Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перастаньце нас шчаміць, а то сыйдзем на кітайскі рынак, — Лукашэнка пра «гандлёвыя войны» з Расеяй


Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

На сустрэчы з губэрнатарам Архангельскай вобласьці Аляксандар Лукашэнка прыгразіў Расеі пераходам продажу беларускай прадукцыі на іншыя рынкі.

«Мы гандлюем ня толькі ў Расеі, ужо вельмі шмат і ў Эўразьвязе, але яшчэ больш з Кітаем, — перадае БелТА словы Лукашэнкі. — Таму Данкверту трэба сказаць, каб пераставаў нас шчаміць [па-расейску было сказана: «гнобить». — РС], а то мы сыйдзем проста на кітайскі рынак».

Кітай — трэці гандлёвы партнэр Беларусі паводле аб’ёмаў пасьля Расеі і Ўкраіны (аб’ёмы гандлю Беларусі з Кітаем — як з Латвіяй, Літвой і Польшчай, разам узятымі). За 2019 год таваразварот Беларусі з Кітаем склаў 4,47 млрд даляраў, з Расеяй — 35,55 млрд даляраў.

Сумарна аб’ёмы гандлю з Расеяй за 2019 год амаль не зьмяніліся, але экспарт у Расею вырас на 4,5%, а імпарт адтуль упаў на 2,8%. З Кітаем істотна вырас і экспарт (на 40,2%), і імпарт (на 20,7%), але пры гэтым Беларусь у грашовым выражэньні купляе з Кітаю ў 5,6 раза больш, чым прадае (імпарт з Расеі большы за экспарт у 1,6 раза).

Сяргей Данкверт — кіраўнік Рассельгаснагляду. Супраць яго ў 2017 годзе Лукашэнка загадаў распачаць крымінальную справу за перашкоды пастаўкам беларускіх харчоў. Сам Данкверт, як і Лукашэнка, тады згадваў арышт у Беларусі ў 2013 годзе гендырэктара «Ўралкалію» Ўладзіслава Баўмгертнэра. Але ў выпадку Данкверта далей за пагрозу справа не пайшла.

Расея часта выказвае прэтэнзіі да якасьці беларускай малочнай і мясной прадукцыі і праз Рассельгаснагляд уводзіць абмежаваньні на пастаўкі харчоў зь беларускіх прадпрыемстваў. Беларускі бок называе расейскія прэтэнзіі (якія тычацца ня толькі якасьці прадукцыі, але і незаконнага рээкспарту) неабгрунтаванымі.

Прычыны «малочных войнаў» нярэдка называлі палітычнымі. Ідуць спрэчкі і пра пастаўкі зь Беларусі ў Расею прадуктаў, вырабленых у Эўропе і забароненых для ўвозу ў Расею праз санкцыі, у тым ліку «беларускіх» крэвэтак, шампіньёнаў, манга і папаі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG