У Менск з казаскага Ўральску прывезьлі парэшткі пісьменьніка Зьмітрака Бядулі. Ён памёр 3 лістапада 1941 года ў эвакуацыі і быў пахаваны на гарадзкіх могілках. Дзе і калі адбудзецца перапахаваньне на радзіме, пакуль невядома.
У эксгумацыі і дастаўцы парэшткаў задзейнічалі каля 40 чалавек
Парэшткі Зьмітрака Бядулі даставілі з Казахстану ў Менск позна ўвечары 26 лютага. Старшыня Фонду Марыі Магдалены Радзівіл Аляксандар Сапега адразу паведаміў, што ў сувязі з далікатнасьцю пытаньня раскажа ня ўсё. Ён паказаў здымкі з працэдуры эксгумацыі з уральскіх могілак.
«Падмурак помніка быў выкананы ў форме крыжа, сам помнік знаходзіўся ў даволі дрэнным стане. Але была пастаўлена задача захаваць шыльды, літары з надмагільля і прывезьці ў Беларусь, перадаць потым у філіял Музэю гісторыі беларускай літаратуры — «Беларускую хатку».
Падчас эксгумацыі праваслаўны сьвятар адправіў набажэнства. Парэшткі трэба было зьмясьціць у цынкавую труну, здабыць якую было вялікай праблемай — але такія патрабаваньні авіякампаніі. Казаскія ўлады ішлі нам насустрач ва ўсім і дапамагалі ў вырашэньні ўсіх праблем. Усяго ў працэдуры эксгумацыі і дастаўкі праху ў Беларусь было задзейнічана каля 40 чалавек»,— расказаў Аляксандар Сапега.
«Перавезьці прах бацькі на радзіму ўдалося зь сёмай спробы»
Сын пісьменьніка Якаў Плаўнік успамінае, як 78 гадоў таму ў Казахстане хаваў бацьку. Тады яму было 8 гадоў, але ён добра памятае тое пахаваньне:
«Хаваў бацьку ўвесь беларускі тэатар імя Якуба Коласа, які тады быў на гастролях ў Казахстане. Я добра памятаю пастамэнт, абцягнуты чырвонай тканінай, як я караскаўся но той пастамэнт, каб разьвітацца з бацькам, памятаю само пахаваньне на могілках... Было шэсьць спробаў перавесьці прах бацькі ў Беларусь, нічога не атрымлівалася, толькі зь сёмага разу нам удалося гэта зрабіць», — з удзячнасьцю кажа сын Зьмітрака Бядулі Якаў Плаўнік.
«Перапахаваюць Бядулю на тэрыторыі Менску, у вельмі годным месцы»
Аляксандар Сапега падкрэсьлівае, што тут ёсьць два этапы — вяртаньне і перапахаваньне. Першы выкананы. Цяпер прапацоўваюцца ўсе варыянты і сцэнары, вызначаецца месца перапахаваньня. Але пакуль дакладнае месца і часу не назваў.
«Запэўніваю, што перапахаваны Бядуля будзе на тэрыторыі гораду Менску, у вельмі годным месцы», — кажа спадар Сапега.
Дырэктар Дзяржаўнага музэю гісторыі беларускай літаратуры Міхаіл Рыбакоў кажа, што хоць вяртаньнем праху займалася грамадзкасьць, энтузіясты, дзяржава таксама далучаецца да гэтага.
«Вяртаць памяць — справа самой грамадзкасьці. Вядуцца перамовы і з Менгарвыканкамам, і зь Міністэрствам культуры. Уражаньні, што дзяржава не прымае ўдзел, памылковыя: такія сур’ёзныя справы вырашаюцца разам, але робяцца ціха», — дадае Аляксандар Сапега.
Дырэктар Літаратурнага музэю Міхаіл Рыбакоў сказаў, што цяпер у экспазыцыі ёсьць каля 80 экспанатаў, зьвязаных са Зьмітраком Бядулем, і музэй гатовы прыняць рэчы і дакумэнты, прывезеныя з Уральску.
Зьмітрок Бядуля (сапраўднае імя Самуіл Плаўнік) нарадзіўся ў 1886 годзе. Беларускі празік, паэт, мовазнаўца. Найбольш вядомы апавяданьнямі. Перакладаў на беларускую мовы творы Шалом-Алейхама, Тараса Шаўчэнкі. Памёр у 1941 годзе.