У сьпісе беларускіх праваабаронцаў фігуруюць каля 200 беларускіх палітычных вязьняў за часы кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі. Свабода даведалася, як склалася жыцьцё некаторых зь іх пасьля выхаду на волю.
Аляксандар Атрошчанкаў: «Пераменаў ня вытрымала мая сям’я»
Грамадзкі актывіст. На прэзыдэнцкіх выбарах 2010 году зьяўляўся прэс-сакратаром штабу апазыцыйнага кандыдата Андрэя Саньнікава. У зьняволеньні быў з 20.12.2010 да 14.09.2011.
Цяпер яму 38 гадоў. Пасьля вызваленьня працягваў займацца грамадзка-палітычнай дзейнасьцю ў грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь». У яго нарадзіўся сын, «і магчымыя наступствы маёй дзейнасьці ў выглядзе рэпрэсій адбіліся ня толькі на мне, але і на ім». Таму пераехаў у Польшчу. Там нядоўгі час працаваў на сайт «Хартыя'97».
Апошнія пяць гадоў працуе таксістам у Варшаве і супрацоўнічае з сайтам Reform.by i ініцыятывай iSANS, якая займаецца супрацьдзеяньнем гібрыдным пагрозам.
«На жаль, усіх гэтых пераменаў ня вытрымала мая сям'я і мы з жонкай разьвяліся. Фактычна я пачынаў жыцьцё з нуля», — кажа Аляксандар.
Часам удзельнічае ў палітычных мерапрыемствах, бо «справы дыяспары яго ня вельмі цікавяць».
«Я ня думаю, што зьняволеньне неяк асабліва на мяне паўплывала. Гэта былі толькі 9 месяцаў амаль дзесяць гадоў таму. Я не адчуваю сябе шаламаўскім героем, і я ня з тых, хто ўвесь час пра гэта гаворыць. Траўмы ў мяне не засталося. Часам магу пажартаваць на гэтую тэму, але ня больш за тое», — кажа Аляксандар.
Павал Вінаградаў: «Дадалося 30 кіляграмаў»
Грамадзкі актывіст. Быў арыштаваны пасьля акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў 2010 году. У зьняволеньні з 5.01.2011 да 14.09.2011.
«Першае, што стала са мной за гэты час, — дадалося 30 кіляграмаў», — кажа жартам 31-гадовы Павел.
Ажаніўся яшчэ ў калёніі. Год таму ў яго нарадзіўся сын. Пабудавалі з жонкай дом у Бярэзані і пераехалі туды зь Менску.
Некалькі гадоў пасьля калёніі працаваў у грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду». Потым зьмяніў шэраг месцаў працы, у тым ліку рабіў адміністратарам у гульнявой прасторы. Цяпер на выходныя езьдзіць у Менск, каб стрыгчы людзей, і «насалоджваецца жыцьцём».
Удзельнічае ў палітычным жыцьці, але ня так актыўна, як раней. Наведвае буйныя палітычныя мерапрыемствы. Часам расказвае людзям пра іхныя правы падчас палітычнага перасьледу, «калі ўсё стала кепска». Ахвяруе грошы на палітычныя імпрэзы. Азначае сябе як «апазыцыянэра на пэнсіі».
«Зьняволеньне 2011 году — адна з найлепшых рэчаў, якія адбыліся са мной у жыцьці. Я стаў інакш ставіцца да існаваньня. Было весела. Праблемы больш не праблемы, калі ты жывы і на свабодзе. Няма такіх праблем, якія нельга вырашыць. У мяне ў турме было вясельле, яркая і запамінальная падзея. Я ніколі не хацеў вясельля клясычнага, з маршалкам, з кучай родных. А там у стылі мінімімалізму: мы, бацькі, нашы двое сьведак і „вертухаі“. Крута», — кажа Павел.
Яўген Глаголеў-Васьковіч: «Я цяпер хатняя гаспадыня»
Грамадзкі актывіст. Удзельнік Плошчы-2010. Асуджаны за спробу падпаліць у ноч на 17 кастрычніка 2010 году будынак Бабруйскага КДБ. Быў у зьняволеньні з 17.01.2011 да 22.08.2015.
Цяпер яму 29 гадоў. Жыве ў Бабруйску. Раней працаваў у штаце газэты «Бабруйскі кур’ер», цяпер пазаштатны карэспандэнт. Пасьля вызваленьня пазнаёміўся з калегай Александрынай Глаголевай, ажаніўся ў лютым 2016 году. Узяў падвойнае прозьвішча з жонкай. Нарадзілі дзьвюх дачок — Далію (3 гады) і Даніэлу (1 год). Цяпер працуе «хатняй гаспадыняй», даглядае дзяцей.
«Жонка на той момант мела магчымасьць зарабляць больш. Навошта страчваць большы заробак?», — тлумачыць выбар Яўген.
У зьняволеньні навучыўся шыць, працаваць з дрэвам. Цяпер зарэгістраваўся як рамесьнік.
Вядзе палітычную дзейнасьць, але менш, чым раней, бо «дзеці не дазваляюць праяўляць тую актыўнасьць, якую хочацца». У 2017 годзе пасьля пратэстаў недармаедаў атрымаў 15 сутак. Тады арганізатара шэсьця затрымалі прэвэнтыўна, і Яўген узяў на сябе ролю лідэра. Цягам году ў 2017–2018 узначальваў «Малады фронт». Падчас выбарчай кампаніі 2019 году быў трэнэрам назіральнікаў і намесьнікам каардынатара назіраньня.
Мяркуе, што за час зьняволеньня паразумнеў, пачаў больш сур’ёзна ставіцца да ўсяго. Стаў лепш разумець людзей, дзе варта саступіць, а дзе — праявіць ініцыятыву.
«На „крытай“ сядзеў у камэры з аднымі і тымі ж людзьмі, і нікуды ад іх не падзецца. ШЫЗА (штрафны ізалятар. — РС) штомесяц быў як палёгка… Без падтрымкі з волі, калі табе прыносяць больш за ўсіх лістоў, было б даволі цяжка. Шукаў пазытыў. Для мяне знайшлі рэдкія кнігі, якія прасіў: Робэрта Грына «48 законаў улады» і «33 стратэгіі вайны» і маю любімую стратэгічную гульню го, якую цяжка знайсьці ў Беларусі. Засвоіў адно з асноўных правілаў зоны — несьці адказнасьць і ўмець тлумачыць свае дзеяньні», — кажа пра ўплыў зьняволеньня Яўген.
Мікола Дзядок: «Рыхтуюся паступаць у магістратуру»
Анархіст. Затрыманы ў справе аб нападзе на амбасаду Расейскай Фэдэрацыі. У зьняволеньні з 3.09.2010 да 22.08.2015.
Цяпер яму 31 год. Пасьля вызваленьня жыў у Менску, Вільні, Коўне. Цяпер у Любліне рыхтуецца паступаць у магістратуру на кірунак «Блізкаўсходняе дасьледаваньне». Аднавіўся ў ЭГУ і скончыў навучаньне па праграме «Міжнародная палітыка і эканоміка». Працуе журналістам у газэце «Новы час». Вядзе палітычны відэаблог і канал у Telegram. На яго завялі 8 адміністрацыйных спраў за гэты час.
«У палітычным руху не расчараваўся, бо ня меў ілюзій. Трэба разумець, што адразу нічога ня зьменіцца. Ты працуеш на доўгатэрміновую пэрспэктыву і закладаеш падмурак той будучыні, у якой будуць жыць твае нашчадкі», — кажа Мікола.
Мяркуе, што зьняволеньне перафарматавала яго як асобу. Ён стаў больш мудрым, убачыў жыцьцё з тых бакоў, зь якіх раней ня меў магчымасьці. Да таго ж статус палітычнага вязьня даў яму «мэдыйны рэсурс», магчымасьць выказвацца на большых пляцоўках. Адначасова калёнія «моцна ўдарыла па здароўі».
Зьміцер Дрозд: «Напісаў 7 кніг і сотні артыкулаў»
Гісторык-архівіст. У часе выбарчай кампаніі 2010 году быў сябрам ініцыятыўнай групы Андрэя Саньнікава. У зьняволеньні з 19.12.2010 да 13.08.2011.
46 гадоў. Жыве, як і раней, у Менску. Па-ранейшаму мае думкі зьехаць за мяжу з прычыны магчымай «паглыбленай інтэграцыі» з Расеяй. Дасьледуе тэму рэпрэсій, расказвае пра гэта людзям. Шукае інфармацыю ў архівах, піша і выдае кнігі. Пасьля 2011 году выдаў 7 кніг і сотні артыкулаў. У межах «Школы пошуку інфармацыі пра рэпрэсаваных» дапамагае пісаць запыты ў архівы. Пачаў працу над кандыдацкай дысэртацыяй.
Цяпер з палітыкай зьвязаны ня больш, чым да зьняволеньня: «Мой максымум — пракамэнтаваць нейкія навіны ў сацыяльных сетках».
Мяркуе, што зьняволеньне амаль ніяк не паўплывала на ягонае жыцьцё.
«Хіба што дазволіла адчуць на сабе многае з тэмы, якой я займаюся ў тэорыі, — рэпрэсіі, — кажа Зьміцер. — Турмы і зоны цяпер мне крыху больш зразумелыя. Я стаў даволі вядомым у вузкіх колах. Палітычны вязень — гэта пэўны аўтарытэт, вага ў асяродзьдзі апазыцыйных палітыкаў і грамадзкіх актывістаў. Гэта дапамагае падтрымліваць цікавасьць да таго, што я раблю. Часам прымушае прыслухацца да маіх думак…
Усё ж я ня страціў надзею, што застануся ў памяці ня тым фактам, што сядзеў, а плёнам сваёй працы: дасьледаваньнямі, кнігамі, творчасьцю. Наўрад ці лёс склаўся б па-іншаму безь зьняволеньня. Я раблю тое, што рабіў і да 2010 году. Хіба што мог працягнуць свой шлях з больш высокай пазыцыі, чым гэта было б бяз Плошчы-2010».
Аляксандар Малчанаў: «Куля трапіла ў вока»
Грамадзкі актывіст. Працаваў на заводзе, завочна вучыўся. Браў удзел у акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў 19 сьнежня 2010 году. У зьняволеньні з 6.01.2011 да 14.09.2011.
31 год. Пераехаў з Барысава ва Ўкраіну ў 2015 годзе. Купіў кватэру ў Кіеве. Атрымаў украінскае грамадзянства. Служыць ва Ўзброеных сілах камандзірам аддзяленьня. Праводзіць у сярэднім паўгода на фронце, паўгода ў пункце пастаяннага разьмяшчэньня брыгады ў горадзе Белая Царква (Кіеўская вобласьць). Сёлета завочна заканчвае ўнівэрсытэт ва Ўкраіне. Летась куля трапіла Аляксандру ў вока, цяпер бачыць толькі адным.
«Агулам я задаволены жыцьцём. Ва Ўкраіне мне адназначна лепей, чым у Беларусі», — кажа Аляксандар.
Сяргей Марцалеў: «Мяне не хацелі браць нават грузчыкам»
Палітычны актывіст. На прэзыдэнцкіх выбарах 2010 году кіраваў выбарчым штабам Міколы Статкевіча. У зьняволеньні з 23.12.2010 да 16.05.2011.
Яму 42 гады. Жыве ў Менску. Па прафэсіі паліттэхноляг, раней арганізоўваў выбары. Апошні раз — у 2014 годзе. Мяркуе, што ў Беларусі на выбарах можна працаваць толькі на покліч сэрца, бо зарабляць на гэтым складана. Празь зьняволеньне ня меў магчымасьці некалькі гадоў выяжджаць за мяжу, працаваць і разьвівацца прафэсійна. Пасьля ўласнага вызваленьня не зьяжджаў за мяжу, бо чакаў вызваленьня Статкевіча:
«Мой кандыдат у турме — значыць, выбары для мяне яшчэ ня скончаныя». Апошні раз буйны карпаратыўны кліент з Расеі прапанаваў добрую працу ў 2012 годзе, але Сяргей ня мог выехаць, бо яшчэ ня скончыўся ўмоўны тэрмін.
Цяпер ня мае сталай працы. Часам піша экспэртныя ацэнкі, журналісцкія артыкулы для польскіх калег, робіць аналіз палітычных працэсаў у Беларусі.
Моцна пагоршылася здароўе ў апошнія паўтара года.
«Ізалятар дзяржаўнай бясьпекі („амэрыканка“) — гэта набор спэцыяльных фірмовых прыёмаў, каб чалавеку вынесьці мозг, — кажа Сяргей. — За вамі 24 гадзіны назірае відэакамэра і вядзецца аўдыёзапіс. Усё гэта чуюць ня толькі канвойныя, але і псыхіятар, які потым дае ўказаньні сьледчым, на што і як ціснуць у табе.
Гэтая невялікая прыгода засталася са мной назаўсёды. Калі я выйшаў адтуль, я ўжо быў не зусім адэкватным. Гэта псыхатраўма, стрэс, нешта падобнае да тых, хто быў на вайне. Гэта датычыць усіх, хто сядзеў. Безумоўна, гэта непрыемны досьвед».
Пасьля вызваленьня спрабаваў знайсьці працу праз цэнтар занятасьці, але з судзімасьцю яго не хацелі браць нават грузчыкам.
Аляксандар Францкевіч: «Я не карыстаюся мабільным тэлефонам»
Грамадзкі актывіст, анархіст. Быў у зьняволеньні з 3.09.2010 да 3.09.2013. Яго абвінавацілі ў тым, што здымаў на відэа напад на апорны пункт міліцыі ў Салігорску. Гэта была акцыя пратэсту супраць дзеяньняў, якія давялі да самагубства праваабаронцу Яну Палякову. Таксама яго вінавацілі ў нападах на будынкі прафсаюзаў і Генэральнага штабу ў Менску.
У свае 29 гадоў ня мае SIM-карткі і не карыстаецца мабільным тэлефонам дзеля бясьпекі: «Каб ня ведалі, дзе мяне шукаць».
Неўзабаве пасьля вызваленьня пераехаў ва Ўкраіну. Як і ў Беларусі, працаваў праграмістам, распрацоўваў мабільныя праграмы для Apple. У 2019 годзе яго дэпартавалі з Украіны ў Беларусь за тое, што ягоная дзейнасьць нібыта «супярэчыць інтарэсам нацыянальнай бясьпекі Ўкраіны». Цяпер жыве ў Менску, працуе ў той жа кампаніі, што і перад пераездам.
У сваіх палітычных поглядах не расчараваўся, стараецца браць удзел у анархічным руху. Лічыць, што зьняволеньне моцна зьмяняе чалавека, бо тады трэба выжываць па больш суровых правілах. Аляксандар адзначыў уплыў калёніі ў тым, што на тры гады ён страціў магчымасьць разьвівацца прафэсійна як праграміст.
Уладзімер Яроменак: «Пляную застацца ў Вільні»
Палітычны актывіст, маладафронтавец. Удзельнік Плошчы-2010 і справы «Белага легіёну». Быў у зьняволеньні з 20.12.2010 да 13.08.2011.
Яму 29 гадоў. З моманту вызваленьня займаўся рознай працай, у тым ліку рабіў зваршчыкам і цесьляром. Цяпер большую частку жыцьця знаходзіцца ў Вільні. Плянуе знайсьці там сталую працу і застацца жыць.
Лічыць, што зьняволеньне мала паўплывала на жыцьцёвыя выбары. Займаецца цяпер тым, што падабаецца.
«Палітычным жыцьцём я цяпер не жыву, гэта не з прычыны зьняволеньня — так склалася жыцьцё. Трымаю руку на пульсе падзеяў, назіраю. Былых маладафронтаўцаў не бывае. Актыўнага ўдзелу ў грамадзка-палітычным жыцьці не прымаю», — кажа Ўладзімер.