A Leaderless Struggle for Democracy»
Выява з дакладу Freedom House «Freedom in the World 2020: A Leaderless Struggle for Democracy»

У штогадовым дакладзе міжнароднай арганізацыі Freedom House аб свабодзе ў сьвеце Беларусь паставілі на 177-е месца з 210 краінаў і тэрыторыяў (28-е з канца месца сярод 195 краінаў).

Сам даклад 2020 году мае падзагаловак «Змаганьне за дэмакратыю бязь лідэраў», на вокладцы — фота пратэстаў у Ганконгу.

Паводле дакладу, ва ўсім сьвеце дэмакратыя цяпер пад ударам, і вынікі відавочныя ня толькі ў аўтарытарных дзяржавах, такіх як Кітай, Расея ці Іран, але і ў краінах з даўнімі традыцыямі павагі да асноўных правоў і свабод чалавека.

Мінулы 2019 год стаў 14-м запар, калі ў сумарны рэйтынг «Дома свабоды» пагаршаўся. Краінаў, якія палепшылі свае пазыцыі, амаль удвая менш за тыя, дзе свабоды стала менш: 37 супраць 64.

Са 195 краінаў (і 15 тэрыторыяў) свабоднымі назвалі 83 краіны (і 1 тэрыторыю), часткова свабоднымі — 63 (і 4), несвабоднымі — 49 (і 1).

Самыя свабодныя

Найбольш свабодныя — Фінляндыя, Нарвэгія і Швэцыя (у іх па 100 балаў: 40 за палітычныя правы і па 60 за грамадзкія свабоды). Сьледам за імі Нідэрлянды (99), Люксэмбург, Уругвай і Канада (па 98), Данія, Аўстралія, Ірляндыя і Новая Зэляндыя (па 97).

🇺🇸 Злучаныя Штаты аднесьлі да свабодных краінаў, але яны ніжэй у рэйтынгу — маюць толькі 86 балаў са 100 (33 за палітычныя правы і 53 за грамадзкія свабоды). За апошнія 10 гадоў ЗША страцілі 8 балаў.

Самыя несвабодныя

Нуль балаў сумарнага рэйтынгу атрымала Сырыя — тры балы за грамадзкія свабоды і мінус тры за палітычныя правы. Адзін бал сумарна набраў Тыбэт, які на тэрыторыі Кітаю. Па два балы маюць Туркмэністан, Эрытрэя і Паўднёвы Судан, тры балы — Паўночная Карэя. Сьледам за імі — акупаваная Марока спрэчная тэрыторыя Заходняя Сахара з 4 баламі.

Усходні Данбас, які на тэрыторыі Ўкраіны і пад кантролем самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР», вынесены ў рэйтынгу ў асобны пункт, і мае пяць балаў (мінус 1 за палітычныя правы, 6 за грамадзкія свабоды), ідзе за Заходняй Сахарай.

Акупаваны Расеяй украінскі Крым прызналі крыху больш свабодным: сумарна 8 балаў (мінус 2 за палітычныя правы, 10 за грамадзкія свабоды).

Беларусь

У рэйтынгу Freedom House Беларусі далі сумарна 19 балаў: 5 за палітычныя правы (столькі ж, колькі ў Арабскіх Эміратаў, Джыбуці ці Расеі) і 14 за грамадзкія свабоды (як у Аўганістане, Іраку або Руандзе).

Беларусь зноў аднесеная да «несвабодных» краінаў. Столькі ж балаў ёй давалі ў дакладзе 2019 году. У 2018-м давалі 21 бал, 2017-м — 20 балаў.

Столькі ж балаў сумарна далі Эсўатыні — каралеўству на поўдні Афрыкі, якое яшчэ нядаўна звалася Свазілэнд — кароль зьмяніў назву, каб ня блыталі са Швайцарыяй. Там менш палітычных правоў (1 бал), але больш грамадзкіх свабод (18 балаў).

Крыху вальней за Беларусь і Эсўатыні у Віетнаме, Расеі і Рэспубліцы Конга (20 балаў), крыху менш свабоды ў 🇨🇩 Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга і Камэруне (па 18).

Да несвабодных адносілі і інтэрнэт у Беларусі — у леташнім рэйтынгу свабоды інтэрнэту Беларусь мела 35 балаў са 100.

Суседзі Беларусі

Самая вольная краіна з геаграфічна блізкіх да Беларусі — Эстонія, якая мае 94 балаў са 100 (38 за палітыку, 56 за грамадзтва) і займае 21-е месца.

Пазыцыі і балы краінаў, якія маюць межы зь Беларусьсю, такія:

  • Расея — «несвабодная», 20 балаў (5 за палітычныя правы, 15 за грамадзкія свабоды), 175 месца сярод краінаў і тэрыторыяў сьвету, балы за год не зьмяніліся;
  • Украіна — «часткова свабодная», 62 балы (27/35), 101-е месца, плюс два балы;
  • Польшча — «свабодная», 84 балы (35/49), 59-е месца, балы не зьмяніліся;
  • Латвія — «свабодная», 89 балаў (37/52), 45-е месца, плюс два балы;
  • Літва — «свабодная», 91 бал (38/52), 40-е месца, балы не зьмяніліся.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG